Вы тут

Якую беларускую анімацыю варта паказаць дзецям?


Стварэнне аднаго анімацыйнага фільма ў любой тэхніцы — гэта тытанічная праца. У кожнай секундзе маляванага мультфільма 25 кадраў, гэта значыць, для дзесяціхвіліннай карціны трэба пятнаццаць тысяч малюнкаў. Штогод на студыі «Беларусьфільм» здымаецца ад 7 да 10 анімацыйных фільмаў. Акрамя гэтага, нельга здымаць з рахункаў незалежную беларускую анімацыю. Аднак у паветры павісла пытанне без адказу: чаму айчынныя анімацыйныя работы малавядомыя юным гледачам? Каб крыху выправіць сітуацыю, мы склалі спіс беларускай анімацыі XXI стагоддзя для бацькоў, якія рады паказаць дзецям айчынныя мультфільмы, але не ведаюць, як і дзе іх шукаць.


Фільм «Пра дзяўчынку Жэню»

Для дашкалят

Першае, чым раім парадаваць дзяцей, — мультыплікацыйны серыял «Рыбка па імені Нельга» ад сцэнарыста і рэжысёра Аляксандра Ленкіна. У сямействе залатых карасёў з’явілася некалькі дзясяткаў малых, і на працягу васьмі серый бацькі выхоўваюць сваіх гарэз, паралельна навучаючы простым жыццёвым прынцыпам гледачоў серыяла. У мультфільме бацькі гіпербалізавана часта кажуць «нельга». Пасля прагляду дзіця будзе дакладна ведаць, што «можна», а што «нельга». Дарэчы, існуюць паштовыя маркі з кадрам з фільма «Рыбка па імені Нельга», якія былі выпушчаны да 40-годдзя беларускага анімацыйнага кіно.

Кінарэжысёр і мастак-пастаноўшчык Таццяна Жыткоўская з камандай прафесіяналаў з 2011 па 2013 год стварылі цыкл анімацыйных фільмаў «Пра дзяўчынку Жэню». Гэта серыял, які складаецца з пяці частак, пра будні і свята маленькай дзяўчынкі, якая жыве ў вялікай сям'і, ходзіць у дзіцячы садок, пазнае свет і вучыцца ладзіць з бацькамі, выхавальніцай, старэйшай сястрой. З  кожнай сваёй прыгоды Жэня атрымлівае жыццёвы ўрок, які ў даступнай форме агучвае. Так, у адным з эпізодаў дзяўчынка разумее, што сяброўства даражэйшае за самыя каштоўныя матэрыяльныя рэчы. Думаецца, гэты наратыў зусім не новы, але Джэром Сэлінджэр пісаў: «Лепш бы некаторыя рэчы не мяняліся. Добра, калі б іх можна было паставіць у зашклёную вітрыну і не чапаць».

Наступная рэкамендацыя — анімацыйны фільм «Незвычайны дзіцячы сад», які складаецца з чатырох гісторый: «Худая Маша», «Як Кавардак у дзіцячым садзе пасяліўся», «Што здарылася з Борам», «Непаслухмяныя зашпількі». Героямі гэтых эпізодаў з’яўляюцца персанажы вершаў дзіцячага пісьменніка Андрэя Смятаніна. Рэжысёры-пастаноўшчыкі мультфільма — Марына Лук’янава і Руслан Сінкевіч.

Працягваем наш спіс яшчэ адной цікавай работай рэжысёра Руслана Сінкевіча — беларускамоўным фільмам «Якія сны сніць мядзведзь». У аснову сюжэта пакладзены старажытны беларускі народны абрад — Камаедзіца. Яго сутнасць заключаецца ў сустрэчы вясны і цесна звязана з абуджэннем мядзведзя. У мультфільме людзі ўсёй вёскай будзілі ў берлагу мядзведзя, які скраў з неба сонца і тым самым затрымаў прыход вясны.

«Сараканожка» — яркая і мілая стужка Таццяны Кубліцкай пра сараканожку, якая страціла свае ножкі ад няўмення лічыць. Раз, два, тры, чатыры, пяць — і ваша дзіця можа навучыцца лічыць падчас прагляду гэтага мультфільма.

Калі вы ўжо пачынаеце вучыць з дзіцём алфавіт і шукаеце займальную форму для навучання, то некаторыя мультфільмы стануць выдатным «рэпетытарам». «Анімакулі. Азбука ў вершах» з дапамогай прыкладаў і выдатнай падачы дапаможа дзіцяці лепш запомніць літары рускага алфавіта. Кожная серыя прысвечана адной літары. Для жадаючых вучыць беларускую таксама ёсць анімацыйная прапанова з назвай «Вясёлыя літары». Маленькім гледачам будзе цікава не проста запамінаць літары беларускай мовы, але і паглядзець займальныя гісторыі, у якіх тыя ўдзельнічаюць. Фільм складаецца з кароткіх сюжэтаў працягласцю ў паўтары хвіліны: ад літары «І» да «Р». Дзякуючы кароткім гісторыям, дзеці даведаюцца, як выглядаюць, пішуцца і вымаўляюцца літары беларускага алфавіта, якія словы з іх пачынаюцца, у якіх выкарыстоўваюцца.

