Вы тут

Галоўнае — не забыцца ні пра кога. Гэтым прынцыпам кіруецца ў рабоце народны абраннік, завуч магілёўскай СШ № 34 Галіна Бяляева


Не так даўно да дэпутата Магілёўскага гарсавета Галіны Бяляевай паступіў сігнал, што на адных мясцовых могілках заўважана закінутае пахаванне ветэрана вайны. Нягледзячы на тое, што на тым месцы стаіць помнік і ёсць нават фотаздымак, там пачалі складзіраваць смецце. Фарба на агароджы абсыпалася, усё зарасло пустазеллем і кустоўем. Ці можна было застацца ўбаку ад ўсяго гэтага?


Разам са старшынёй ТБМ Алегам Дзячковым быў наведзены парадак на магіле ветэрана.

— Я паралельна ўзначальваю каардынацыйны савет, куды ўваходзіць некалькі дзясяткаў грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, мы з імі пастаянна на сувязі, — кажа Галіна. — Гэтым разам я патэлефанавала Алегу Дзячкову, які ўзначальвае ў нас у горадзе Таварыства беларускай мовы. Нас з ім яднае любоў да спадчыны і беражлівыя адносіны да культурных аб'ектаў і месцаў памяці. Мы не толькі навялі парадак на магіле і пафарбавалі агароджу, але зараз яшчэ і шукаем інфармацыю аб баявым шляху ветэрана. Магчыма, потым яшчэ і даследчую работу зробім пра жыццё і баявы подзвіг гэтага чалавека.

Наогул тэма вайны для Бяляевай архіважная. Мы ўжо пісалі пра тое, як яна стварыла са сваімі памочнікамі са школы электронную інтэрактыўную карту па абароне Магілёва. Цяпер карта ўдакладняецца і абнаўляецца. Гэты праект настаўніца гісторыі рэалізуе разам з гарвыканкамам і абласным пошукавым клубам «ВІККРУ». Карта стане больш насычанай, інфармацыйнай і максімальна дакладнай на цяперашні час. Да яе зробяць базу даных, якая будзе складацца з больш чым пяці тысяч новых імёнаў абаронцаў Дняпроўскага рубяжа, устаноўленых апошнім часам пошукавікамі і іх нязменным кіраўніком Мікалаем Барысенкам.

Суразмоўніца кажа, што ёй вельмі дапамагае вопыт, атрыманы пры напісанні кнігі «Кастрычніцкі раён горада Магілёва 1962—2019 гады» ў суаўтарстве з Віктарам Клімковічам і Казімірам Сяліцкім. Работа працягвалася два гады і завяршылася ў канцы мінулага года. У кнігу ўвайшла гісторыя стварэння раёна, інфармацыя пра тых людзей, якія стаялі каля яго вытокаў. Эканоміка, культура, ахова здароўя, спорт і гэтак далей — усё гэта паслядоўна выкладзена на 160 старонках. Свайго роду летапіс роднага раёна. Памяць пра тых, хто займаўся яго развіццём.

Маскі, піцы, абеды...

Вельмі шмат што залежыць ад чалавека з арганізатарскімі здольнасцямі, асабліва ў гэты эпідэміялагічна неспрыяльны час. Актыўная дэпутатка паспела паўдзельнічаць і ў забеспячэнні медыкаў маскамі. Яна не пакінула без увагі заклік начальніка аддзела па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Таццяны Кандрацьевай падтрымаць гэты працэс, данесла прапанову да калег па сваёй школе. На той момант яшчэ ішлі канікулы і можна было прысвяціць важнай справе некалькі гадзін свайго часу. Нехта шыў маскі дома, нехта непасрэдна ў школе. Усяго толькі адной 34-й школай было зроблена каля 900 масак для Магілёўскай бальніцы № 1.

Пра дабрачынныя абеды кавярні Мяса&Лаваш мы ўжо таксама пісалі. Галіна Бяляева, дарэчы, мае да іх дачыненне. Яна мабілізавала сваіх знаёмых, калег, дэпутатаў, і ўсе яны падтрымалі добрыя пачынанні прадуктамі. Сабралі і перадалі некалькі мяхоў бульбы, гародніну, купілі мяса. А хутка да акцыі далучацца яшчэ тры школы, з кіраўніцтвам якіх Галіна ўжо правяла перамовы. А яшчэ яна дапамагла магілёўскай кавярні «Пармезан» зрабіць добры жэст і падтрымаць працу медыкаў смачнымі піцамі. Яна высветліла, што часцей за ўсё гарачымі абедамі дапамагаюць непасрэдна тым, хто займаецца лячэннем, а вось брыгады, якія прынялі выклік і давезлі хворага да месца прызначэння, часта застаюцца па-за межамі ўвагі. Дэпутатка тут жа правяла перамовы з галоўным урачом Магілёўскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Сяргеем Карунным і высветліла, хто больш за ўсіх загружаны і каму лепш адрасаваць дапамогу. Кавярня «Пармезан» за свой кошт на працягу амаль тыдня забяспечвала медыцынскія брыгады смачнымі піцамі і гэтым падымала работнікам настрой.

