Вы тут

Па Стаўбцоўшчыне. Новы і Стары Свержань


Ад Міра, як кажуць, рукой падаць і да Стоўбцаў, бо Стаўбцоўскі край суседзіць з Карэліччынай. А там жа такія багатыя на таленты мясціны, што літаратурна-краязнаўчае падарожжа па прынёманскай старонцы можна расцягнуць і не на адзін дзень.


Аляксей Пяткевіч з каляжанкамі. Фота centrbibl.grodno.by

Стоўбцы, цэлы шэраг паселішчаў Стаўбцоўскага раёна звязаны з жыццём і творчасцю народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Адна Мікалаеўшчына чаго вартая: гэта проста легендарная беларуская, стаўбцоўская літаратурная вёска! (Яе ў народзе часцей называлі раней: Мікалаўшчына. Згадваем пра тое, каб і спаконвечная назва ў народнай памяці не гублялася. — Рэд.) І сёння ў беларускай літаратуры працуюць ураджэнцы, жыхары старадаўняга паселішча. Цяпер там, у Мікалаеўшчыне, жыве цікавая, адметная і разам з тым малавядомая асоба ў літаратуры: рускі празаік і мастак, графік Юры Пяткевіч. Але пакуль што нам — у іншы кут: першы маршрут па Стаўбцоўшчыне я прапаную пракласці ў Новы Свержань.

Колькі слоў пра само паселішча. Новы Свержань — вёска, і немалая, пры ўпадзенні ракі Жацераўкі ў Нёман. Усяго за 3 км ад саміх Стоўбцаў, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Стоўбцы. Знаходзіцца вёска на аўтадарозе Нясвіж — Стоўбцы, якая пакручаста праз вёску праходзіць. З Міра там, лічы, прамая дарога: не будзе й трыццаці кілометраў — такое адметнае слоўца ўжываюць у тых мясцінах.

У XVІ стагоддзі, сцвярджаюць гістарычныя дакументы, мястэчкам Наваградскага павета Новы Свержань валодалі адначасова А. Урэлеўскі, М. Слушка, А. Валовіч. Затым гаспадарамі сталі Храптовічы. У 1575‑м Новы Свержань перайшоў ва ўладанні Мікалая Радзівіла “Сіроткі”. Новы гаспадар заснаваў там касцёл, а пасля й праваслаўную царкву: яны стаяць зусім побач, праз аўтадарогу. Пра бурнае ранейшае жыццё ў мястэчку яскрава сведчыць такі факт: у 1681 годзе там было 44 крамы. А ў XVІІ–XVІІІ стагоддзях Новы Свержань апынуўся ў складзе ўжо Мірскага графства. Закранулі мястэчка й падзеі Вялікай Паўночнай вайны: у 1706 годзе шведскія войскі спалілі Новы Свержань. У 1‑й палове XVІІІ стагоддзя там быў заснаваны базыльянскі кляштар з семінарыяй. Дарэчы, якраз у тым стагоддзі й адбыўся падзел: само мястэчка атрымала назву Новы Свержань, а суседняя вёска — Стары Свержань…

А ваенных падзей на лёс Новага Свержаня ды яго блізкіх ваколіц хапіла і ў 1812 годзе: тады ля мястэчка біліся паміж сабой рускія і французкія войскі. Пра падзеі мінуўшчыны ў старадаўнім паселішчы красамоўна сведчыць і вадзяны млын: з пазамінулага стагоддзя ён стаў сведкам багатага на падзеі местачковага жыцця. Некаторы час быў у запусценні, а цяпер — дагледжаны, адрэстаўраваны пад аграсядзібу “Млын”. Там ёсць і старое замчышча, і Касцёл Святых Пятра і Паўла, які “родам” з XVІ стагоддзя, і праваслаўная царква — амаль равесніца касцёла… А яшчэ — могілкі ды сінагога…

