Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Сустрэча з банкамі

Фота: by.all.biz

Гэта гісторыя здарылася ў пачатку 2000-х гадоў. Зарплаты, пенсіі ды стыпендыі толькі пачыналі пераводзіць на банкаўскія карткі. Што гэта такое, трэба было тлумачыць і тлумачыць.

Дык вось выкладчыца матэматыкі неяк паведаміла сваім студэнтам, што на чарговай класнай гадзіне адбудзецца сустрэча з банкамі.

— А якія патрэбны — літровыя ці трохлітровыя? — спытаў нехта з дзяўчат.

— З вадою ці без вады? — зашумелі іншыя.

— Я далёка жыву — не паспею з'ездзіць.

— Ты не паспееш... А ў нас у інтэрнаце пустых наогул няма — усе дамоў пазвозілі...

Як бы там ні было, дзяўчаты вырашылі схадзіць па параду да завуча, і, хоць было гэта і не першага красавіка, выкладчыца матэматыкі спыняць іх не стала: смех, як вядома, падаўжае чалавечае жыццё.

Завуч таксама ведала гэта і таму, уважліва паслухаўшы дзяўчат, параіла ім зрабіць так, як падказвае сумленне. «Толькі ж глядзіце, — дадала, — каб потым няёмка не было».

Пасля гэтых слоў дзяўчатам нічога не заставалася як... адшукаць слоікі — любой цаной.

І ўрэшце яны зрабілі гэта: знайшлі (прычым трохлітровыя!), напоўнілі вадой.

...Тое, што памыліліся, што ўсё зразумелі няправільна, — сцямілі адразу ж пасля таго, як пачалася «сустрэча з банкамі»: пасмяяліся са сваёй наіўнасці, слоікі пахавалі пад парты.

А завучу назаўтра прыйшлося прызнаць, што такіх адказных студэнтак яна ніколі яшчэ не бачыла.

Таццяна Марцэвіч, Лідскі раён


Дзядзькава навука

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Выпадкова пачула, як бабуля ўшчувае ўнука за двойку, як даводзіць яму, што правілы трэба завучваць на памяць і потым ведаць іх — «ну як табліцу множання»!

Гэты выраз і нагадаў мне далёкія школьныя гады і тое, як тую табліцу вучылі мы. Цікавая, між іншым, гісторыя.

Было гэта ў канцы шасцідзясятых ці ў пачатку сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. У нашую вёску правялі электрычнасць: у хатах стала «відна, хоць голкі збірай»!

А далей — болей, у дзядзькі Антося з'явіўся тэлевізар «Сігнал-2». Па тым часе — рэч вельмі дарагая, і сам вясковец яе наўрад ці купіў бы. Дзядзьку дапамог брат, які працаваў недзе ў шахтах.

Як цяпер помню: паглядзець на гэтае дзіва сышлася ўся вёска. Старыя прынеслі з сабой зэдлікі, малыя паселі на падлозе каля самага тэлевізара.

Глядзелі кінафільм «Каўказская палонніца». І столькі радасці было, столькі захаплення, што, здаецца, і дадому б ніхто не ішоў: сядзелі б і глядзелі — ну ўсё запар. Але ж хто такое дапусціць?

Дзядзька Антось, трэба сказаць, чалавекам быў: час ад часу дазваляў вясковай дзятве паглядзець казкі ды мульцікі. «Ну, пачакай!» — быў самы любімы. З нецярпеннем чакалі новых серый і вучылі... «таблічку множання», бо глядзець тэлевізар дзядзька дазваляў толькі тым, хто яе засвоіў, а хто не, — выбачайце.

У выніку ніхто не хацеў адстаць ад іншых: нечага не ўбачыць па тэлебачанні. Вось такая была матывацыя.

Потым, калі сталі дарослыя, з удзячнасцю ўспаміналі дзядзькаву навуку, бо набытыя веды не раз прымянялі на практыцы.

І. Салата, г. Гродна 


Бачу мэту — не бачу перашкод

Фота: fireplace.su

Усё мяняецца, нават самае асноўнае — інстынкт падаўжэння роду. Хлопцы нейкія не тыя пайшлі — не арлы! Дзеўкі дамагацца, біцца за яе? Ды каму гэта трэба? А вось некалі...

Некалі ініцыятыва за хлопцам ва ўсім была — ад «паднесці партфель», да «выходзь за мяне». Не згаджаецца? Тады...

У тыя старыя добрыя часы адзін мой знаёмы (назавём яго Пятром) закахаўся ў дзяўчыну — да страты пульсу, можна сказаць. І нават з хлопцамі «на кулаках дамовіўся», што Маруся толькі яго. Заставалася з ёй самой неяк «дамовіцца», хоць тая ні слухаць, ні нават глядзець у той бок не хацела, з-за чаго і на танцы хадзіць перастала.

Пётра, бедны, каля дома яе дзяжурыць стаў. У акенца пастукае — выйдзі, маўляў, а тая дык нават не пакажацца...

Хлопцы раілі: плюнь ты... Мала дзевак, ці што!

