Вы тут

Валенцій Ваньковіч (1800—1842)


Валенцій Ваньковіч належаў да плеяды мастакоў, якія лічылі творчасць духоўнай місіяй па ўдасканаленні чалавека, узвышэнні яго душы. Таму чалавек і стаў галоўным героем яго твораў.


Здольнасці да выяўленчага мастацтва Валенцій праявіў ужо ў дзяцінстве, маляваў усё, што бачыў. Бацька, старшыня Мінскага галоўнага суда Мельхіёр Ваньковіч, аддаў 12-гадовага сына на вучобу ў Полацкую езуіцкую акадэмію на факультэт вольных навук і старажытных і сучасных моў. Але душа хлопчыка цягнулася да жывапісу. Уражаны карцінамі з багатай акадэмічнай галерэі, ён цвёрда вырашыў стаць мастаком і ствараць такое ж хараство.

У акадэміі хлопец навучыўся выдатна маляваць, чым уразіў выкладчыкаў жывапісу Віленскага ўніверсітэта — такіх мэтраў, як Ян Рустэм і Ян Дамель. Яшчэ больш былі ўражаныя студэнты, якім не верылася, што 16-гадовы юнак з правінцыі можа рабіць гэта так «добра і правільна». А вучыліся разам з Ваньковічам тыя, чые імёны пасля ўвойдуць у гісторыю беларускага мастацтва, — Міхаіл Кулеша, Вінцэнт Смакоўскі, Канут Русецкі ды іншыя.

Прызнанне Ваньковіча як мастака прыйшло пасля карціны «Філактэт на востраве Лемнас» — ён атрымаў першую прэмію за найлепшую кампазіцыю. Валенцій пачынае паказваць свае работы на выстаўках, напрыклад, у 1820 годзе на выстаўцы ў Віленскім універсітэце экспанаваліся карціны алеем «Стары», «Пеўчыя», «Аўтапартрэт».

У віленскі перыяд раскрыўся талент Ваньковіча-партрэтыста. Ён піша эцюдныя партрэты сваіх сяброў: Адама Міцкевіча, Францішка Малеўскага, Юліяна Корсака, Эдварда Ромера, Аляксандра Адынца, якія пасля прынясуць славу і сваёй aльма-матар, і Беларусі. У гэтых партрэтах ужо праявіўся творчы стыль Ваньковіча: мастак старанна прапрацоўваў твар, імкнуўся паказаць своеасаблівасць чалавека, раскрыць яго ўнутраны свет, адлюстраваць індывідуальнасць рыс характара і настрой.

Мастацкую адукацыю Ваньковіч працягваў атрымліваць у Імператарскай акадэміі мастацтваў, куды яго ў 1824 годзе прынялі па хадайніцтве Савета Віленскага ўніверсітэта, пры гэтым Валенція адразу залічылі на старшы курс натурнага класа. Поспехі яго ў навучанні былі адзначаны спачатку сярэбраным медалём, а пасля і залатым. Прафесары-настаўнікі здзіўляліся ўменню Ваньковіча спалучаць святло і цені, дакладна перадаваць натуру. Маляваў ён хутка і лёгка — дыпломную работу Ваньковіч напісаў за тры месяцы. Такое ўражанне, што ён спяшаўся жыць, нібыта прадчуваў свой нядоўгі век, і хацеў выйграць час, каб зрабіць як мага больш.

На жаль, творчая спадчына мастака раскідана па свеце і дагэтуль лёс многіх яго карцін не вядомы. Вось і дыпломная рэч «Подзвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева» (паводле гістарычнай легенды з «Аповесці мінулых гадоў»), узнагароджаная залатым медалём, невядома дзе падзелася. Пасля сканчэння акадэміі Ваньковіч застаўся ў Пецярбургу, каб удасканальваць сваё майстэрства. Ён пазнаёміўся з шэдэўрамі еўрапейскіх і рускіх мастакоў. Падобныя знаёмствы альбо нараджаюць пачуццё сваёй нікчэмнасці, альбо, наадварот, натхняюць на творчасць. Беларускі жывапісец хацеў дасягнуць дасканаласці і вытанчанасці, але не жадаў быць пераймальнікам, таму вырашыў прытрымлівацца «крыху іншага метаду малявання». Майстэрню Ваньковіча часта наведвалі сябры і знаёмыя, каб паглядзець яго работы, бо ён праславіўся як адзін з найлепшых у Пецярбургу партрэтыстаў. Шэдэўрам стаў славуты партрэт «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг», напісаны ў 1827—1828 гадах. Паэт паказаны тут як мяцежны адзінокі чалавек і натхнёны творца. Ваньковіч напісаў таксама партрэты паэтаў Аляксандра Пушкіна і Васіля Жукоўскага, але лёс гэтых карцін невядомы. Героямі твораў Ваньковіча былі пераважна творчыя асобы, бо і сам ён любіў паэзію і музыку, меў тонкую і чуллівую душу.

У сярэдзіне 1829 года мастак вярнуўся на радзіму і пасяліўся ў маёнтку Сляпянка каля Мінска. Тут ён піша партрэты членаў сям'і Ваньковічаў, іх родных і сваякоў. Вяршыняй гэтага перыяду можна прызнаць напісаны ў 1834 годзе «Партрэт жонкі з дзецьмі», у якім відавочны ўплыў матываў Рафаэля. Пад уплывам містыка Таваньскага Ваньковіч звярнуўся да рэлігійных сюжэтаў. Ён быў перакананы, што вера павінна грунтавацца на добрых учынках, а таму шчодрай рукой раздаваў свае карціны, нават узнагароды, пераважную частку сваіх сродкаў ахвяраваў беднякам. А сваё мастацтва прысвяціў Богу. «Мадонна», напісаная ім з сялянскай дзяўчыны, цяпер знаходзіцца ў Луўры. Абраз святога Казіміра Ваньковіч падарыў Фарнаму касцёлу ў Гродне.

Паступова пагаршалася здароўе мастака, і ён вырашыў вырвацца з ціхай плыні сямейнага жыцця, каб паспець зрабіць яшчэ нешта важнае. Летам 1839 года, склаўшы завяшчанне, Ваньковіч пакідае Сляпянку і едзе ў Еўропу. У Дрэздэнскай галерэі ён капіруе палотны любімых Рафаэля, Мікеланджэла, Тынтарэта, Тыцыяна. Мастак не лячыўся, а працаваў — хацеў паспець стварыць тое, чаго не зрабіў. У Парыжы ён напісаў некалькі палоцен, прысвечаных Напалеону, шэраг рэлігійных твораў, а апошнюю работу «Маці Божая Вастрабрамская» перадаў у парыжскі касцёл Сен Севярын.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.