Вы тут

Жыццё праяўляецца ў дзеяннях


У сталіцы Беларусі прайшоў ваенны парад у гонар 75-й гадавіны Перамогі


Адладзіць, згарманізаваць такі велізарны жывы арганізм, як парад — гэта не сямейны святочны стол накрыць. Нам, хто па гэты бок тэлеэкранаў, цяжка і ўявіць сабе, колькі сіл у яго ўкладзена. Вядома ж, і ранейшага досведу. Калі па шчырасці, спадзяваўся ўбачыць я ў святочных шэрагах і такую “прыкмету часу”, як калона ўрачоў — з ліку тых, якія змагаюцца з каранавірусам. Эфектна было б! Ды разважыў: воінам у спецкасцюмах пакуль не да парадаў. Яны больш патрэбныя на перадавой. Але, хочацца спадзявацца, наступны парад будзе з імі. Бо яны цяпер — сапраўдныя героі нашых дзён.

Калі сказаць, што ў парадзе паўдзельнічала больш за 3 тысячы вайскоўцаў і 185 адзінак тэхнікі, а над Мінскам праляцелі 36 паветраных суднаў — гэта будзе сухая статыстыка. Як і тое, што прайшлі толькі новыя й мадэрнізаваныя ўзоры тэхнікі. Хораша, зладжана рухаліся перад святочнымі трыбунамі 19 парадных разлікаў пешай калоны ды 16 разлікаў механізаванай, з легендарным танкам Т‑34 наперадзе. Мільёны людзей бачылі тое ў тэлетрансляцыі. Зрэшты, вы й самі можаце тое зрабіць, больш уважліва ўгледзецца ў твары і ўдзельнікаў параду, і тых, хто быў на трыбунах. https://www.sb.by/artіcles/voennyy-parad-v‑chest‑75‑letіya-pobedy-prokhodіt-v‑mіnske.html

Гэта быў гістарычны парад. Адметны. Бо і ў Перамогі знакавы юбілей, і праходзіў парад 9 мая 2020 года: у пару, калі свет, і Беларусь у тым ліку, змагаецца з пандэміяй каранавіруса. Дзе яшчэ прайшлі парады? З постсавецкіх краін — у Туркменістане, але там з каранавірусам спакойна. І таму якраз беларускі Парад Перамогі стаў гэткім выклікам для многіх удумлівых людзей. Узнікла, вядома ж, пытанне: у імя чаго рызыкавалі, праводзячы масавае мерапрыемства? Таму й глядзелі тэлетрансляцыю ў многіх краінах.

А некаторыя краіны парад перанеслі, як кажуць, да лепшых часоў. Магчыма, некаму гэта падаецца больш разумным, таму й пасунута ў пару каранавірусных трывог народная мудрасць, выяўленая ў словах: “Дорога ложка к обеду”. А што за абед, спытаеце? Ды само Свята Перамогі — разам з ветэранамі. Якіх да наступнага юбілею можа й не застацца. Бо вірус, ёсць меркаванні, можа затрымацца з намі надоўга. То ці варта пераносіць Жыццё на потым? Для ветэранаў, групы рызыкі, тое “заўтра” — вельмі праблематычнае.