На аснове казак

Хто ж з нас у дзяцінстве не любіў слухаць казкі? Нядзіўна, што анімацыйныя фільмы, у аснову якіх леглі казкі, трывала занялі асобную нішу ў  калекцыі беларускай анімацыі. Яны разлічаны на дзяцей розных узростаў, таму чытайце і выбірайце, што падыдзе вашаму дзіцяці.

Пачнём гэты спіс адразу з двух анімацыйных фільмаў рэжысёра Таццяны Кубліцкай. Першы створаны паводле казкі беларускага пісьменніка Леаніда Улашчанкі. Цікавая анімацыйная работа пад назвай «Песня Жаўрука». Птушаня спрабуе знайсці сваю песню і сустракае шмат іншых птушак з асаблівымі галасамі. Арнітолагам адразу пасля прагляду гэтага фільма ваша дзіця наўрад ці стане, але, можа быць, некаторыя назвы птушак у памяці замацуюцца. У аснову сюжэта фільма «Піліпка» пакладзена беларуская народная казка пра маленькага хлопчыка, які сваёй дабрынёй здолеў змякчыць суровае сэрца Бабы Ягі. «Піліпка» неаднаразова заваёўваў званне найлепшага фільма для дзяцей на кінафестывалях у розных краінах. Стужка — павучальная гісторыя пра спачуванне, а чырвонай ніткай усяго наратыву праходзіць залатое правіла маральнасці, якое абвяшчае: стаўся да людзей так, як хочаш, каб ставіліся да цябе.

Наступная анімацыйная работа, якую хацелася б параіць, створана на аснове беларускай народнай казкі рэжысёрам Аляксандрам Ленкіным. Называецца «Дзед». Гэты беларускамоўны фільм з фрагментамі народных песень будзе цікавы не толькі дзецям. «Дзед» — добрая сямейная гісторыя, якая прыцягвае ўвагу сваёй анімацыяй.

На чарзе — некалькі анімацыйных работ Уладзіміра Пяткевіча. «Сустрэліся неяк ліса і журавель», — напэўна, так пачыналі распавядаць гэтую казку ў народзе, а таму і анімацыйны фільм «Ліса і журавель» пачынаецца з гэтага. Не будзем спойлерыць — самі паглядзіце, што адбывалася далей. Другі мультфільм гэтага рэжысёра па матывах казкі Д. Маміна-Сібірака называецца «Жыла-была апошняя Мушка». Па назве можа падацца, што атрымаўся анімацыйны апакаліпсіс, але запэўніваем: гэта не так. Перад вамі паўстане толькі гісторыя жыцця адной мухі.

«Жылі-былі стары і старая. І была ў іх курачка Раба» — здаецца, што гэтая народная казка старая як свет, а таму, вядома ж, заслугоўвае беларускай анімацыйнай версіі, якую і стварыў Уладзімір Пяткевіч з аднайменнай назвай «Курачка Раба».

Спіс анімацыйных фільмаў, створаных на аснове казак, быў бы няпоўны без работ па матывах твораў братоў Грым, якія бываюць досыць незвычайныя, а таму і анімацыйныя фільмы па іх лепш паказваць дзецям сярэдняга школьнага ўзросту. «Беласнежка і Алацвецік» — гісторыя пра маладога каралевіча, якога лясны гном з-за непачцівасці ператварыў у мядзведзя. І давялося б яму ўсё жыццё бадзяцца па лясах у мядзведжай скуры, калі б не Беласнежка, якая разгледзела ў нязграбным зверы чалавечую істоту. Наступны анімацыйны фільм «Гусятніца ля калодзежа» можа падацца змрочным, аднак канцоўка шчаслівая, а ўсе сюжэтныя павароты стануць зразумелыя і апраўданыя.

Адукацыйныя

У гэтай катэгорыі мы аб'ядналі найлепшыя мультфільмы, якія, акрамя функцыі забаўляльнай, выконваюць яшчэ і адукацыйную. Такія анімацыйныя фільмы смела можна паказваць у школе.

Серыя фільмаў «Казкі старога піяніна»  — праект, які знаёміць з  біяграфіяй і творчасцю вялікіх кампазітараў. Праект транснацыянальны, а таму некаторыя фільмы цыкла здымаліся ў Англіі, ЗША і  Расіі. У Беларусі над ім працавалі Алена Пяткевіч, Уладзімір Пяткевіч, Юлія Цітова, Ірына Кадзюкова. Цыкл фільмаў «Казкі старога піяніна» французскі Луўр уключыў у дзіцячую праграму. Ці не варта было б гэтыя фільмы паказваць і ў нашых музычных школах?

