Вы тут

Аб’яднаныя трагедыяй


У Палацы мастацтваў прадставілі работы на ваенную тэматыку творцаў чатырох пакаленняў


Уладзімір Кожух «Аплакванне»

Вялікая Айчынная вайна стала найвялікшай трагедыяй для беларускага народа і знайшла адлюстраванне ў  творчасці шматлікіх мастакоў. Да ваеннай тэмы звярталіся прадстаўнікі бадай усіх жанраў, якія адлюстроўвалі розныя бакі жахлівых падзей. 8 мая ў Палацы мастацтваў адбылося адкрыццё маштабнай выстаўкі «75 гадоў Памяці». Праект унікальны тым, што ў палілог на тэму вайны ўступаюць адразу некалькі пакаленняў творцаў. Так, другі паверх галерэі цалкам аддадзены работам майстроў XX стагоддзя — рамантыка Леаніда Шчамялёва, манументаліста Аляксандра Кішчанкі, філосафа Мікалая Залознага, лірычнага Мая Данцыга і іншых легенд беларускага мастацтва — усяго 140 палотнаў. На першым паверсе трагічныя падзеі мінулага ў сваіх інсталяцыях і карцінах пераасэнсавалі сучасныя творцы.

Знамянальны юбілей — 75 гадоў з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне  — нагадвае пра падзеі і вынікі мінулага, пра гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Сёння ад пераможнага мая 1945 года нас аддзяляе вялікі адрэзак часу, і гэта дазваляе адлюстроўваць ваенную тэматыку без штампаў, патэтыкі і бравурных інтанацый. Праект сведчыць пра памяць — гістарычную, сямейную, асабістую. Менавіта памяць стала своеасаблівым рухавіком творчасці беларускіх мастакоў, якія тым ці іншым чынам мелі дачыненне да драматычных падзей вайны.

 — Мы невыпадкова назвалі гэты праект «75 гадоў Памяці», бо памяць — вельмі своеасаблівая катэгорыя. 75 гадоў мы гартаем старонкі жахлівых падзей, 75 гадоў памятаем, — тлумачыць мастацтвазнаўца, адна з куратараў выстаўкі Наталля Шаранговіч. — На прыкладзе прадстаўленых твораў мы можам прааналізаваць, як з гадамі мянялася стаўленне да тэмы вайны. Па-рознаму ўспрымалі вайну шасцідзясятнікі, больш прадумана ставіліся васьмідзясятнікі, ну і, канечне, абсалютна па-іншаму ўспрымае вайну сучаснае пакаленне. Але ж усе работы, усе некалькі пакаленняў у гэтым праекце аб’ядноўвае эмацыянальнае ўспрыманне трагедыі.

Значная частка экспазіцыі дэманструе работы з новага праекта Беларускага саюза мастакоў «Залатая калекцыя». Гэта больш чым 100 жывапісных палотнаў і графічных лістоў 1960—1990 гадоў, прысвечаных тэме вайны. Аўтары — В. Цвірка, Я. Зайцаў, І.  Стасевіч, У.  Стальмашонак, Г.  Вашчанка, І. Басаў, М. Селяшчук і іншыя — выдатныя майстры савецкага і сучаснага айчыннага мастацтва. Маштабныя палотны гэтых мастакоў паказваюць успрыманне падзей вайны і лёсу яе звычайнымі ўдзельнікамі ў кантэксце канцэпцыі памяці як найважнейшага маральнага складніка.

— Выстаўка не проста паказвае старонкі памяці, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, але і  дэманструе вялікія імёны нашай беларускай мастацкай школы, якой, дарэчы, у гэтым годзе спаўняецца 75 гадоў, — адзначыў на адкрыцці выстаўкі народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. — Праект дэманструе грунтоўнасць падрыхтоўкі ў Акадэміі мастацтваў. У асноўным усе ўдзельнікі экспазіцыі  — выпускнікі акадэміі альбо яе выкладчыкі. Цяпер вельмі складаны час, але ён дае магчымасць у жорсткіх рэаліях зберагчы тое, што дадзена нам легендарнымі асобамі.

На выстаўцы — як хрэстаматыйныя творы, так і работы, вядомыя толькі спецыялістам. Ва ўсіх выразна адчуваецца асабістае ўспрыманне вайны. Нягледзячы на тагачасныя каноны і ўмовы, у  карцінах нашых папярэднікаў гучыць жывы, шчыры голас жывапісу. Нават тыя мастакі, якія не ўдзельнічалі ў  баявых дзеяннях, прыйшлі ў творчасць у пасляваенны час, выраслі пад уражаннем бацькоўскіх гісторый, успрымалі вайну як частку ўласнага жыцця.

Вайна — гэта не толькі боль і смерць, кроў, выбухі снарадаў, пераможныя салюты. Вайна — гэта сапраўднае сяброўства, вернасць, гэта каханне, вострае адчуванне прыгажосці зямлі, якую трэба ратаваць ад ворагаў; гэта ўспаміны і разважанні. Выставачны праект «75 гадоў Памяці» не дае ацэнак падзеям ваеннага часу, а ён працягвае асэнсаванне вайны ў творах, паказвае эвалюцыю стаўлення да трагічных старонак гісторыі краіны мінулага стагоддзя.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».