Вы тут

Радасць і смутак паэта. Шаравая маланка ў лёсе дачкі Янкі Журбы


Роднай вёскі беларускага паэта, педагога, перакладчыка Янкі Журбы (Івана Якаўлевіча Івашына) Купніна Чашніцкага раёна на Віцебшчыне даўно няма на карце Чашніччыны. Але там захаваліся рэшткі хаты, дзе нарадзіўся і працяглы час жыў паэт, а ў 1912-м нават прымаў Янку Купалу. У Чашніках яшчэ жывуць людзі, якія добра ведалі знакамітага земляка. Гэта яго вучні. Пасля вайны Журба працаваў настаўнікам спеваў у мясцовай школе. Старажылы ўспамінаюць: паэт быў адзінокі, слабавідушчы. Як і многія даследчыкі яго творчасці, большасць чашнічан пераканана: ён ніколі не меў сям’і. У палоне такой ілюзіі доўгі час знаходзілася і я.


Здымак Янкі Журбы для дачкі, які яна  беражліва захоўвала ўсё жыццё

Выпадак дапамог мне даведацца ісціну. Неяк інтэрнэт-выданне «Віцебскі кур’ер» папрасіла зрабіць матэрыял пра Журбу. Нарыс выйшаў пад назвай «Янка Журба: чалавек з іншай планеты». Не чакала, што ім зацікавяцца ў замежжы. Але здарылася менавіта так. Адгукнуўся жыхар Санкт-Пецярбурга Уладзімір Мкртчан: «Вельмі цікавы матэрыял, але ў ім ёсць недакладнасць. У Журбы была дачка. Я жыў у яе сям’і…» Як? Пачала шукаць інфармацыю і натрапіла на артыкул Людмілы Рублеўскай, дзе сцвярджалася: Журба быў двойчы жанаты і меў дачку ад першага шлюбу. Я зацікавілася: чаму ж у сталым узросце ён жыў адзін? Тым больш вядома: смяротна хворага паэта даглядалі манахіні полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, якому раней Журба ахвяраваў сродкі. Звярнулася да Уладзіміра Мкртчана. Паміж намі завязалася перапіска і адбылася гутарка. Так мне адкрыліся невядомыя старонкі біяграфіі паэта і яго сям’і.

Мой суразмоўца прыехаў з Ерэвана ў  Ленінград у 1963 годзе, паступіў у  політэхнічны інстытут. Значна раней у горадзе на Няве апынуўся родны дзядзька юнака, таленавіты вучоны ў галіне прыборабудавання, лаўрэат Сталінскай прэміі Дэрэнік Мкртчан. Жонкай Дэрэніка была Іраіда Івашына, дачка Журбы. Іраіда працавала кіраўніком рабочай групы аднаго з ленінградскіх НДІ. Пара не мела дзяцей, пляменнік Дэрэніка стаў ім за сына. Нават пасля смерці дзядзькі Валодзя захаваў вельмі цёплыя зносіны з  Іраідай, да апошніх яе дзён заставаўся адным з самых блізкіх для жанчыны людзей і таму добра ведае пра жыццё Іраіды.

…Адзінае дзіця Журбы нарадзілася ў Барысаве ў 1915 годзе. Карані маці, першай жонкі Журбы, Валянціны Іванаўны, таксама на Барысаўшчыне. Цёця Ціна (як звалі яе блізкія) — з вялікай сям’і. Барысаўскіх сваякоў было шмат, і маці з дачкой наведвалі іх. Абедзвюх у Беларусі чакалі не толькі сваякі, але і сябры, знаёмыя.

У паўночную расійскую сталіцу Іруся (як зваў яе бацька) прыехала, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. У Ленінградзе жыў адзін з братоў маці Хрыстафор, які адразу ўзяў пад апеку пляменніцу. Іруся паступіла ў Ленінградскі электратэхнічны інстытут. На выбар зусім не паэтычнай прафесіі паўплываў выпадак. Члены сям’і Мкртчана не аднойчы чулі гісторыю аб прафесійным выбары.

Дачка паэта ў блакадным Ленінградзе

…Чацвёра школьніц сядзелі за сталом каля адчыненага акна. А на дварэ грымела навальніца. Падлеткі не думалі пра небяспеку, і адбылася трагедыя. Прычынай смерці адной з дзяўчынак стала шаравая маланка.