Чаму Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны называюцца менавіта так? Адказы на гэтае пытанне рэжысёр Ігар Волчак у займальнай форме даў у фільме «Акіяны».

Альманах «Аповесць мінулых гадоў» — серыя гісторыка-пазнавальных анімацыйных фільмаў пра ўзнікненне гербаў беларускіх гарадоў. Аўтар ідэі і мастацкі кіраўнік — Ігар Волчак. Мультфільмы зняты ў змяшанай тэхніцы.

Апошні «лот» у гэтай катэгорыі: «Беларускія Прымаўкі». Яны былі створаны ў 2008 годзе рэжысёрам Міхаілам Тумелем, а ў 2011 годзе выйшла другая частка. Гэта папуры з кароценькіх гісторый, якія з гумарам ілюструюць беларускія прымаўкі. За аснову графікі мультфільма ўзята беларуская выцiнанка.

Забаўляльныя

Фільм «Прыгоды Несцеркі»

Не заўсёды ж дзецям вучыцца ды вучыцца! Трэба і адпачываць.

Першае, што дакладна зацікавіць, — «Прыгоды Несцеркі» ад рэжысёра Ігара Волчака. Гэта восем смешных гісторый, у якіх папулярны герой народных легенд і паданняў Несцерка са сваімі неразлучнымі сябрамі сабакам і катом трапляюць у забаўныя сітуацыі і па-майстэрску знаходзяць з іх выхад.

Для аматараў фантастыкі ў нас дзве прапановы. Першая: анімацыйны фільм «Пра сяброўства Шарыка і лятальную талерку» рэжысёра Аляксандра Ленкіна. Там і пра іншапланецян, і пра лятальную талерку, але самае галоўнае — пра сяброўства! Другая прапанова: серыял «Робікі» вытворчасці анімацыйнай студыі CubinCup. У цэнтры сюжэта — робаты з чалавечымі характарамі. У гэтым анімацыйным серыяле няма неіснуючых істот, затое ёсць робасабакі і робаптушкі, а таксама робарасліны. Пры гэтым, як і ў жыцці, няма абсалютна злых або выключна добрых персанажаў. Серыял створаны з дапамогай камп’ютарнай анімацыі, а таму будзе больш звыклы для сучаснага дзіцяці, чым усе маляваныя фільмы, якія мы раілі раней (што не робіць іх горшымі, яны проста розныя).

Апошняя парада ў гэтай катэгорыі. Ужо знаёмы рэжысёр Аляксандр Ленкін зрабіў анімацыйны серыял аб прыгодах парасяці і яго сяброў пад назвай «Рэактыўнае парася». Добрая і мілая анімацыйная работа стылістыкай нагадвае савецкія мультфільмы.

Для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту

Фільм Ірыны Кадзюковай «Легенда пра лэдзі Гадзіву» заснаваны на старадаўняй англійскай легендзе, якая апавядае пра адважны ўчынак лэдзі Гадзівы ў пачатку XI стагоддзя. Выконваючы зневажальныя ўмовы мужа, старшыні ў парламенце горада Кавентры, яна праехала па горадзе аголенай і тым самым прымусіла парламент адмяніць указ аб увядзенні новых падаткаў.

У незвычайнай тэхніцы з выразанымі на паперы контурамі, падобнымі на навагоднія сняжынкі, створаны мультфільм Міхаіла Тумеля «Выцінанка-выразанка». Пра што фільм? Пад песні беларускага этнагурта «Троіца» просты вясковы хлопец шукае сваё шчасце. Так проста, але вельмі цікава.

У Беларусі няма масавай вытворчасці анімацыйнага кіно — гэта факт, які даўно трэба прыняць, але ў нас ствараюцца цудоўныя кароткаметражныя работы пра «добрае і вечнае». Акрамя таго, усё больш увагі надаецца нацыянальным матывам, беларускай мове, культуры і гісторыі. Аніматары мадэрнізуюць міфалогію і фальклор, выкарыстоўваючы ў стужках сучасныя вобразы. З’яўляюцца экранізацыі народных казак, легенд і баек. Большая частка мультфільмаў працягвае ляжаць на паліцы кінастудыі «Беларусьфільм», але ёсць крыху анімацыйных гісторый, якія размешчаны на YouTube ў вольным доступе і чакаюць свайго гледача. Таму сёння справа за бацькамі: паказваць сваім дзецям беларускія анімацыйныя фільмы альбо не.

Наталля ВАВІЛОНСКАЯ

Загаловак у газеце: Пра добрае і вечнае

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.