Вы тут

Румас: Беларусы хочуць справядлівую цану на газ


Аб гэтым заявіў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас пасля нарады ў Прэзідэнта. Працоўная сустрэча адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці. Сярод парадку нарады — сітуацыя з дзярждоўгам, інвестыцыі міжнародных банкаўскіх структур. Перадусім Прэзідэнт пацікавіўся станам эканомікі краіны па выніках чатырох месяцаў бягучага года.


«Драйверы росту» за чатыры месяцы — сельская гаспадарка, будаўніцтва, ІТ-галіна ў сферы паслуг

Пасля ўжо ў размове з журналістамі Сяргей Румас адзначыў, што «драйверамі росту» за чатыры месяцы засталіся сельская гаспадарка, будаўніцтва, ІТ-галіна ў сферы паслуг. Іншыя галіны ў пэўнай ступені былі закрануты крызіснымі з’явамі з-за пандэміі. «Прамысловасць знізіла тэмпы на адзін працэнт, таксама сярод найбольш пацярпелых — грамадскае харчаванне, турыстычная галіна, некалькі знізіўся рознічны тавараабарот. Але ўсе гэтыя падзенні былі прагназуемыя ўрадам», — паведаміў прэм’ер-міністр, дадаўшы, што лічбы па красавіку не будуць істотна змяняцца за пяць ці шэсць месяцаў.

Па яго словах, урад разлічвае, што з ліпеня эканоміка ў пацярпелых галінах пачне наганяць і дабаўляць. А ад прамысловасці росту чакаюць з чэрвеня.

Другі пакет мер падтрымкі будзе арыентаваны канкрэтна на дапамогу грамадзянам

Кіраўнік краіны вярнуў ва ўрад другі пакет мер падтрымкі эканомікі. «Патрабаванне кіраўніка краіны, каб ніякая падтрымка на месцах не распаўсюджвалася без удзелу мясцовых органаў улады. Таму мы бачым, як дапрацаваць гэты пакет мер падтрымкі і, сапраўды, гэта сумленная заўвага. Губернатары гатовыя ўзначаліць гэту працу і, адпаведна, несці адказнасць за вынікі, бо яны лепш бачаць, якія прадпрыемствы і сектары маюць патрэбу ў падтрымцы», — падкрэсліў Сяргей Румас. 

Другі пакет мер падтрымкі, які дапрацоўваецца ва ўрадзе, будзе арыентаваны канкрэтна на дапамогу грамадзянам. Паводле інфармацыі прэмъер-міністра ў пачатку наступнага тыдня дапрацаваны дакумент будзе ўнесены ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

Урад прапанаваў тым, хто працуе ва ўмовах няпоўнай занятасці і ў каго заробкі аказаліся менш за мінімальныя, за кошт бюджэту зрабіць даплату.

Нязменным застанецца і патрабаванне Прэзідэнта захаваць працоўныя калектывы і жыццяздольнасць прадпрыемстваў. Калі адкрыюцца рынкі, яны будуць гатовыя запоўніць патрэбы ў прадукцыі.


За чатыры месяцы рэспубліканскія і мясцовыя бюджэты выкананы з прафіцытам

У адобвух выпадках ён складае 600 мільёнаў рублёў. «Гэта кажа пра тое, што расходы і даходы бюджэтаў збалансаваны. І сёння Рэспубліка Беларусь цалкам і ў тэрмін разлічваецца па ўсіх знешніх займах. Адзінае — зменіцца структура гэтых займаў. Мы больш разлічвалі на прыцягненне сродкаў ад размяшчэння еўрааблігацый, але сёння сітуацыя на рынках капіталу не такая спрыяльная, — дадаў Румас. — Але ў нас ёсць іншыя крыніцы, і ўсе абавязкі краіны, якія прыходзяцца на пагашэнне ў 2020 годзе, будуць выкананы безумоўна і ў тэрмін».

Як расказаў Сяргей Румас, наконт крэдыта МВФ, зараз ідзе работа з дакументамі.

«Па тэрмінах пакуль не магу сказаць, але тое, што ўсе перамоўшчыкі знаходзяцца на пастанным кантакце, зразумела, дыстанцыйным, ва ўмовах пандэміі. Гэта я магу падцвердзіць. І тут у нас усё рухаецца пазітыўна», — запэўніў беларускі прэм’ер.


«У нас вялікія шансы дамовіцца пра справядлівую цану на газ для Беларусі на 2020 год»

На нарадзе Прэзідэнт звярнў увагу на аспект, які назваў «вельмі важным, практычным пытаннем». Па яго інфармацыі, Расія прадае прыродны газ Еўропе па цэнах да 70 долараў (за тысячу кубаметраў). «65–68 долараў, але ніяк не 127, як для Беларусі. Якая тут сітуацыя, абстаноўка, на што мы можам разлічваць у будучыні. Я гэтае пытанне завастраў, вы памятаеце, на відэаканферэнцыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. У найбліжэйшы час у нас таксама адбудзецца ў такім жа фармаце канферэнцыя, і хацелася б ведаць, што на сёння зроблена па зніжэнні кошту на прыродны газ для Беларусі», — сказаў Прэзідэнт.

На пытанне журналістаў, ці збіраецца беларускі ўрад весці прапановы з расійскім бокам пра меншыя кошты за газ, прэм’ер-міністр удакладніў, што размова не пра тое, каб плаціць менш, а пра тое, каб плата была справядлівай.

«Мы хацелі б плаціць за газ па справядлівым кошце, не „менш“. І сёння ў нас ёсць усе падставы паказаць на лічбах, што цана 127 (долараў за тысячу кубаметраў — „Зв.“) — яна па даходнасці для Газпраму перавышае даходнасць яго паставак у краіны дальняга замежжа, — сказаў Сяргей Румас. — Мы сёння нават кажам пра тое, што беларусы не хочуць ніякай „ільготнай“ цаны. Беларусы не хочуць ніякай „расійскай“ цаны. Беларусы хочуць справядлівую цану па сутнасці, якая забяспечвае даходнасць для Газпраму такую ж, як пастаўкі на іншыя краіны».

У цане, пра якую ідзе размова, няма ніякай «інтэграцыйнай» скідкі ці то ў Саюзнай дзяржаве, ці то ў ЕАЭС, патлумачыў прэм’ер.

«Спотавыя пастаўкі праходзяць па цане 80 долараў за тысячу кубаметраў. Сапраўды, сёння цэны ў параўнанні з тымі, калі мы адпрацоўвалі гэты кантракт у канцы 2019 года, значна ўпалі, і я спадзяюся, што гэтыя нашы аргументы будуць пачутыя расійскім бокам», — дадаў Сяргей Румас.

Ён праінфармаваў, што на май запланаваны поўнафарматныя перагаворы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сямашкі з кіраўніцітвам Газпрама.

«Я лічу, што ў нас вялікія шанцы дамовіцца пра справядлівую цану на газ для Рэспублікі Беларусь на 2020 год», — падзяліўся прэм’ер.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».