Вы тут

Службовы раман са шчаслівым фіналам. Пары, якія пазнаёміліся і працуюць на тэлебачанні


Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Дзень сям'і. Карыстаючыся нагодай, мы вырашылі даведацца, што робіць сямейныя саюзы моцнымі, шчаслівымі і доўгатрывалымі, і распыталі пра гэта тры пары, якія пазнаёміліся і працуюць на тэлебачанні. Спойлер: у кожным тандэме творчых людзей — свая адметнасць.


Заўсёды пакідаю апошнюю дольку апельсіна

Наталля Казей (тэлежурналіст) і Міхаіл Максімаў (відэаінжынер), тэлеканал АНТ.

Наталля: Калі я толькі прыйшла на АНТ, то нейкі час адчувала сябе няўпэўнена, паколькі было шмат незнаёмых людзей. Сярод іх і відэаінжынеры, якія манціруюць нашы праграмы, сюжэты. І вось неяк адказны за выпуск адправіў мяне на мантаж да Міхаіла. Не скажу, што закахалася з першага позірку, але адразу адзначыла яго пачуццё гумару і адкрытасць да іншых. Мы разам некалькі разоў працавалі, а потым ён паклікаў мяне на спатканне. Паколькі для кожнага з нас гэта другі шлюб, то хапіла розных прыгод і перашкод на шляху да стварэння сям'і. Але я хачу ўсім, хто жыве і не адчувае сябе шчаслівым, пажадаць не баяцца мяняць сваё жыццё. Не варта быць замужам проста таму, што, па мерках грамадства, ты ўжо ўсё маеш... Што датычыцца работы, то Міхаіл прафесіянал, і гэта адна з тых рэчаў, за якія я палюбіла свайго мужа. Калі мы працуем разам, то гарантавана ствараем добры тэлевізійны прадукт. Можам звярнуцца адно да аднаго па параду, а часам і паспрачацца, бо ў кожнага сваё бачанне, як лепш. Але і на рабоце, і дома я часта згадваю яго словы, што цяпер у нас чатыры плячы — значыць, усё пераадолеем, і мне становіцца спакойна. Без сумненняў разумею, што муж — гэта мой чалавек. Раней я лічыла, што муж і жонка не павінны працаваць разам, а цяпер разумею, як добра, калі двое аб'яднаны агульнымі інтарэсамі. Прычым і акрамя працы ў нас шмат тэм для размоў, мы не стамляемся адно ад аднаго.

Што яшчэ патрэбна для шчаслівай і моцнай сям'і? Думаю, вельмі важна быць уважлівымі, клапаціцца і любіць. Усё гэта прапісныя ісціны, пра якія мы часта забываем. Але калі будзем заставацца самімі сабой і радаваць нават у дробязях сваю палавінку, то гарманічна будзе складвацца і работа, і сумеснае жыццё. І менш трэба звяртаць увагу на тое, што людзі скажуць. Мы з мужам, напрыклад, з задавальненнем адкрываем для сябе нешта новае, разам самаўдасканальваемся, вандруем. Нават вучымся ў чатыры рукі гатаваць ежу, хоць раней абое не вельмі любілі гэты занятак. І я з вялікай радасцю заўсёды пакідаю яму апошнюю дольку апельсіна (ён іх вельмі любіць), каб лішні раз пабачыць яго ўсмешку. Мы не баімся паказваць свае пачуцці, і вельмі спадзяюся, што нам удасца захаваць іх на доўгія гады. А я ўдзячная тэлеканалу АНТ, што сустрэла тут сваё каханне.


Не было інтарэсу... а потым «пасябравалі» на «Фэйсбуку»

Алена Воляк (кіраўнік праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!») і Сяргей Воляк (галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі продажаў і маркетынгу, вядучы «Навін экономікі», «Сферы інтарэсаў»), тэлеканал «Беларусь 1».

