Вы тут

Адна на ўсіх Зямля і Перамога


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічаў 8 мая ў цырымоніі ўрачыстай закладкі капсул з зямлёй у крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Зямля была ўзята з месцаў пахаванняў воінаў-беларусаў, што загінулі на тэрыторыі Беларусі, за яе межамі, з месцаў масавых пахаванняў ахвяр вайны.


Аляксандр Лукашэнка ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых

Міжнародная акцыя “На славу агульнай Перамогі!” — адна з самых значных у плыні падрыхтоўкі да святкавання 75‑годдзя Перамогі. Тысячы людзей далучыліся да яе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. З памятных месцаў, дзе пахаваны воіны Другой сусветнай, яе шматлікія ахвяры, сабраны сімвалічныя жменькі зямлі, змешчаны ў спецыяльныя капсулы. Яны й закладзены ў крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

Да акцыі далучыліся замежныя арганізацыі, грамадскія дзеячы, беларусы замежжа. Зямля была сабрана ў краінах, дзе таксама ў гады вайны вяліся баявыя дзеянні, а на палях бітвы гінулі беларускія салдаты. Ініцыяваў акцыю летась Прэзідэнт Беларусі (“Памятаць. І дзяцей навучаць” — ГР, 17.05.2019).

Паўдзельнічаць у праекце заклікаў беларусаў замежжа й настаяльнік Храма-помніка ў гонар Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны (“Зямля і памяць” — ГР, 28.01. 2020). Наша газета шырока асвятляла ход акцыі.

Паэтапную рэалізацыю праекта каардынавалі, давалі яе ўдзельнікам неабходныя парады супрацоўнікі Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння: ён дзейнічае пры Храме-помніку. Яны й расказалі нам, што жыхары Нарвегіі, Польшчы, Сербіі, Фінляндыі, Малдовы, Украіны, Латвіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Эстоніі, Расіі ды іншых краін таксама паўдзельнічалі ў акцыі. Адтуль у Беларусь дастаўлена была зямля, сабраная імі, і тыя капсулы таксама закладзены ў крыпту Храма-помніка.

Урачыстая цырымонія перадачы зямлі ў Трасцянцы пад Мінскам

Зямны наш паклон народам Польшчы (у Храме-помніку ўвекавечана памяць пра беларусаў, што загінулі ў горадзе Гайнаўцы Падляскага ваяводства), Сербіі (зямля прывезена з Мемарыяльнага комплекса “Вызваліцелям Бялграда”). Фінляндыі (зямля ўзята з месцаў размяшчэння фінскіх канцлагераў, у якіх загінулі тысячы беларусаў). Актывісты з Украіны бралі зямлю ў горадзе Карукаўка (Корюківка, цяпер раённы цэнтр) Чарнігаўскай вобласці: у вайну там было знішчана 6700 мірных жыхароў. У Латвіі зямля была ўзята на Воінскіх брацкіх могілках (па вуліцы Граўдэ ў Рызе) і Брацкіх могілках воінаў-вызваліцеляў у парку Дубровіна (Даўгаўпілс). 172 воінскія пахаванні часоў Другой сусветнай у Румыніі таксама былі задзейнічаны ў акцыі. У Аўстрыі зямля была ўзята з брацкага пахавання савецкіх воінаў, што на могілках абшчыны Брун-ам-Гебірге ў федэральнай зямлі Ніжняя Аўстрыя. Прывезена зямля і з Цэнтральных могілак Вены. У Эстоніі зямлю ўзялі на брацкіх магілах паблізу пасёлка Сінімяэ. У Венгрыі — на брацкіх могілках у горадзе Секешфехервар. Малдова даслала зямлю з магіл воінаў-беларусаў, што загінулі ў гады вайны на яе тэрыторыі.

Забор зямлі за мяжой, як правіла, праходзіў у часе ўрачыстых цырымоній. Пры тым арганізатары акцыі на месцах рыхтавалі гістарычную даведку, збіралі звесткі пра ваенныя падзеі 1941–45 гадоў у іх мясцовасці, пра ўнёсак беларусаў у Вялікую Перамогу. Складалі спісы з імёнамі загінулых, фатаграфавалі помнікі, цырымонію забору зямлі. Уся тая ды іншая інфармацыя спатрэбіцца для музея, што ствараецца пры Храме-помніку ў гонар Усіх Святых.

Так будуць зберагацца капсулы

У сакавіку 2020‑га ў крыпце Храма-помніка была закладзена капсула з зямлёй з палёў кровапралітных баёў паблізу Ржэва. Яна ўзята з двух месцаў: з “Вышыні-200”, за якую бітва ішла некалькі месяцаў і дзе праходзіў Палунінскі рубеж, і з брацкай магілы каля вёскі Какошкіна, дзе пахаваны тысячы невядомых салдат.

Мэта сабраць зямлю ў часе акцыі “На славу агульнай Перамогі!” з усіх пахаванняў воінаў-беларусаў ва ўсіх замежных краінах не ставілася. Арганізатары ўдакладняюць: галоўным было, каб грамадскасць за мяжой рабіла тое па ўласнай ініцыятыве. Як кажуць, па закліку сэрца. Увогуле ж пахаванні воінаў-суайчыннікаў, што загінулі за межамі Беларусі ў часе сусветных войнаў ды іншых ваенных дзеянняў, цяпер ёсць на тэрыторыях 49 краін. Велізарная праца па іх выяўленні вядзецца з 2010 года. У крыпце Храма-помніка і раней праходзілі цырымоніі перадачы капсул з зямлёй з замежжа. І, безумоўна, такі добры пачын прадоўжыцца.

Ганна ЛАГУН

Фота БЕЛТА

Ад рэдакцыі. У гэтым нумары газеты на старонках 4 і 5 чытайце больш падрабязна пра тое, як праходзілі ўрачыстыя цырымоніі забору зямлі ў Латвіі: у Даўгаўпілсе (магілы афіцэраў і генералаў у парку Дубровіна) ды з месца гібелі Героя Савецкага Саюза родам з Жодзіна Пятра Купрыянава (пры хутары Лідумніекі ў Нікрацкай воласці Скрундскага краю). Там жа й тэкст пра тое, як беларусы Нарвы (Эстонія) удзельнічалі ва ўрачыстай цырымоніі забору зямлі з дзвюх вялікіх брацкіх магіл пры паселішчы Сінімяэ, дзе ў бітвах за вызваленне Эстоніі загінулі тысячы савецкіх салдат і афіцэраў.

Светлая памяць усім, хто набліжаў Перамогу, хто стаў ахвярамі неверагодна жорсткай і бесчалавечнай вайны.

Беларусь памятае! Мы памятаем!

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.