Вы тут

Беларускія краявіды замест мора? Турызм ва ўмовах пандэміі: абараніць спажыўцоў, пазбегнуць банкруцтва фірмаў і звярнуць увагу на сваё


Паводле ацэнкі прэзідэнта Сусветнага эканамічнага форуму Булута Багчы, эканамічныя страты ў сектары турызму з-за пандэміі складаюць каля 600 мільёнаў долараў, а да канца года могуць дасягнуць трыльёна. Гэтая сфера пацярпела ў цяперашняй сітуацыі самая першая, яна ж, па прагнозах спецыялістаў, выйдзе з крызісу апошняя. Праблемы турызму сёння разглядаюцца на самым высокім узроўні і ў Беларусі. На мінулым тыдні адбылася сустрэча прэм'ер-міністра краіны Сяргея Румаса з міністрам спорту і турызму Беларусі Сяргеем Кавальчуком. На сустрэчы абмяркоўваліся бягучыя праблемныя пытанні турыстычнай галіны, а таксама магчымасць і неабходнасць распрацоўкі нарматыўна-прававога дакумента, які дазволіць улічыць інтарэсы спажыўцоў турыстычных паслуг і турыстычных агенцтваў, а таксама прадугледзець мяккі выхад з крызісу, які накрыў увесь свет.


Фота Анатоля Клешчука.

Не даць абрынуцца ўсёй сістэме

Пандэмія каранавіруса спарадзіла адразу шэраг праблем у турызме. Першая, з якой сутыкнуліся прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, — гэта ў адзін момант закрытыя граніцы многіх краін. Ведамству неабходна было хутка вывесці сваіх грамадзян з розных куткоў свету, і з гэтым беларусы справіліся даволі аператыўна. Другая ж праблема больш доўгатэрміновая: распрацаваць шэраг мер па выхадзе турыстычнай сферы з крызісу, у якім яна знаходзіцца цяпер.

— У красавіку быў падпісаны Указ № 143 «Аб падтрымцы эканомікі», які ўключыў першачарговыя меры па забеспячэнні ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сферы краіны ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі, — расказвае дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Ірына Варановіч. — Указ ахоплівае шырокі спектр кірункаў і перш за ўсё прадугледжвае падтрымку ў сферах падаткаабкладання, працоўных адносін, у тым ліку сацыяльнай падтрымкі, змяненні ў правядзенні дзяржаўных закупак і іншыя меры, але на сённяшні дзень мы вельмі выразна адчуваем неабходнасць нарматыўна-прававога дакумента менавіта ў сферы турызму. Таму што наша галіна пацярпела адна з першых.

Ірына Варановіч адзначыла, што ўжо на працягу некалькіх тыдняў вядзецца падрыхтоўка комплексу мер па падтрымцы турызму ў Беларусі, на аснове якога распрацоўваецца нарматыўна-прававы дакумент з улікам двух бакоў. З аднаго боку, улічваюцца інтарэсы спажыўцоў, якія часткова альбо цалкам аплацілі свае паездкі за мяжу для адпачынку, а з другога — інтарэсы прадстаўнікоў турыстычных кампаній, што прадалі гэтыя туры.

— Перад намі стаіць галоўная задача — вытрымаць баланс і не даць абрынуцца ўсёй сістэме; зрабіць так, каб турыстычная сфера змагла вытрымаць гэты крызіс, і не толькі вытрымаць, але і годна выйсці са складанай сітуацыі. Гэты дакумент павінен дазволіць захаваць рабочыя месцы, а таксама абараніць спажыўцоў і падтрымаць турыстычны бізнес, каб яны змаглі выканаць свае абавязацельствы перад кліентамі і не спыніць сваю дзейнасць, — адзначае Ірына Мікалаеўна.

Выручкі няма, а абавязацельствы засталіся

— Праблема заключаецца ў тым, што з сярэдзіны сакавіка гэтага года ў турызме не вядзецца ніякай дзейнасці. Гэта значыць — адсутнічае выручка, яе проста няма, — абмалёўвае сітуацыю старшыня Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Аксана Бічун. — Пры гэтым абавязацельствы перад спажыўцамі, якія купілі ў нас пуцёўкі на раннім браніраванні, а гэта каля 300 тысяч беларускіх грамадзян, засталіся.

Агульная сума дагавораў, або, інакш кажучы, сума доўгу турыстычных арганізацый перад турыстамі, па падліках Аксаны Бічун, складае на сённяшні дзень каля 400 мільёнаў беларускіх рублёў. Акрамя таго, абавязацельствы турыстычных фірмаў засталіся і перад плацяжамі ў бюджэт, перад работнікамі, арэндадаўцамі і іншымі пастаўшчыкамі, якія забяспечваюць работу офісаў.

