Вы тут

Інтэрнэт-банкінг для пажылой мамы і не толькі


Як пазбегнуць наведвання аддзялення банка старымі бацькамі? Як зберагчы іх ад лятаючага віруса? Што рабіць, калі неабходна здзейсніць тую ці іншую фінансавую аперацыю, а на кожным кроку раяць пазбягаць месцаў масавага збору людзей.


Скрыншот з сайта belarusbank.by.

Ёсць простае рашэнне. Вы можаце здзяйсняць дыстанцыйна ўсе неабходныя плацяжы: аплату камунальных паслуг, інтэрнэту, тэлефона, перавод грошай з карткі на картку і нават афармленне банкаўскага прадукту — адкрыццё дэпазіту або куплю бездакументарных аблігацый. Так, усё новае складанае, але не трэба яго баяцца, і ўсё атрымаецца, — менавіта гэта трэба патлумачыць вашым немаладым, але самастойным сваякам.

Запомніць лагін і пароль

Цяпер ва ўсіх без выключэння ёсць банкаўская картка. Як правіла, у выпадках з пенсіянерамі, гэта «пластык» Беларусбанка. З дапамогай карткі можна амаль усё аплаціць у інфакіёсках. Пры наяўнасці камп'ютара або мабільнага інтэрнэту на смартфоне ўсё гэта можна рабіць у сябе дома.

Для ўваходу ў сваю сістэму інтэрнэт-банкінгу трэба ўсё ж такі прыйсці ў сваё аддзяленне і зарэгістравацца з дапамогай супрацоўніка банка ці кагосьці з маладых сваякоў. Спецыяліст растлумачыць спецыфічныя патрабаванні да лагіна і пароля — у кожнага банка яны свае.

Гэтыя два наборы літар і лічбаў (часам уперамешку і з рознымі рэгістрамі) трэба запомніць, у крайнім выпадку запісаць у патаемным месцы. Той жа супрацоўнік выдасць вам пластыкавую картку кодаў. Пасля набору лагіна і персанальнага пароля на маніторы (або на смартфоне) высвеціцца лічба ад 1 да 40. Менавіта пад гэтым нумарам трэба шукаць на картцы адпаведны код, які складаецца ўжо з чатырох знакаў (часцей лічбаў).

Гэты самы код з карткі трэба ўводзіць дастаткова смела (то-бок хутка), бо ён дзейнічае на працягу адной хвіліны. Але пры гэтым — вельмі ўважліва: пры трохразовым напісанні няправільнай камбінацыі лічбаў сістэма банкінгу зачыніцца. Каб яе зноў адкрыць, давядзецца зноў ісці ў банк або тэлефанаваць туды і называць сакрэтнае слова. Карацей, лішні клопат.

Перад аплатай варта падрыхтавацца

Перш чым адказаць на пытанне, як аплаціць, трэба пазначыць асноўныя звесткі, неабходныя для ажыццяўлення аплаты камунальных паслуг. Па-першае, трэба адшукаць на пяпаровай «жыроўцы» нумар плацельшчыка і асабісты рахунак абанента. Калі з нумарам плацельшчыка паўстануць праблемы, то пажадана патэлефанаваць спецыялісту па камунальных разліках — тэлефон яго прысутнічае ў «жыроўцы». Затым здабываюцца паказанні лічыльнікаў, а таксама адрас і прозвішча плацельшчыка (чалавека, на якога зарэгістравана жыллё).

Дапусцім, мы зайшлі ў праграму свайго банка і шукаем нешта накшталт пункта «Аплата паслуг» — там і будзе АРІП. З 2018 года схема наступная: выбіраем спачатку раздзел «Камунальныя плацяжы», далей падкатэгорыю ЖКП («Жыллёва-камунальныя паслугі»), потым рэгіён, а затым канкрэтную паслугу. Стоп.

Для прыкладу разбяромся з «камуналкай» для сталіцы. У выпадку з Мінскам бачым цэлыя чатыры радкі. Гэта пералік катэгорый і падкатэгорый паслуг, зарэгістраваных у АІС «Разлік». У гэтай сістэме сродкі пералічваюцца на падставе патрабаванняў да аплаты, у якіх камунальныя службы перадаюць інфармацыю па асабістых рахунках. «Гэта значыць, што адзін асабісты рахунак па камунальных плацяжах можа праходзіць па паслузе «Плацяжы праз ЦІТ (Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама. — Аўт.)», іншы — па паслузе «Камунальныя плацяжы АІС Разлік-ЖКП». Паслугі адрозніваюцца па опцыях аплаты, а таксама па атрымальніках плацяжу», — тлумачаць у кантакт-цэнтры АРІП.