«Многа, — кажа Пятро, — але мне патрэбна адна — Маруся».

А тут, як на ліха, павестка ў ваенкамат, радня, можна сказаць, «Последний нонешний денечек...» запець збіраецца.

Хлопцу што рабіць? Трэба ж неяк вызначыцца — пагаварыць з абранніцай. Выпіў для смеласці, пайшоў да вядомага дома. Бачыць, святла ў вокнах няма. І ў Марусіным таксама. Але ж, што называецца, бачу мэту — не бачу перашкод: не пускаюць у дзверы, дык я...

Пётра лёгка знайшоў драбіны, залез на дах летняй кухні, ціха выдраў... трубу — стаў разбіраць комін, каб потым праз дзірку...

Ён амаль да столі ўжо дайшоў, калі за нешта зачапіўся і... Нарабіў грукату.

У хаце адразу ўсчаўся гвалт, на падворку запалілася святло, і ў сподніках, з калом забегаў Марусін бацька (думаў, што злодзей лезе).

У Пеці, на шчасце, спрацаваў інстынкт: скочыў на зямлю і ходу. Праўда, быў апазнаны.

...Уранку пацярпелы бок пайшоў у сельсавет да ўчастковага. Туды ж запрасілі і бацьку Пятра. Калегіяльна вынеслі досыць мяккае пакаранне (ну не псаваць жа хлопцу жыццё): хай паправіць комін і дах, а там...

Пад марш «Развітанне славянкі» Пётра адбыў на службу і вярнуўся з яе не адзін, а з жонкай. Ну, чым не арол?

С. Кузняцоў, Быхаўскі раён


З Капустай і без

Фота: east-fruit.com

У даўным-даўно прамінулы вераснёўскі дзень да нас у школу прыехала працаваць новая настаўніца Алена Рыгораўна Капуста. Цікавае прозвішча, і калі б не яно, дык наўрад ці адбылася б гэта гісторыя, а так...

Усё пачалося з тэлефоннага званка. Нашаму загадчыку РАНА пазванілі з вобласці, сказалі, што настаўніца Капуста павінна прыехаць у Мінск. Значыць, чалавека трэба тэрмінова папярэдзіць, да таго ж — выпісаць камандзіроўку, выплаціць грошы на дарогу.

Карацей, загадчык РАНА стаў дзейнічаць: пазваніў настаўніцы і дома яе не заспеў — сказалі, пайшла ў музычную школу. Патэлефанаваў туды, спытаў:

— Капуста ў вас?

— У нас! У нас! — весела адказала сакратарка, бо за акном, у цесным коле настаўнікаў, і сапраўды была машына, якая з поля прывезла капусту.

— Прытрымайце яе, калі ласка, — папрасіў загадчык. — Я хутка заеду.

Сакратарка, паклаўшы слухаўку, тут жа выскачыла на вуліцу, падбегла да піяніста са словамі:

— Алег Сідаравіч, званіў загадчык РАНА, прасіў сказаць, што прыедзе па капусту.

— Во... А яго ж у спісе няма? — здзівіўся настаўнік. — І капуста ўжо ўся па мяшках.

Давялося пайсці да настаўнікаў — растлумачыць сітуацыю. Тыя, дзякаваць богу, усё зразумелі: падаставалі са сваіх поўных мяхоў найлепшыя качаны, злажылі іх у пусты (чаго не зробіш для начальства?) і з палёгкай уздыхнулі: справіліся!

Неўзабаве ля школы спынілася машына.

— Мне сказалі, Капуста тут? — спытаў педагогаў загадчык РАНА.

— Так, тут, але ж мы не ведалі, што яна вам трэба, — пачаў быў піяніст.

— Трэба. Ды яшчэ і як!

— Дык мы ж маглі б і падвезці...

На шчасце, у гэты момант на ганку з'явілася Капуста.

— Алена Рыгораўна, — кінуўся да яе загадчык, — хуценька ў машыну! Па дарозе ўсё растлумачу, пакуль — няма калі: бухгалтэрыя хутка зачыніцца.

...Настаўнікі музычнай школы, разабраўшы сваю капусту, неўзабаве разышліся па хатах. Адзін мех — з найлепшымі сакаўнымі качанамі — так і застаўся стаяць на вуліцы. Піяніст глядзеў на яго і не разумеў: чаму настаўніцу загадчык забраў, а капусту, пра якую так перажываў, не?

Прозвішча новай настаўніцы тады ніхто не ведаў...

Зоя НАВАЕНКА, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж. Як бачыце, конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю працягваецца.

Шчыры дзякуй усім за добрыя словы на адрас газеты і рубрыкі, якую (паводле пісьмаў) «з задавальненнем чытаем» і ў якую «даўно збіраліся напісаць»...

То не трэба доўга збірацца, трэба — пісаць! І, вядома ж, выпісваць — адзіную (са штодзённых) беларускамоўную газету «Звязда», якая больш за сто гадоў з вамі, вашымі бацькамі і дзядамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.