Вы тут

Вышыні пад назвай Сінімяэ


У Міжнароднай акцыі памяці “На славу агульнай Перамогі!” паўдзельнічалі й чальцы Нарвскага беларускага таварыства “Сябры”.


Людміла Аннус і актывіст пошукавага клуба “Камерад” Павел Стымер бяруць зямлю каля брацкай магілы паблізу пасёлка Сінімяэ

Міжнародная акцыя стартавала, як вядома, летась у Беларусі, мы чыталі пра ход яе ў тым ліку й на старонках “Голасу Радзімы”. Палічылі: важна й нам у вялікай духоўна-патрыятычнай справе паўдзельнічаць. Праводзячы папярэднія кансультацыі з актывістамі пошукавых клубаў Нарвы, даведаліся пра ўзвышшы Сінімяэ (Sіnіmae, у перакладзе з эстонскай: “Блакітныя горы”) — тое месца, дзе ў часе Другой сусветнай вайны, калі ад ворагаў вызвалялі Эстонію, былі самыя кровапралітныя баі савецкіх войскаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Цяпер там, непадалёк ад пасёлка Сінімяэ, ёсць могілкі, на якіх і дзве вялікія брацкія магілы. Там і вырашылі ўзяць зямлю.

Чаму важнымі былі ў часе ваенных дзеянняў узвышшы Сінімяэ? На іх тады нямецкія войскі абсталявалі магутныя абарончыя збудаванні, што давала магчымасць ворагу кантраляваць рух па шашы Нарва — Талін. Гэта цяпер тэрыторыя воласці Іда-Вірумаа, кіламетраў за 20 ад Нарвы ў заходнім напрамку. Кажуць, узвышшы ўзніклі як складкі на мясцовасці больш за 10 тысяч гадоў таму з‑за руху ледавіка. Там асабліва выдзяляюцца Торнімяэ (Вежавая гара) ды Грэнадзерымяэ (Грэнадзёрская гара). Апошняя, вышынёй 83 метры над узроўнем мора, была цэнтральнай ва ўсёй абарончай сістэме: з траншэямі ў некалькі ліній у паўднёвай частцы, бункерамі на поўначы. А на Паркавай гары яшчэ ў Першую сусветную ўзвялі бункеры — іх ворагі ў 1944‑м, абараняючы лінію Таненберг, выкарыстоўвалі пад склады й артылерыйскія пазіцыі. Вось чаму такімі велізарнымі былі ахвяры з боку Чырвонай арміі ў часе бітвы за Блакітныя горы. Яна доўжылася з 24 ліпеня па 10 жніўня. І стала адной з самых маштабных па колькасці ахвяр на тэрыторыі Эстоніі ў Другую сусветную вайну.

Мы даведаліся, што, сустрэўшы ў Сінімяэ жорсткае супраціўленне, да канца ліпеня 44‑га Чырвоная армія падрыхтавала новы наступ, каб зламаць супраціў ворага: на фронце ў раёне Нарвы. Наступ Ленінградскага фронту, якім камандаваў маршал Леанід Говараў, пачаўся 24 ліпеня сіламі 2‑й Ударнай арміі ды 8‑й Арміі ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі артылерыйскіх і бранятанкавых сіл, з падтрымкай 13‑й Паветранай Арміі, частак Балтфлоту. Самыя кровапралітныя баі праходзілі з 27 па 30 ліпеня. Вышыні Сінімяэ шматкроць пераходзілі з рук у рукі, дакладныя лічбы тых стратаў невядомыя: гісторыкі кажуць пра некалькі дзясяткаў тысяч. На помніку, што на Брацкай магіле № 1, ёсць таблічкі, надпісы. Спіс пахаваных у інтэрнэце: http://forum.patrіotcenter.ru/іndex.php?topіc=15025.0

У 1952‑м у цэнтры Брацкай магілы № 2 быў пастаўлены манумент: трапецападобная рустыкальная сцяна. Там надпісы на дзвюх мовах: “Вечная слава героям, якія загінулі ў баях за свабоду й незалежнасць Радзімы”. Лічыцца, што ў брацкіх магілах пахавана да 22 тысяч салдат і афіцэраў, па іншых звестках — да 40 тысяч. Там жа хаваюць парэшткі чырвонаармейцаў, якіх знаходзяць пошукавікі ў ваколіцах Сінімяэ.

І вось мы — на тым месцы воінскай славы, дзе, мяркуем, загінулі й сотні нашых супляменнікаў, суайчыннікаў. У савецкую пару, аднак, яны ўсе былі: савецкі народ. Святар нарвскага храма на пачатку ўрачыстай цырымоніі прачытаў кароткую памінальную малітву. Затым былі ўскладзены кветкі да надмагільнага манумента. Разам з прадстаўніком Амбасады Беларусі ў Эстоніі актывісты суполкі “Сябры” й пошукавага клуба ўзялі зямлю з брацкіх магіл.

Мяшэчкі з зямлёй былі дастаўлены ў Мінск, у Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння. Туды ж мы пераслалі інтэрнэт-спасылкі на спісы больш чым 17 тысяч пахаваных у магілах, вядомыя на гэтую пару. Усё зроблена было для таго, каб капсула з зямлёй з Эстоніі таксама трапіла ў Мінску — сярод іншых, і потым урачыста была закладзена ў крыпту Усіхсвяцкага Храма-помніка.

Людміла Аннус, кіраўніца суполкі “Сябры”, г. Нарва

Фота: Віктар Байкачоў

Ад рэдакцыі. Спадарыня Людміла на пытанне пра беларусаў, што загінулі пад Сінімяэ, шчыра паведаміла: нічога пакуль не знайшла. І дадала: “Праўда, не раз мне казалі пра маёра Сцяпана Пятровіча Маслава як беларуса: ён быў камандзірам вядомага Мерыкюласкага дэсанту. Таго самага, які геройскі змагаўся з ворагам ды ўвесь быў знішчаны ў лютым 1944‑га ў баях за Эстонію. Знайшла пра яго цікавы тэкст у інтэрнэце: http://wap.іnspeee.borda.ru/?1–0-0–00000007–000–0-0–1479732277. З яго даведалася: герой быў родам з Расіі (вёска Халое Калінінскай — цяпер Цвярской вобласці), пасля вучобы ў Кіеве прыбыў у Мінск у 1934‑м камандзірам сапёрнага ўзвода. Там абзавёўся сям’ёй, якая, ёсць звесткі, жыве ў Беларусі ды прыязджала на перапахаванне парэшткаў маёра Маслава ў Брацкую магілу № 2”.

З тэкста дасланай спасылкі мы даведаліся, што жонку героя звалі Марыя Трыч, у сям’і былі дачка Тамара й сын Сяргей, а ў вайну яны жылі ў беларускай вёсцы ў родзічаў. І ёсць надзея: след героя на беларускай зямлі — не згінуў.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.