Смерць сяброўкі прымусіла Іраіду задумацца аб прыродзе такіх з’яў, таму яна і звязала жыццё з электратэхнікай. Але кола яе захапленняў было значна шырэйшае. Дачка Журбы, як сцвярджае мой суразмоўца, была асобай неабыякавай, таленавітай. Ёй ад бацькі перадаліся выдатныя музычныя здольнасці. Цудоўна іграла класіку на фартэпіяна. Вельмі любіла чытаць кніжкі, якія дасылаў Іван Якаўлевіч, і заўсёды ганарылася тым, што бацька — вядомы беларускі паэт.

Бацьку і дачку раз’ядналі абставіны і адлегласці (Івашыны разышліся, калі дзяўчынцы споўнілася ўсяго 8 гадоў). Абаім давялося прайсці праз цяжкія выпрабаванні часу. Горкі адбітак у лёсах пакінулі сталінскія рэпрэсіі, вайна.

Вядома, што ліхалецце саракавых Іван Якаўлевіч перажываў у акупіраваных Чашніках. Пры немцах узнавілася служба ў праваслаўным храме. Паэт меў добры голас і спяваў у царкоўным хоры. Пазней ён прызнаваўся земляку, пісьменніку Рыгору Рэлісу, што пасля акупацыі марыў паехаць у Мінск, працаваць у Інстытуце мовазнаўства АН БССР, як у 1930-я, але баяўся, што ўспомняць былое і прыпішуць супрацоўніцтва з фашыстамі.

Іраіда прайшла выпрабаванне блакадай. Перад вайной нарадзіла дзіця. У кватэры блакаднага горада жылі ўтраіх: Ціна, Іраіда і немаўля. Бабуля займалася ўнукам, маці працавала. У Мкртчана захаваўся фотаздымак з датай: кастрычнік 1942-га. На ім — моцна схуднелая дачка паэта…

Неяк з-за адсутнасці транспарту Іраіда некалькі дзён не магла дабрацца на працу. Па законах суровага часу гэта лічылася злачынствам, жанчыну арыштавалі, і яна апынулася ў Крыжах. Зняволенне працягвалася некалькі месяцаў. Пасля таго, як яна падала прашэнне на імя Сталіна, выпусцілі, а пазней рэабілітавалі.

Вяртанне дадому радасным не было. Убачыць адзінае дзіця ёй больш не давялося…

У 1951-м Іраіда выйшла замуж за Дэрэніка, але шчасця мацярынства больш не спазнала.

Яна не любіла ўспамінаць пра блакадны час, ніколі не клапацілася пра льготы, належныя ў сувязі з перажытым. Толькі ў пачатку дзевяностых, незадоўга да смерці Іраіды, Уладзімір Мкртчан заняўся яе дакументамі. У выніку дачка Журбы атрымала статус жыхара блакаднага Ленінграда.

Пасля вайны Іван Якаўлевіч, які ў  1941-м страціў другую жонку, Галіну, даведаўся пра ваенны лёс Ціны і дачкі. Як толькі з’явілася магчымасць пабачыць родных, паэт адпраўляецца ў горад на Няве. Марыў наладзіць зносіны з сям’ёй, клікаў Ціну і дачку ў Беларусь, але тыя на пераезд не згадзіліся. Паэт жа не мог без Радзімы.

Вестку аб смерці Журбы Івашыны ленінградцы атрымалі, калі Ціна была на смяротным ложы. Адыходзіла яна вельмі цяжка і ўсяго на некалькі месяцаў перажыла былога мужа. Смерць забрала абаіх у 1964-м.

Іраіда пайшла з жыцця ў 1994-м ва ўзросце 79 гадоў. Ад бацькі яна ўнаследавала дрэнны зрок. У старасці амаль не бачыла. Пасля смерці Дэрэніка Уладзімір не раз прапаноўваў пераехаць у яго сям’ю. Іраіда адмаўлялася, не жадала абцяжарваць маладых. Да канца дзён заставалася вельмі добрым, чулым чалавекам, пра якога кажуць: ён жыў сэрцам…

Ірына ТОРБІНА

Здымкі з сямейнага архіва Уладзіміра Мкртчана

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.