— Я проста кіруюся тымі запытамі, якія да мяне паступаюць, — сціпла кажа пра ўсе гэтыя дабрачынныя справы Галіна. — Насамрэч добрых і спагадлівых людзей шмат. Але яны не заўсёды ведаюць, як дапамагчы. І я бяру арганізацыйныя пытанні на сябе — тэлефаную, каардыную, кантралюю працэс. Супакойваюся толькі тады, калі мэта дасягнутая.

Толькі тады цябе будуць ведаць у твар

— Фізічна я не магу пазнаёміцца з кожным, хто за мяне прагаласаваў, бо гэта амаль шэсць тысяч жыхароў маёй акругі. Але я адсочваю тых, хто да мяне звярнуўся, — кажа Галіна. — Калі гэта пенсіянеры, я ім патэлефаную нават пасля таго, як іх праблемы вырашыліся. Мне трэба ведаць, што яны не адзінокія, што ў іх ёсць памочнікі, якія і ў краму сходзяць, і лекі прынясуць. Вядома, лягчэй працаваць, калі ў доме жыве актыўны чалавек, які ў курсе праблем усіх жыхароў. Ён заўсёды праінфармуе, падкажа. Галоўнае, каб ён жыў грамадскімі інтарэсамі, а не толькі сваімі. Плённая работа вядзецца з прафсаюзамі, Беларускім саюзам жанчын, «Белай Руссю», членам якіх я з'яўляюся. Разам ладзяцца сумесныя акцыі, робяцца добрыя справы. Потым я рассылаю справаздачы калегам па школах. А можа нехта таксама падтрымае?

Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі народная абранніца разам з дэпутатам гарсавета Людмілай Ільінскай арганізавала прыборку месца абароны Магілёва — супрацьтанкавага рова ў Казіміраўцы. Усе думалі, што гэта проста канава і засыпалі яе розным смеццем. Да акцыі далучыліся камунальнікі, пошукавікі клуба «ВІККРУ» і магіляўчане, якім таксама не абыякавы лёс роднага горада.

— Толькі сваім прыкладам можна кагосьці зацікавіць і падахвоціць да дзеянняў, — лічыць суразмоўніца. — Гэта асабліва важна, калі справа датычыцца памяці. Ёсць тыя, каму мы абавязаны жыццём, краінай, нашым агульным будучым. І пра гэта мы абавязкова павінны памятаць.

Каб быць незалежнымі, трэба памятаць

«Сцяна Памяці» ў Вендаражскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе з фотаздымкамі тутэйшых уражэнцаў-франтавікоў, курган Славы ў вёсцы Дубінка, дзе 18 лютага 1943 года карнікі спалілі 186 мірных жыхароў, мемарыял у вёсцы Благавічы, дзе ў брацкай магіле ляжаць загінулыя ў няроўным баі пры абароне студэнты Магілёўскага педынстытута — байцы камсамольскага знішчальнага батальёна. Воінскае пахаванне каля вёскі Дашкаўка: тут у адной магіле з усімі пахаваны 19-гадовы узбек кулямётчык Шадзі Шаімаў, які пасмяротна атрымаў ордэн Леніна і Залатую Зорку за подзвіг пры вызваленні раёна ў ліпені 44-га — усе гэтыя памятныя мясціны Магілёўскага і Чавускага раёнаў наведаў у перадсвяточныя майскія дні член Савета Рэспублікі, прарэктар МДУ імя А. Куляшова Алег Дзячэнка, каб разам са сваімі выбаршчыкамі і прадстаўнікамі мясцовай улады аддаць даніну павагі ўсім тым, хто не вярнуўся з вайны.

— Маральны абавязак кожнага — заўсёды памятаць пра гэтыя і тысячы іншых трагедый Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыў ён падчас мітынгу каля мемарыяла ў вёсцы Благавічы. — Памяць пра нашых землякоў, якія зрабілі неацэнны ўклад у перамогу савецкага народа над фашызмам, не гасне з гадамі — яна перадаецца з пакалення ў пакаленне, дапамагае выстаяць у любых выпрабаваннях, натхняе на новыя здзяйсненні, прымушае яшчэ больш цаніць і абараняць суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям' я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям' я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.