Алена: Калі ўжо пабраліся шлюбам і выпадкова зверылі нашы пропускі, то аказалася, што прыйшлі працаваць у Белтэлерадыёкампанію ў адзін дзень у 2004 годзе. Тады ў кожнага з нас была сям'я, і мы, працуючы ў вялікай кампаніі, толькі часам віталіся ў ліфце. Я была рэдактарам праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!», і ў ёй эканамічныя навіны вёў Сяргей. Але пастаянна блытала яго імя (паколькі ў мужа прозвішча Воляк, што для мяне сугучна з Воля, то я думала, быццам завуць яго Павел, бо асацыяцыя была з Паўлам Воляй). (Смяецца. — Аўт.) Ён быў жанаты мужчына з двума дзецьмі, у мяне — муж і дачка, таму мы ніяк не камунікавалі, не было ніякага інтарэсу. А потым неяк пару разоў перасекліся ў каментарыях у сацыяльных сетках і нас зацікавілі меркаванні і пазіцыя адно аднаго. «Пасябравалі» на «Фэйсбуку», аднак з часам перасталі падтрымліваць сувязь, хоць абое ўсведамлялі, што супадаем па каштоўнасцях і поглядах на жыццё. І толькі праз год, калі ўжо і Сяргей, і я былі не ў стасунках, то зноў выйшлі на кантакт і ў 2014 годзе стварылі сям'ю. І нашы дзеці пасябравалі. Мы ўсе разам ездзім адпачываць і любім праводзіць час разам... Для мяне вельмі важна, што мы працуем у адной сферы. Гэта дае ўзаемаразуменне, калі вы без слоў здольныя зразумець радасці і праблемы адно аднаго. Кожны з нас не ўмешваецца ў работу іншага, але нам важна адчуваць падтрымку. Няма паміж намі і канкурэнцыі, бо мы кіруем рознымі падраздзяленнямі, але дасягненні ў прафесіі сталі магчымыя, дзякуючы ўзаемнай веры, што ўсё атрымаецца ў кожнага з нас. Таму сакрэт быць шчаслівымі, як у прафесіі, так і ў сям'і, ёсць толькі адзін — каханне. Безумоўнае. Як адно да аднаго, так і да тых, хто ўваходзіць у вашу сям'ю. З каханнем прасцей пераадольваць цяжкасці, прабачаць і хацець дзейнічаць. А інакш нічога не патрэбна. Таму так і атрымліваецца, што на тэлебачанні кожны з нас працуе на сваім полі дзейнасці, а дома мы сумесна працуем над тым, каб наша сям'я была дружная і шчаслівая.


Змя­ні­лі ра­бо­ту... і зноў па ад­ным ад­ра­се

Алена Абразцова (галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 2») і Аляксандр Клыбік (дырэктар дырэкцыі камп’ютарных тэхналогій Белтэлерадыёкампаніі).

Алена: Работа на тэлебачанні ў мяне пачалася яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце ў Магілёве. Пазней, калі пераехала ў Мінск, вырашыла паспрабаваць сябе ў новай сферы і пайшла працаваць на адну са сталічных радыёстанцый, дзе мой будучы муж быў тэхнічным дырэктарам. Дарэчы, калі мы гулялі вяселле, то калегі павіншавалі нас у радыёэфіры, уключыўшы вядомую кампазіцыю з кінафільма «Службовы раман». Яна нас і суправаджае па сямейным жыцці вось ужо 14 гадоў... Хоць пазней мы абое змянілі месца работы, і зноў па адным адрасе — Макаёнка, 9. Калі мяне, бывае, пытаюць «Як вам удаецца працаваць разам?», то я шчыра кажу, што проста не ўяўляю, як жывуць сем’і, дзе муж і жонка працуюць у розных месцах. Магчыма гэта з-за таго, што мы жывём работай! У нас агульныя знаёмыя і сябры, аднолькавыя інтарэсы. У тым ліку і ў нашага сына Станіслава, дасягненні якога ў праграмаванні нас вельмі радуюць. Напрыклад, зараз сын і тата займаюцца зборкай камп’ютара, і мне ўсё складаней разумець іх, калі яны гавораць на мове тэхнічных тэрмінаў. Мы ўвогуле вельмі любім бавіць час усе разам і з радасцю і цікавасцю падзяляем захапленні адн аднаго (сыну перадалася наша любоў да більярда, а нас з мужам ён прывучыў да сумесных велапрагулак). І не менш важная акалічнасць для шчаслівай сям’і — гэта наша супадзенне ў тэмпераментах. Саша ў сілу свайго характару (і прафесіі, у тым ліку) спакойны і разважлівы, а я больш эмацыянальная, але муж з лёгкасцю ўмее з маімі эмоцыямі спраўляцца.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.