Вы тут

Па няходжаных сцежках. Памяці Алеся Пальчэўскага


Уласная жыццёвая дарога Алеся Пальчэўскага не была ўсыпана ружамі… Алена Васілевіч


У Жабінцы, у сярэдняй школе № 1, праводзіўся Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі. Педагогі запрасілі выступіць мяне перад вучнямі, і я расказваў пра дзіцячы часопіс «Вясёлка», у якім друкаваўся звыш дзясятка гадоў, і сустрэчы з Васілём Віткам ды Алесем Пальчэўскім. Дзяўчынка паднесла нядаўна выдадзены двухтомнік выбраных твораў Пальчэўскага. Прыняў яго як штосьці вельмі блізкае да таго, аб чым расказваў дзецям.

Для мяне яны заўсёды стаялі поруч, разам працавалі ў «Вясёлцы»: Вітка — рэдактарам, а Пальчэўскі — адказным сакратаром.

Пра чалавечнасць і чуласць да людзей Алеся Восіпавіча не раз выпала чуць ад сяброў-пісьменнікаў. Пальчэўскі, вярнуўшыся з ГУЛАГа, імкнуўся дапамагаць людзям: за свой кошт праклаў ад станцыі Стоўбцы да роднай вёскі Прусінава зручную брукаваную дарогу, абгарадзіў сельскія могілкі. Хадайнічаў аб павышэнні пенсіі для сваёй суседкі, а калі нічога не атрымалася, са сваіх невялікіх заробкаў высылаў ёй штомесяц ананімна грошы.

Чалавечую далікатнасць і жаданне дапамагчы адчуў пры першым знаёмстве і я. Васіль Вітка, даведаўшыся, што вясковы настаўнік з Палесся прывёз апавяданні, перадаў мяне, як кажуць, у рукі Алеся Пальчэўскага, адказнага сакратара рэдакцыі, аўтара добрых твораў пра школу.

Я прывёз два апавяданні: «Ёлка» і «Ці прачнецца раніца?» Першае яўна не спадабалася Алесю Восіпавічу, і ён цярпліва і доўга даводзіў, як неабходна было павярнуць сюжэт, каб зацікавіць юнага чытача. Другое «Ці прачнецца раніца?» Пальчэўскаму прыйшлося даспадобы больш. Радасць і смутак паэта Шаравая маланка ў лёсе дачкі Янкі Журбы

— Апавяданне харошае, — сказаў ён,  — але ўзрост героя замалы для «Вясёлкі». Пашліце ў часопіс «Работніца і сялянка». У іх ёсць рубрыка «Мама, пачытай!». Думаю, возьмуць.

Прыехаўшы дадому, я запячатаў апавяданне ў канверт і паслаў. У той жа год, і сапраўды, яно было надрукавана ў «Работніцы і сялянцы». А сам засеў за апавяданне для «Вясёлкі». Яно мела мудрагелістую назву «Гаючы чай з ліпавых кветак». Алесь Восіпавіч зрабіў прасцей: «Ліпавы цвет». Так, добразычлівасць і чуласць Васіля Віткі і Алеся Пальчэўскага спрыялі таму, што на многія гады я стаў не толькі чытачом, але і аўтарам гэтага выдання.

На жаль, махавік сталінскіх рэпрэсій, які ў тыя гады набіраў абароты, не абышоў і Алеся Пальчэўскага.

У аўтабіяграфічных нататках «Жыццёвыя сцежкі» пісьменнік успамінаў: з 26 лістапада 1936 года пачаўся новы перыяд у яго жыцці — «перыяд нягод і бясконцых вандраванняў па няходжаных сцежках» (быў рэпрэсіраваны 1.10.1937 г. і прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. — Заўв. рэд.). Толькі ў жніўні 1946 года ён, набыўшы рабочую спецыяльнасць, вярнуўся з Горкаўскай вобласці ў Беларусь.

Дзесяць дарма змарнаваных гадоў. Сям’я распалася. Нарэшце знялі судзімасць, і Алесь Восіпавіч пачаў выкладаць у школах мову і літаратуру. У 1948 г. зноў асуджаны да высылкі, на пасяленне. Аказаўся ў Краснаярскім краі. Там стаў адметным цесляром і змог з гордасцю пазней заявіць, што «навучыўся ставіць дамы не толькі ў просты вугал, але і «ў замок». Многія нявыдуманыя гісторыі з перажытага леглі ў аснову яго апавяданняў, а яшчэ болей увайшло ў найлепшую аповесць «Сцежкі».

У апошнія гады Пальчэўскі моцна хварэў. Аднойчы Мікола Чарняўскі расказаў: Алесь Восіпавіч, як сцвярджае сам, памрэ 26-га чысла, бо гэта для яго — «чорны дзень»: менавіта дваццаць шостага ён быў двойчы незаконна арыштаваны. Алесь Пальчэўскі, і сапраўды, памёр 26 красавіка 1979 года.

Па словах Уладзіміра Юрэвіча, у апошні свой дзень Алесь Восіпавіч даводзіў да ладу той двухтомнік, што ўручылі мне вучні ў Жабінцы. Пальчэўскі распарадзіўся, каб пахавалі яго на Уздзеншчыне, у родным Прусінаве.

Аб пахаванні Сяргей Грахоўскі напісаў: «Праводзіла Алеся ў апошнюю дарогу ўсё сяло. Шлях да могілак жанкі акрапілі слязьмі. Трактарысты заглушалі машыны і без шапак ішлі па раллі развітацца са слаўным земляком, хадатаем і заступнікам, адданым людзям другам і заўсёды натхнёным мастаком слова».

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, што выпалі на долю пісьменніка, ён не ачарсцвеў душою. Бо Алесь Восіпавіч памятаў і да канца выконваў бацькаў наказ: «Перад табою, сынок, шырокая дарога ў свет. Ідзі па ёй, ды ніколі не забывайся, што ты чалавек». І ён вытрымаў экзамен на чалавечнасць, дапамагаў усім, хто меў патрэбу...

Расціслаў БЕНЗЯРУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.