Вы тут

Чараўніцтва Выганашчанскага заказніка. Каб бязвізавы турыст захацеў прыехаць да нас, яго трэба спярша зацікавіць


Як наведаць славутасці Брэсцкай вобласці, не прыязджаючы сюды? Часткова задачу вырашыць партал «Брэсцкая вобласць: турызм, адпачынак, шопінг, забавы», які пачаў працаваць у канцы мінулага года. Дастаткова зайсці на сайт bresttravel.by, і можна любавацца, напрыклад, прыгажосцю Выганашчанскага заказніка з аднайменным возерам, блукаць па балотах Палесся, разглядаць Ружанскі і Косаўскі палацы.

 


Месца для самаізаляцыі

Карыстальнікі могуць знайсці тут інфармацыю пра гарады і раёны вобласці, аб'екты размяшчэння і харчавання, даведацца пра санаторыі і аграсядзібы, цікавыя турыстычныя маршруты. Асобны раздзел прысвечаны бязвізаваму наведванню рэгіёна. Партал разлічаны на замежных турыстаў, найперш з Польшчы, Германіі, Расіі, Літвы. Ну і вядома, суайчыннікі знойдуць шмат новага, яшчэ раз, магчыма, нечакана адкрыюць для сябе Беларусь.

Інтэрнэт-рэсурс распрацаваны па заказе ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама. Яго аўтарамі выступілі спецыялісты Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без меж». Асобныя матэрыялы сайта прысвечаныя многім нашым славутасцям.

Напрыклад, заказнік «Выганашчанскае» аўтар рэпартажу Сяргей Плыткевіч называе ідэальным месцам для самаізаляцыі. Ён жа прапаноўвае гатовы маршрут для невялікіх кампаній, якія любяць дзікую прыроду. Далей — здымкі ваколіц маляўнічага Выганашчанскага возера, пейзажы, якія зачароўваюць цішынёй, велічнасцю, прасторамі. Ну і, вядома, багаты раслінны ды жывёльны свет заказніка. Тут водзяцца рэдкія птушкі, напрыклад барадатая няясыць. Яна сядзіць у гняздзе, падобным на скрыню, якое зрабілі для яе супрацоўнікі заказніка, і нярэдка трапляе ў кадр аматараў і прафесіяналаў фотасправы. А Надліўская града — лясны востраў сярод балота — прываблівае экстрэмалаў. Частка экасцяжыны праходзіць па гаці. Тэхналогія пракладкі гаці ідзе з глыбокай старажытнасці, палешукі даўным-даўно пачалі рабіць дарогі на балотах. Ёсць тут і дрэвы з незвычайнымі каранямі, што тырчаць над зямлёй, нібы ногі... Паглядзіш на гэта, і ўжо хочацца пабыць там, паблукаць паміж волатамі-дрэвамі.

Чалавек — энцыклапедыя Палесся

Хто жадае адкрыць для сябе Палессе, мусіць прачытаць пра яго нястомнага рупліўца і захавальніка Аляксея Дуброўскага. Відаць, ніхто не зрабіў столькі для папулярызацыі гісторыі палескага краю, для адкрыцця новых імёнаў і падзей, увекавечання памяці крыжамі, мемарыяламі, памятнымі дошкамі, як ён. А яшчэ шмат чаго выратаваў ад знішчэння і заняпаду. Аляксей Дуброўскі вывучыў і абгрунтаваў стварэнне цэлага шэрагу палескіх заказнікаў рэспубліканскага значэння і тым самым выратаваў ад знішчэння 62 тысячы гектараў палескіх балот. Спораўскае — адно з іх, цяпер яно вядомае ў свеце як заказнік «Спораўскі». А Качай-балота ў Ганцавіцкім раёне дзякуючы Дуброўскаму стала заказнікам «Падвялікі мох». Пра ўсё гэта можна прачытаць на новым багата ілюстраваным сайце. А прачытаўшы, вы захочаце і пабываць у неверагодных мясцінах, якія захавалі шмат чаго ледзь не з часоў Герадотавага мора. Распрацоўшчыкі партала на гэта і разлічвалі.

— Работа над дапаўненнем, удасканаленнем сайта вядзецца пастаянна — расказаў карэспандэнту МС загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Дзяніс НІКІЦЮК. — Цяпер вядзецца пераклад матэрыялаў на англійскую, нямецкую, польскую мовы.

Патэнцыял для развіцця

Цяпер тая частка турыстычнай галіны, якая арыентаваная на экспарт паслуг, па вядомых прычынах узяла паўзу. Але ж прыйдзе час, і ўсё запрацуе зноў. Таму варта аглянуцца на вынікі, вызначыць арыенціры для работы. Можна казаць, што сфера турызму ў Брэсцкай вобласці мае значны патэнцыял для развіцця, да пачатку гэтага года назіраўся ўстойлівы рост. Можна прывесці такія лічбы: летась рэгіён наведалі 1 мільён 333 тысячы турыстаў, з іх крыху больш за 280 тысяч — замежныя грамадзяне з 80 краін свету. Экспарт турыстычных паслуг склаў 16,8 мільёна долараў ЗША.

Агульная колькасць аб'ектаў аграэкатурызму дасягнула 388. Паслугамі аграсядзіб скарысталіся больш за 80 тысяч турыстаў. З іх амаль 25 тысяч — грамадзяне іншых краін. Варта адзначыць, што ў вобласці, дакладней, у раёнах, якія ўваходзяць у турыстычную зону «Брэст», апошнім часам адкрыта амаль 400 новых аб'ектаў турыстычнай індустрыі, з іх 299 гандлёвых аб'ектаў, 13 аб'ектаў размяшчэння, 82 аб'екты грамадскага харчавання. У 37 магазінах рэгіёна ёсць магчымасць афармлення куплі па сістэме Tax Free. З прычыны павышэння інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёна ўзрасла актыўнасць малога і сярэдняга бізнесу ў развіцці інфраструктуры. Бязвізавы рэжым стаў імпульсам для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па ўзвядзенні гасцініцы Hampton by Hіlton, што дазволіла Брэсту стаць першым абласным цэнтрам краіны, у якім з'явілася сеткавая гасцініца буйнога міжнароднага брэнда. Цяпер працягваецца будаўніцтва двух турыстычных комплексаў: адзін з іх інвестар узводзіць у Брэсцкім раёне, другі — у Баранавіцкім.

Новыя магчымасці

Як вядома, з 10 лістапада мінулага года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта № 300, які аб'яднаў бязвізавыя тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Тэрмін бязвізавага знаходжання з мэтай турызму павялічаны да 15 сутак для грамадзян 73 краін. Вельмі карыснай для Брэсцкай вобласці стала магчымасць выхаду праз суседнюю Гродзенскую вобласць на турыстычныя рынкі краін Балтыі, для якіх адкрываецца прамы калідор у Брэст праз Белавежскую пушчу. Яшчэ адным новаўвядзеннем з'яўляецца тое, што замежнікі могуць перамяшчацца без віз па ўсёй тэрыторыі Брэстчыны пры ўмове руху ў складзе арганізаваных турыстычных груп. Іншымі словамі, з'яўляецца магчымасць не толькі пабываць у пагранічных раёнах вобласці, але і ўбачыць хараство палескіх балот на ўчастку ад Кобрына да Пінска і Століна, а таксама наведаць палацы, сядзібы ў Бярозаўскім, Івацэвіцкім, Баранавіцкім раёнах — на свае вочы ўбачыць тое, пра што многія чыталі на інтэрнэт-партале.

Летась па бязвізе Брэстчыну наведала 32 тысячы турыстаў. Цяпер, калі б не пандэмія, былі б усе падставы чакаць падваення патоку падарожнікаў. Але ж з часам эпідэмія скончыцца, і людзі, засумаваўшы ў ізаляцыі, несумненна, стануць больш вандраваць, захочуць новых уражанняў. Таму на Брэстчыне працягваецца будаўніцтва новых аб'ектаў турыстычнай індустрыі, вядзецца навучанне кадраў, якія працуюць у адпаведнай галіне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.