Вы тут

​Канцэрт «Еўропа ззяе святлом»: анлайн


Канцэрт «Еўропа ззяе святлом» праходзіць сёння, 16 мая, у 45 краінах свету. Пачаўся ён у той самы час, калі звычайна праходзіць фінал міжнароднага конкурсу «Еўрабачанне», які з-за каранавіруса ўпершыню ў гісторыі перанесены на наступны год, і з тымі самымі ўдзельнікамі. Але праграма, гавораць арганізатары, адрозніваецца прынцыпова.


«Eurovіsіon: Europe Shіne A Lіght» — не замена звыкламу фармату, а самастойны праект, які пройдзе ў «сталіцы СМІ» Нідэрландаў Хілверсюме. Па-першае, гэта наогул не конкурс: артысты не спаборнічаюць, а выступяць у падтрымку ўсіх тых, хто знаходзіцца ў самаізаляцыі дома, хто змагаецца з каранавірусам у краінах Еўропы і па-за яе межамі. Па-другое, у шоу прагучаць не цалкам конкурсныя песні, а толькі самыя яркія 30-секундныя фрагменты выступленняў — у тым ліку беларускага гурта VAL, які мусіў сёлета прадставіць нашу краіну. Акрамя таго, да гледачоў з цёплымі словамі звернуцца праз відэапаштоўкі пераможцы і зоркі «Еўрабачання» розных часоў. Напрыклад, пераможца «Еўрабачання-1979» Галі Атары выканае свой знакавы хіт «Алілуя» хорам з удзельнікамі мінулых гадоў дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне».

Кульмінацыяй двухгадзіннага песеннага шоу мусіць стаць сумеснае віртуальнае выкананне песні «What's Another Year?». Ірландзец Джоні Логан выйграў з ёй конкурс 40 гадоў таму, у 1980-м, а сёлета прыхільнікі «Еўрабачання» з усяго свету знялі на яе свае аматарскія кліпы. Каб падарыць пазітыўны настрой мільёнам тэле- і інтэрнэт-гледачоў, арганізатары абяцаюць яшчэ шэраг сюрпрызаў, але па тэлевізійнай завядзёнцы да эфіру іх не раскрываюць.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: eurovіsіon.tv

Загаловак у газеце: Святло праз музыку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?