— Гэты калапс можа прывесці да пагрозы банкруцтва ўсёй галіны, — са шкадаваннем адзначае спецыяліст. — У многіх краінах свету сёння заканадаўча замацавана права адтэрміноўкі грашовых абавязацельстваў да 2021 года, а ў некаторых нават і да 2022-га, таму ўзнікла сітуацыя, калі мы па заканадаўстве Рэспублікі Беларусь абавязаны вярнуць грошы спажыўцу ў тэрмін 7—14 дзён, а з другога боку, не можам так зрабіць, таму што гэтых грошай у нас няма. Выконваючы пагадненні перад спажыўцамі, мы пералічылі сродкі прымаючым бакам, што забяспечваюць гэтую дамову. Авіякампаніі, хатэльеры, прымаючыя краіны гэтыя грошы атрымалі, але ва ўмовах каранціну не могуць вярнуць іх нам. Хацелася б падзякаваць усім турыстам, якія сёння пераносяць туры на 2021 год або цярпліва чакаюць, разумеючы сітуацыю, у якой апынуліся тураператары і турагенты Беларусі.

Аксана Анатолеўна адзначае, што да сустрэчы з Сяргеем Румасам і Сяргеем Кавальчуком руху насустрач айчыннаму турызму з сакавіка наогул не было, цяпер жа з'явілася надзея на падтрымку турыстычнай сферы:

— Мы чакаем гэты нарматыўны дакумент, які дапаможа перш за ўсё выканаць свае абавязацельствы ў поўным аб'ёме для нашых спажыўцоў, захаваць іх грошы і аднавіць турыстычную галіну.

Старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі турыстычных агенцтваў Алена Кудлакова сцвярджае: каб агенцтвы змаглі працягнуць сваю дзейнасць, ім неабходна адтэрміноўка абавязацельстваў — на сённяшні дзень гэта самае галоўнае пытанне, таму што кожная заява турыста аб вяртанні грашовых сродкаў можа прывесці да суда, а суд, нават калі ён адзіны, — да банкруцтва турыстычных агенцтваў. «На сённяшні момант пра масавасць банкруцтваў або закрыццё агенцтваў казаць не даводзіцца, але гэта перш за ўсё таму, што прадстаўнікам турыстычнай галіны ўдаецца знаходзіць агульную мову з турыстамі», — адзначае яна.

Цяпер у турыстычнай галіне зарэгістраваны 1544 суб'екты — гэта 5 тысяч работнікаў турыстычных арганізацый, а сукупнасць беларусаў, уцягнутых у сферу гасціннасці — сюды ўваходзяць санаторыі, і аграэкасядзібы, і прыдарожны сэрвіс, і гасцінічны бізнес, — складае не менш за 40 тысяч чалавек. Тэарэтычна ўсе гэтыя людзі ў найбліжэйшы час могуць застацца без работы.

Адкрываюцца ўнутраныя магчымасці

Як правіла, калі знешнія граніцы закрытыя, то павінны адкрыцца ўнутраныя магчымасці: чакаецца, што людзі ў многіх краінах пераарыентуюцца на ўнутраны турызм. Ці рэальна гэта ў Беларусі?

— Цяперашняя сітуацыя ўзняла вострыя праблемы: аказалася, што ў нашай краіне адсутнічае інструмент уздзеяння на замежных пастаўшчыкоў. Грошы за мяжой, а як іх дастаць — незразумела, — дзеліцца меркаваннем старшыня Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы. — Наша арганізацыя арыентавана на ўнутраны турызм, але праблема ў нас такая ж. Засталася дэбіторская запазычанасць з боку замежных кампаній, асабліва анлайн-агрэгатараў, якія разлічваюцца постфактум. Сёння многія турэцкія кампаніі, кампаніі, зарэгістраваныя на Маёрцы і ў Швейцарыі, вінныя грошы нашым тураператарам і аб'ектам размяшчэння. Цяпер дастаць гэтыя сродкі практычна немагчыма — трэба аб'ядноўвацца, падаваць іскі ў міжнародныя судовыя інстанцыі. Усё гэта досыць складаны працэс. У той жа час па выніках першага квартала мы атрымалі досыць нядрэнныя перадаплаты ад замежных кліентаў, але гэтыя туры не адбыліся, і цяпер мы вымушаны вяртаць грошы. Гэта значыць, замежнікі іх не вяртаюць, а мы рабіць гэта вымушаныя. Хацелася б нейкага агульнага падыходу: адтэрмінаваць вяртанне папярэдняй аплаты ці атрымаць магчымасць даваць ваўчары на наступны год.

Філіп Анатолевіч адзначае, што з 18 сакавіка, калі Расійская Федэрацыя канчаткова закрыла граніцу, беларуская інфраструктура і наш экспарт у турызме не атрымаюць выручкі. Гэта значыць, тураператары, перавозчыкі, экскурсіёншчыкі, музеі, аб'екты грамадскага харчавання, якія знаходзяцца ў рэгіянальнай інфраструктуры, і сам гасцінічны сектар не зарабляюць.