Юры Пяткевіч з яго карцінай- Фота fulljazz.ru

І, пэўна ж, тая самая сінагога была ў свой час перад вачыма ў яўрэйскага пісьменніка Лукі Шалома Кацэнеленбогена (1877–1904): нарадзіўся ён у беларускім Новым Свержані, а памёр у швейцарскім Цюрыху. Вучыўся ў ешыботах у Міры й Слуцку, а настаўнічаў у Пінску ды Стоўбцах. З 1900 года жыў у Лондане. У 1904‑м новасвержанец паступіў у Цюрыхскі ўніверсітэт — і ў тым жа годзе закончыўся ягоны зямны шлях: наш зямляк патануў у легендарным Цюрыхскім возеры. Лука Шалом вядомы як аўтар аповесці “Зімовая ноч”. Верыцца, што знойдзецца перакладчык яе з ідзіш — і, магчыма, мы прыадкрыем цікавыя падрабязнасці з зімовага жыцця ў Новым Свержані напрыканцы пазамінулага стагоддзя…

Многія гады жыве ў Гродне знакаміты культуролаг, літаратурны краязнаўца, літаратуразнаўца, гісторык, бібліяфіл Аляксей Пяткевіч, які нарадзіўся ў Новым Свержані ў 1931 годзе. У 1954‑м закончыў філфак Беларускага дзяржуніверсітэта, затым — аспірантуру філфака БДУ. І з 1957 года выкладае ў Гродзенскім універсітэце. Многія гады Аляксей Міхайлавіч вёў на Гродзенскім абласным тэлебачанні праграму “Кнігарня”, сам аўтар каля 20 кніг. Сярод іх — “Пісьменннікі Прынёманскага краю”, “Літаратурная Гродзеншчына. Мясціны. Людзі. Кнігі”, “Людзі культуры з Гродзеншчыны”, “Маршруты кніжнага слова: з гісторыі кнігі, друку на Гродзеншчыне”, “Старонкі спадчыны. Культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы”, “Слова і кніга Прынёмання”… Мне нядаўна Аляксей Міхайлавіч даслаў сапраўды ўнікальную кнігу “Аўтографы — разам”. У ёй пададзены аўтографы з кніг, падараваных асабіста Пяткевічу. Выдатнае бібліяфільскае выданне, якое сведчыць пра высокую кніжную культуру і аўтара, і адпаведна — пра ўладальніка багатай бібліятэкі беларускіх кніг.

А мовазнаўца Вольга Шэлег (1931–1965) нарадзілася ў Старым Свержані. Пражыла, на вялікі жаль, усяго 34 гады. На год пазней за Аляксея Пяткевіча — у 1955‑м — закончыла філфак Белдзяржуніверсітэта. Працавала настаўніцай, з 1957 года — у Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Вольга Міхайлаўна займалася беларускай лінгвагеаграфіяй. Адна з аўтараў “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы” (1963), “Нарысаў па беларускай дыялекталогіі” (1964). У 1974 годзе (пасмяротна) ураджэнка Старога Свержаня адзначана была Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Аграсядзіба “Млын” у Новым Свержані

Дарэчы, у звязку з Мікалаеўшчынай мы згадвалі ўжо рускага пісьменніка Юрыя Пяткевіча (па руску: Петкевич), які нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне ў 1962 годзе. Доўгі час літаратар і мастак, якога цяпер больш ведаюць у Расіі, чым у Беларусі, жыў якраз у Новым Свержані. З Юрыем мы яшчэ, несумненна, сустрэнемся, вандруючы па іншых стаўбцоўскіх сцежках, бо пісьменнік і мастак стала прапісаўся на Стаўбцоўшчыне. І многія свае сюжэты — і ў прозу, і ў жывапіс, у графічныя работы — выношвае, асэнсоўвае якраз на Стаўбцоўскай зямлі. Дарэчы, Юры Пяткевіч — аўтар кніг прозы “Явление ангела”, “Колесо обозрения”, якія пабачылі свет у прэстыжных маскоўскіх выдавецтвах. Яны заўважаны й па-добраму адзначаны аўтарытэтнымі маскоўскімі літаратурнымі крытыкамі. А карціны нашага земляка захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Германіі, Італіі, Канадзе, Польшчы, ЗША…

Над уваходам у Касцёл Святых Пятра і Паўла бачна лічба “1588”. Фота fotobel.net

Алесь Карлюкевіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».