Напярэдадні, 8 мая, Аляксандр Лукашэнка размаўляў з удзельнікамі акцыі “На славу агульнай Перамогі”, што ўрачыста завяршылася ў мінскім Храме-помніку ў гонар Усіх Святых. Ягонае меркаванне наконт парада калегі мае вынеслі ў загаловак: “Мы не можам інакш”. Пры тым Прэзідэнт станоўча ацаніў фармат урачыстасці ў храме: “Добра, што без усялякай пампезнасці — не патрэбная нам сёння пампезнасць у гэтым вялікім храме”. І наконт цяперашняй сітуацыі, парада: “Мы сапраўды вымушаныя стаяць як Брэсцкая крэпасць. Яшчэ раз падкрэсліваю: вялікае бачыцца на адлегласці. Пройдзе час — людзі, а найперш вы, моладзь, ацэніце гэтыя дні. Я сёння перакананы абсалютна: гэта будзе выдатная старонка ў гісторыі нашай краіны. Выдатная таму, што мы з вамі выстаялі, выстаялі як яны (гаворка пра ветэранаў і героі Вялікай Айчыннай вайны. — Аўт.) калісьці. Яны паклалі свае жыцці ў імя таго, каб мы сёння жылі. І хоць бы адзін раз у год у гэты святы дзень з годнасцю й гонарам успаміналі гэтых герояў. Мы інакш не можам! Гэта адзіная прычына — мы не можам інакш. Мы павінны паступіць так, як рабілі яны, верачы ў будучыню. А ацэнкі дадзім потым”.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што “мы ніколі на парад, на такія мерапрыемствы ў Беларусі нідзе, ні ў адным пункце — тым больш у Мінску, двухмільённым горадзе — не цягнулі людзей. Гэта маё патрабаванне. У Мінску па 250 тысяч чалавек прыходзілі на падобныя імпрэзы. Я абсалютна перакананы, што людзі на парад прыйдуць, і нам не трэба нікога прымушаць і цягнуць. Але, калі шчыра, я з задавальненнем убачыў бы на гэтым парадзе тых, хто перамог у гэтыя дні. Бо хто перахварэў — гэта людзі, якія перамаглі. Не хваробу. Хвароба — гэта самае простае, што можна цяпер перамагчы. Не гэты вірус. А тое, што цяпер у галаву ўбілі людзям і тыя нядобрасумленныя палітыкі, палітолагі ды іншыя — сапраўдны псіхоз”. Пры тым Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што супакоіць людзей было няпроста. І яшчэ раз звярнуў увагу, што Беларусь не пайшла шляхам жорсткага каранціну.

Ветэраны на ганаровых трыбунах

У працяг тэмы — у імя чаго рызыкавалі — звернемся да развагаў аднаго з удзельнікаў Другой сусветнай вайны, які застаўся ў ёй назаўсёды: пісьменніка, лётчыка Антуна дэ Сэнт-Экзюперы. У аповесці “Ваенны лётчык” (упершыню кнігай выйшла ў 1942‑м!) ён разважаў: “Паражэнне… Перамога… Я кепска разбіраюся ў гэтых формулах. Ёсць перамогі, якія напаўняюць натхненнем. І ёсць іншыя, якія прыніжаюць. Адны паразы нясуць гібель, другія — абуджаюць да жыцця. Жыццё праяўляецца не ў станах, а ў дзеяннях. Адзіная перамога, якая не выклікае ў мяне сумненняў, — гэта перамога, закладзеная ў сіле зерня. Зерне, кінутае ў чарназём, ужо атрымала перамогу. Але павінна прайсці часу, каб наступіла пара яе трыумфа ў даспелай пшаніцы”.

Хочацца бачыць беларускі Парад Перамогі-2020 — менавіта такім жыццядайным зернем. Якое дае надзею, надасць сілы для жыцця, змагання за яго як беларусам, так і людзям з іншых краін. Бо, як стала вядома ўжо 13 мая, спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не выключаюць: новы каранавірус можа “акапацца” каля нас надоўга. “Гэты вірус можа стаць эндэмічным, — сказаў на брыфінгу дырэктар праграмы СААЗ па надзвычайных сітуацыях у галіне аховы здароўя Майкл Раян. — Ён можа ніколі не сысці. Гэтак жа, як і ВІЧ, які нікуды не знік. Але мы змаглі ўзяць яго пад кантроль, мы знайшлі тэрапеўтычныя сродкі, і людзі цяпер ужо не так моцна баяцца гэтага віруса. Людзі з ВІЧ жывуць даволі доўга. Таму вельмі важна рэалістычна глядзець на рэчы. Мы не ведаем, колькі часу спатрэбіцца, каб атрымаць перамогу над вірусам”.

І ў мінскім небе — таксама парад

Аднак, прадоўжым думку, надзвычай важна сёння вучыцца перамагаць сябе. Уласныя страхі. Вельмі важна дадаваць у жыццё радасці й аптымізму, якія, несумненна, умацоўваюць імунітэт. А значыць, у павялічваюць нашы шанцы застацца на хвалі Жыцця — і не знікнуць вокамгненна з гэтага дзівоснага свету. Бо як там у Гётэ: “І варты толькі той жыцця і волі/, Хто кожны дзень за іх ідзе на бой”.

Са святам вас, сябры! Няхай натхняе нас усіх беларускі Парад Перамогі на новыя дзеянні, новыя перамогі!

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА і sb.by

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.