Вы тут

Віцебскія народныя абраннікі у два разы панізілі памер адзінага падатку


Днямі адбылася сесія Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, на якой зрабілі прыемны сюрпрыз прадстаўнікам бізнесу: народныя абраннікі, каб падчас пандэміі дапамагчы індывідуальным прадпрымальнікам і іншым, хто працуюць на сябе, у два разы (!) панізілі памер адзінага падатку. І зрабілі гэта першыя ў краіне, выконваючы Указ Прэзідэнта № 143 «Аб падтрымцы эканомікі», прыняты 24 красавіка 2020 года.


Падатковыя паслабленні ў другім і трэцім кварталах датычацца прыкладна 6,5 тысячы ІП і каля 2,5 тысячы самазанятых. Адпаведныя рашэнні да сярэдзіны мая прымуць мясцовыя Саветы ў гарадах і раёнах Віцебшчыны.

Галоўная жа тэма, якая абмяркоўвалася на сесіі, вельмі цесна звязана з бізнесам. Размова ішла пра занятасць і выкананне дэкрэта № 3, прынятага, каб спрыяць у пошуку работы тым, хто ў гэтым зацікаўлены.

Кіраўнік «абласнога парламента» Уладзімір Цярэнцьеў канстатаваў, што менавіта ўзровень занятасці — адзін з найважнейшых крытэрыяў у ацэнцы дзейнасці як выканаўчай, так і прадстаўнічай улады. Калі людзі працуюць, ці маюць магчымасць выбіраць, чым займацца, значыць, на месцах адказныя асобы разумеюць важнасць узаемадзеяння з вытворцамі, прадстаўнікамі бізнесу, агітуюць распачаць сваю справу.

Намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў паведаміў, што летась па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнуліся 25 тысяч чалавек — на 16 % менш, чым у 2018 годзе. Наймальнікамі былі заяўлены амаль 8 тысяч вакансій — у 1,2 раза больш, чым пазалетась.

Найбольшая колькасць свабодных рабочых месцаў на прадпрыемствах апрацоўчай прамысловасці — 22 %; сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі — 18 %, будаўніцтва — 10 %, аховы здароўя і сацыяльных паслуг — 9 %.

Па-ранейшаму адзначаецца тэндэнцыя зніжэння колькасці беспрацоўных. Калі на 1 студзеня 2019 года на ўліку ў службы занятасці знаходзілася 2 тысячы чалавек, то на пачатак бягучага года — 1,5 тысячы.

Дзякуючы дэкрэту № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», у рэгіёне стварылі двухузроўневую сістэму садзейнічання ў працаўладкаванні. Гэта робіцца як органамі дзяржаўнай службы занятасці, так і пастаяннымі адпаведнымі камісіямі, падкрэсліў дэпутат.

Дарэчы, толькі летась праведзена больш за 1,1 тысячы пасяджэнняў, з іх 161 — выязное. У камісіі звярнуліся 50 тысяч чалавек, у тым ліку 600, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. І, дарэчы, каля трыццаці з апошніх пачалі працоўнае жыццё. А прыблізна 260, якія, скажам так «весела жылі», выпісалі «пуцёўкі» ў ЛПП...

Асаблівая ўвага аддавалася грамадзянам, якія не здольныя на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы. Былі працаўладкаваныя больш за 1700 чалавек, якія асабліва маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, на асаблівы кантроль узята пытанне эфектыўнай занятасці людзей з інваліднасцю.

Працаўладкаваных беспрацоўных, якія маюць дадатковыя гарантыі занятасці, летась было на ўзроўні 53 %.

У сувязі з ростам попыту наймальнікаў на рабочую сілу перагледжаны падыход да арганізацыі працэсу навучання беспрацоўных. Акцэнт зроблены на падрыхтоўку кадраў «пад заказ». І гэтаму спрыялі пільны аналіз вывучэння попыту на рынку працы і выхад на адкрыты дыялог з наймальнікамі, падзяліўся вопытам Аляксандр Хрыстафораў. У выніку з 695 беспрацоўных, накіраваных на навучанне, «пад заказ» — каля 480 чалавек.

У Віцебскай вобласці ў першым квартале на 113 % выканалі заданне па працаўладкаванні на зноў створаныя рабочыя месцы (1243 чалавекі). А ўсяго сёлета запланавана такім чынам даць магчымасць зарабляць 5500 грамадзянам.

Узровень фактычнага беспрацоўя, якое вызначаецца па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы, летась у рэгіёне склаў 3,6 %. І гэта на 1,2 % менш да ўзроўню 2018-га.

З 15 раёнаў, вызначаных тэрыторыямі з напружанай сітуацыяй на рынку працы, на пачатак бягучага года адзначаецца паляпшэнне ў 11 раёнах у параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га. І гэта дазволіла скараціць да дзевяці колькасць праблемных раёнаў. У Аршанскім і Чашніцкім палепшаны ўсе паказчыкі. І станоўчая тэндэнцыя захоўваецца. Па інфармацыі на 1 красавіка, з дзевяці раёнаў палепшылі сітуацыю восем. Без змен сітуацыя захавалася на Гарадоччыне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв'ю: mfc53.novreg.ru

Загаловак у газеце: Крытэрый ацэнкі мясцовай улады

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.