Вы тут

Ваявалі на Паўночным Каўказе


Дзякуючы самаадданай працы пошукавікаў Кабардзіна­-Балкарыі не забытыя і ўраджэнцы Беларусі, якія загінулі пры абароне КБР у 1942 годзе


Сёлета — 75 гадоў Вялікай Перамозе, і былых удзельнікаў той страшнай вайны сярод нас — адзінкі. А як будуць нашчадкі нашы адзначаць свята праз 50–100 гадоў? Ці будуць наогул святкаваць Вялікую перамогу народа Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў? Бо й цяпер столькі шумавіння, пены ў свеце вакол гэтай тэмы. Ці выхаваем, ці выгадуем нашчадкаў такімі, каб маглі цаніць подзвіг сваіх продкаў, якія перамаглі фашызм? На жаль, гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя войнаў. Сыдзе пакаленне ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, не так ярка будзе ззяць іх слава. Ужо сёння шмат хто жадае “скарэктаваць” грамадскую думку наконт прычын пачатку Другой сусветнай вайны, прынізіць і сказіць ролю чырвонаармейцаў, Савецкага Саюза ў дасягненні Перамогі. Апошні рубеж змагання — за праўду пра вайну — павінны трымаць сёння ўсе мы, нашчадкі Вялікай Перамогі.

Я схіляю галаву перад пошукавікамі, даследчыкамі, школьнікамі з Кабардзіна-Балкарыі: яны па закліку душы вядуць пошукавую працу, знаходзяць у архівах імёны загінулых. Дзякуючы іх працы не забытыя і ўраджэнцы Беларусі, якія загінулі пры абароне Кабардзіна-Балкарыі ў 1942 годзе.

Падрабязнасці падзення самалёта, імя загінулага лётчыка было ўстаноўлена да 30‑годдзя Перамогі дзякуючы пошукавай працы навучэнцаў 7 “Б” класа Аляксандраўскай школы КБР пад кіраўніцтвам настаўніцы Н. Саламацінай. Баявы шлях лётчыка не адзначаны ардэнамі й медалямі. У данясеннях пра страты на партале “Объединенная база данных Мемориал”, у банку дадзеных “Кніга памяці Рэспублікі Беларусь”, на сайце “Авиаторы Второй мировой” ён лічыўся зніклым без вестак. А след — знайшлі! Высветлілі: Абрам Замінуілавіч Раговін нарадзіўся ў 1922‑м у Мінску. 16 жніўня 1942 года самалёт сяржанта Раговіна ў паветраным баі быў збіты над станіцай Аляксандраўскай, ля ракі Церак. Лётчык выскачыў з парашутам, яго праціўнік развярнуўся й расстраляў сяржанта ў паветры. Напамінам пра тое — мемарыяльная дошка ў гонар Абрама Раговіна ў скверы станіцы Аляксандраўскай, Майскага раёна КБР. Дзякуючы звароту пошукавікаў Ахмеда Нахушава і Уладзіміра Арсаева ад 26 красавіка 2019 года ва Упраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны й ахвяр войнаў Узброеных Сіл Беларусі (былі прадстаўлены неабходныя дакументы) у базе дадзеных “Кніга памяці Рэспублікі Беларусь” запісаны Абрам Замінуілавіч Раговін, які аддаў жыццё за Радзіму.

Яшчэ адзін лёс. У зводках ваеннага часу не ўзгадваліся ні паселішча Кызбурун‑1, ні вышыня 910 у Кабардзіна-Балкарыі. Але байцы й камандзіры, якія змагаліся там, ведалі: ворага трэба спыніць, не даць яму прарвацца ўглыб Каўказа. Усведамляў тое й камандзір 7‑й стралковай роты 535‑га палка Мікалай Дворак, 23‑гадовы беларус з вёскі Добрынь (цяпер Ельскі раён Гомельшчыны). Шмат нападаў, атак адбілі абаронцы. І нібы адзін суцэльны грукат жорсткага бою стаяў на паўднёвым беразе рэчкі Баксан, дзе пралягала тая мяжа для роты Мікалая Дворака, за якую вораг не павінен прайсці. Баі часта пераходзілі ў рукапашныя сутычкі. Узнагародныя дакументы з Цэнтральнага архіва Мінабароны Расіі (ЦАМО) на воінаў-гвардзейцаў, якія абаранялі вышыню 910, сведчаць: там былі воіны розных нацыянальнасцяў: беларус, рускі, яўрэй, калмык, чаркес, удмурт, украінец, кабардзінец ды многія іншыя. Ордэнам Леніна (пасмяротна) быў адзначаны подзвіг гвардыі лейтэнанта Мікалая Фёдаравіча Дворака. І што не характэрна для таго часу (жнівень 1942 года): камандзірам палка ён быў прадстаўлены да ордэна “Айчыннай вайны 1‑й ступені”. Камдыў прапанову падтрымаў, а ваенны Савет Закаўказкага фронту, камандуючы 37‑й Арміі генерал-маёр Казлоў палічылі: подзвіг камандзіра роты заслугоўвае больш высокай узнагароды — ордэна Леніна.

Гвардыі чырвонаармеец, беларус, ураджэнец Шклоўскага раёна Магілёўшчыны Аляксандр Леанідавіч Цыганкоў пры абароне гары Хора Хора ў КБР быў паранены, асабіста знішчыў 16 гітлераўцаў. Адзначаны медалём “За адвагу”. Малодшы палітрук, беларус, член ВКП (б) Пётр Мікалаевіч Прымака 22 жніўня 1942 года за паланенне 16 фашыстаў у сяле Кішпек КБР адзначаны медалём “За адвагу”. Беларус, член ВКП (б) Аляксандр Андрэевіч Шалешка быў прызваны ў Чырвоную армію “Весельчевским РВК БССР” у 1940 годзе. (Ёсць сумненні па правільнасці назвы. Можа Васілевіцкім? Быў такі ў Палесскай вобласці БССР. — Рэд.). Старшы сяржант, камандзір узвода 214 кавпалка, 63 кавдывізіі Аляксандр Шалешка ўдзельнічаў у баявых аперацыях на вышынях Кругазору Каўказкага хрыбта, біўся з ворагам на Моздокскім кірунку. Быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, ордэнам Чырвонай Зоркі. Загінуў у лютым 1944‑га, калі нашы войскі ўжо былі на тэрыторыі Заходняй Еўропы.

Ваяваў на Каўказе Ігнат Уладзіміравіч Радзеўскі — лейтэнант, беларус, камандзір батарэі гармат 626 стралковага палка, 151 стралковай дывізіі. У баі за Ніжні Курп, калі ворагі рваліся да Грозненскай і Бакінскай нафты, быў паранены. У ходзе бою загінуў увесь разлік гарматы, і сам ён стаў біць прамой наводкай па нямецкіх танках. Пры тым вывеў са строю галаўны танк праціўніка ды яшчэ адзін. За подзвіг узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пасля вайны капітан запасу Радзеўскі жыў у беларускім Шклове, на Магілёўшчыне, у 1985‑м быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2‑й степені.

Беларусам, якія жывуць у Кабардзіна-Балкарыі, такія весткі вельмі патрэбныя. А пошукавікі ўстанаўліваюць імёны і ўраджэнцаў КБР, якія вызвалялі Беларусь у 1944 годзе. Яны па 4 разы ўшанаваны беларускімі медалямі, што ўручаюцца да юбілейных дат, і ў 2019‑м атрымлівалі ўзнагароды “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Адзін з самых значных сімвалаў памяці пра абаронцаў Кабардзіна-Балкарыі — Брацкая магіла ў гарадскім парку Нальчыка. Там пахаваны, сведчаць дакументы, і малодшы лейтэнант Сяргей Цімафеевіч Вігура: беларус, памочнік камандзіра батарэі, які загінуў у баі 28 жніўня 1942 года. Мы традыцыйна ўскладаем кветкі, успамінаем землякоў, якія ваявалі ў 1942‑м у Кабардзіна-Балкарыі, набліжаючы Вялікую Перамогу.

Павел Сідарук, старшыня Кабардзіна- Балкарскага грамадскага руху “За яднанне, сябры!”

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.