Далей бачым яшчэ тры катэгорыі: «Камунальныя плацяжы АІС Разлік ЖКП», «Плацяжы ТУ (таварыства ўласнікаў. — Аўт.) / ЖБВК АІС Разлік-ЖКП» і «Плацеж праз ЦІТ». Выбіраем адну з першых дзвюх — і ўводзім нумар асабістага рахунка з квітанцыі. Аплата прайшла? Добра. Калі не, то выбірай другую катэгорыю. У АРІП тлумачаць, што зразумець «сваю» катэгорыю лягчэй эмпірычным шляхам. Яшчэ можна патэлефанаваць у АРІП, назваць нумар асабістага рахунку — і там адразу падкажуць шлях для аплаты.

Пры аплаце «камуналкі» ўсплывуць графы пра нейкія паказанні лічыльнікаў, прычым некаторыя ўжо будуць запоўненыя — гаворка пра ваду. У графе «Лічыльнік 1 — бягучае значэнне» ўводзім тое, што бачым на лічыльніку з халоднай вадой. Тое ж самае з другім «бягучым значэннем» — гэта вада гарачая. А наогул, куды якую лічбу ўпісаць, будзе зразумела з папярэдняга значэння: халоднай вады, як правіла, нацякае значна больш.

Кароткі парадак аплаты камунальных паслуг у сістэме «Разлік» (АІС АРІП)

  1. Увайсці ў інтэрнэт-банкінг «Беларусбанк».
  2. Выбраць раздзел «Плацяжы і пераводы».
  3. Увайсці ў АРІП (сістэма «Разлік»).
  4. Націснуць кнопку «Новы плацеж» (або «Плацеж»).
  5. Выбраць населены пункт (тэрытарыяльную прыналежнасць): вобласць — раён — горад (вёску) ці адразу горад.
  6. Выбраць раздзел «Камунальныя плацяжы».
  7. Выбраць плацежную картку (калі іх некалькі), з якой будзе ажыццёўлены плацеж.
  8. Запоўніць усе палі.
  9. Націснуць кнопку «Аплаціць».
  10. Захаваць плацеж.

Дапусцім цяпер, мы забыліся пра электраэнергію. Ідзём у АРІП і пачынаем спачатку. Выбіраем «Камунальныя паслугі», потым — «Электра-, цеплазабеспячэнне», патрэбны горад (напрыклад, Мінск), затым «Мінскае МРА» — «Электраэнергія». Сюды ўводзім нумар абанента. Даведацца яго няцяжка — трэба патэлефанаваць у даведачную «Энергазбыту», назваць свой адрас і ў адказ атрымаць патрэбную камбінацыю лічбаў.

З газам гісторыя асобная. Калі ў кватэры ёсць лічыльнікі, то даводзіцца плаціць асобна. Ідзём у «Камунальныя паслугі», затым «Газазабеспячэнне», выбіраем рэгіён і «Газ» (для Мінска). Сюды ўводзім асабісты рахунак, паказаны на вашу кватэру. Калі лічыльніка няма, усё, у прынцыпе, яшчэ прасцей: плата за газ уключана ў адну «вялікую» квітанцыю. Каб аплаціць асобную квітанцыю для ТУ, у дрэве АРІПА трэба знайсці «Таварыства ўласнікаў». Далей горад (напрыклад, Мінск), раён — і выбіраем са спісу адрасоў той, дзе зарэгістравана патрэбнае ТУ.

Пры наступных аплатах лепш выкарыстоўваць раздзелы «Апошнія аплачаныя» і «Гісторыя плацяжоў». Так не давядзецца зноў выбіраць паслугі па дрэве паслуг АРІП.

Аплата хатняга тэлефона выклікае цяжкасць толькі першы раз. Трэба выбраць раздзел «Плацяжы і пераводы», затым «Тэлефанія», рэгіён, увесці нумар тэлефона па падказцы. Для аплаты сотавай сувязі трэба ўвайсці ў сістэму «Разлік», затым выбраць «Пошук паслуг», «Дрэва АРІП» і «Мабільная сувязь». Там пазначаем свайго аператара і ўпісваем свой нумар сотавага.

Як бачым, усё не так страшна і складана. Пераканацца ж у гэтым на практыцы можна, толькі паспрабаваўшы самому. Так што поспехаў!

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: belarusbank.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.