— Недаатрыманая валютная выручка другога квартала склала 138 мільёнаў рублёў. У свеце існуе турыстычная інфраструктура ўнутранага ўязнога турызму, якая дазваляе яе выратаваць за кошт унутранага патоку. Замежнікаў няма, але свае грамадзяне ядуць, адпачываюць, начуюць, і гэта неяк падтрымлівае інфраструктуру. У такой сітуацыі выйграюць краіны з вялікай ёмістасцю рынку — Расія, Кітай, ЗША, Францыя, Германія, Польшча, дзе колькасць насельніцтва і пакупніцкая здольнасць дазваляюць пераарыентавацца на ўнутраны рынак. Ён вялікі, там ёсць і горы, і моры, і рэкі, ёсць унутраная лагістыка, адпаведна, ёсць прастора для тураператара, які можа зрабіць пакеты паслуг і пусціць гэтыя грошы на ўнутраны рынак, — тлумачыць Філіп Гулы.

Паводле яго слоў, каля мільярда долараў беларускія грамадзяне раней трацілі на адпачынак за мяжой. Пасля крызісу гэтая сума значна скароціцца. Добра было б значную яе частку накіраваць на ўнутраны турызм, але ў такіх маленькіх краінах, як Бельгія, Ірландыя, Чэхія і ў тым ліку Беларусь, ёмістасці рынку няма, да таго ж адсутнічае лагістычнае плячо, не трэба пералятаць з горада ў горад.

— Таму мы бачым тэндэнцыю да міжрэгіянальнага турызму: маленькія краіны спрабуюць хутка ўвайсці ў кааліцыю з суседзямі. Прыбалтыйскія краіны аб'ядналіся паміж сабой і адкрылі граніцы адна для адной, каб наладзіць узаемапатокі. Для нас вялікае пытанне, ці адкрыецца граніца з Расіяй: калі адкрыецца, то гэта нас выратуе, калі не — разлічваць трэба будзе толькі на сябе. Хоць ёсць нядрэнныя шанцы наладзіць турыстычныя сувязі з Украінай, яна атрымлівае ад нас дастаткова вялікі выязны паток — гэта Затока, Карпаты і многае іншае, — а таксама праяўляе сваю цікавасць да Беларусі.

Філіп Гулы расказвае, у чым асноўная складанасць пераарыентацыі на ўнутраны турызм:

— Тураператар ва ўязным або ўнутраным турызме — гэта вытворца прадукту. У асноўным гэта розныя туры на байдарках і роварах, івэнты, туры выхаднога дня ў абласных цэнтрах або ў Мінску для жыхароў рэгіёнаў, экскурсійныя туры на аўтобусах. Але ўсё гэта групавы турызм — у перыяд каранавіруса ён будзе незапатрабаваны, таму асноўны турыстычны прадукт, які ёсць у нашай краіне, — гэта санаторыі, туры выхаднога дня ў гарадах, аграсядзібы, спа-комплексы. Тут паўстае прастора для развіцця рэгіянальшчыкаў: усе крэатыўныя жыхары нашых рэгіёнаў, у тым ліку краязнаўчыя музеі, цяпер будуць здольныя вырабляць свой прадукт, які можна зрабіць канкурэнтаздольным, яго будуць добра прадаваць і купляць. Гэты прадукт павінен быць даступным і танным.

Філіп Анатолевіч адзначае, што на прыкладзе бязвізавых зон Брэста і Гродна ўсе бачылі, як хутка беларусы здольныя пераарыентавацца, стварыць якасць і сэрвіс, прыдумаць новыя прадукты, але цяпер ім патрэбна дапамога дзяржавы.

— Нам трэба выпрацаваць пэўныя падыходы і данесці, у першую чаргу, рэгіянальным уладам, як метадычна пачынаць дзейнасць у гэтым кірунку.

Кола патэнцыйнага ўнутранага турызму разаўе рэгіянальную ініцыятыву адразу даць якасць і сэрвіс, таму што беларускія турысты — людзі вельмі патрабавальныя.

— Мне здаецца, досыць нядрэнна сюды змогуць інтэгравацца элементы аграпрамысловага комплексу, звязаныя з фермерскай гаспадаркай і экалагічна чыстымі прадуктамі, якія запатрабаваныя цяпер. Трэнд для еўрапейскага турыста сярэдняга ўзросту сёння — не столькі ў моры, колькі ў аздараўленні і адпачынку ад стомы, і тут нашы прыродныя фактары могуць стаць вялікім задзелам для будучыні.

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.

Грамадства

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Урачы папярэджваюць: нават калi з нейкiх прычын прыйшлося выдалiць адзiн зуб, яму патрэбная замена. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Праўду кажуць: няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея.

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны.