Вы тут

Чаму варта прызнаваць, а не адмаўляць сваю старасць?


Так, вы не такiя, як раней, але гэта не падстава для дэпрэсii.

Калi мне кажуць, што ўзрост — гэта проста лiчба ў пашпарце, я ў адказ думаю (услых, вядома, не кажу), што чалавек, якi мне так сказаў, або недалёкi, або баязлiвы настолькi, што стараецца гнаць ад сябе ўсе думкi аб гэтай лiчбе, цi, як варыянт, ён проста няшчыры. Таму што, хоць у душы вы i можаце адчуваць сябе вечна маладым, усё ж законы фiзiялогii нiхто не адмяняў, i з гэтага пункту гледжання ўзрост — гэта ўсё ж не проста лiчба.


Старэць цяпер не модна, а модна i прэстыжна паказваць, што ты амаль нiчым не адрознiваешся ад маладых — нi сваiм адзеннем, нi паводзiнамi, нi спосабам жыцця. Але збоку такiя «перабежчыкi» ў чужы лагер, на жаль, часцей за ўсё выглядаюць проста вартымi жалю. Таму што нiякая мода не мае ўлады над законамi прыроды. Прызнайце ўжо, нарэшце, што вы, я, ён, яна — усе мы старэем. I гэта зусiм не сорамна!

Як прыходзiць старасць? Напэўна, пакуль сам не станеш пажылым, не даведаешся, як гэта.

Тыя, хто ўжо праходзiць гэты жыццёвы этап, адзываюцца па-рознаму. Хтосьцi (не памятаю, хто) напiсаў: «Старасць як зiма. Аднойчы прачынаешся i бачыш, што ўсё пабялела». Але, напрыклад, пiсьменнiк Валянцiн Акудовiч з гэтым не згодны. Летась я даволi выпадкова трапiла на адну з яго лекцый, на якой гэты «бадзёры песiмiст», разважаючы на тую ж тэму, сказаў: «У старасць уваходзiш павольна. Акунаеш у яе, як у халодную ваду, спачатку пятку, потым пакрысе акунаешся ўвесь». I далей: «Чым даўжэй жывеш, тым больш табе патрэбна мужнасць... У вернiкаў, асаблiва ў сталыя гады, ёсць перавага...»

* * *

Дык чаго мы баiмся, калi баiмся старасцi?.. Мы ўсе ведаем гэтыя прыкметы: з'яўляюцца маршчыны, сiвiзна. Косткi становяцца больш крохкiмi. Памяншаецца тонус. У iмуннай сiстэме горш выпрацоўваюцца антыцелы, хваробы «прылiпаюць» часцей, а вылечыць iх складаней. З часам пачынае падводзiць памяць...

Так, мы ведаем усё гэта, але на самай справе, пакуль яшчэ маладыя, мы проста не ў стане ўявiць сабе фiзiчныя аспекты ўзросту. «Гэта пастаянны боль у каленях з-за артрыту, паступовае пагаршэнне зроку i слыху i ўсё больш частая страта раўнавагi, — кажа мая 71-гадовая знаёмая. — Аднак гэта ўсё не палохае, таму што развiваецца не раптоўна, а з часам. I ты прывыкаеш да гэтых паступовых зменаў...»

А як наконт таго, што «ў душы я такая ж, якой была ў 30»? А нiяк. Таму што на самай справе — не, не такая ж.

Тыя, хто сцвярджаюць, што ўнутры яны зусiм не змянiлiся, — успомнiце сябе 5–10–20 гадоў таму. Як вы бавiлi вольны час? Пра што марылi, да чаго iмкнулiся? Якiя ў вас былi звычкi? Якiя песнi, кнiгi i фiльмы падабалiся? Калi вы падрабязна прааналiзуеце ўсё гэта, то не выключана, што самi здзiвiцеся.

Бо, напрыклад, навукоўцы высветлiлi, што з узростам людзi ў сярэднiм становяцца ў большай ступенi iнтравертамi i менш хочуць заводзiць новыя знаёмствы, iмкнуцца праводзiць больш часу з сям'ёй i старымi сябрамi. У цэлым, яны больш свядомыя, рахманыя i эмацыянальна стабiльныя, чым маладыя людзi. З iншага боку, маладыя больш адкрытыя для новага вопыту i ў большай ступенi зацiкаўлены ў знешнiм, вонкавым поспеху.

Далей: нягледзячы на распаўсюджаны стэрэатып пра незадаволенасць старэйшага пакалення, чым старэйшы чалавек, тым ён больш добразычлiвы. Хоць, з iншага боку, старасць выводзiць наверх i ўсе «плямы» характару. Прычым усе ўзроставыя змены характару адбываюцца незалежна ад полу i ўзроўню адукацыi людзей.

Таму, хоць нам можа здавацца, што мы ўсё жыццё застаёмся самiмi сабой, навука кажа пра адваротнае. Самае працяглае даследаванне чалавечага характару доўжылася 63 гады. I яно паказала, што характар аднаго i таго ж чалавека ў 16 гадоў i ў 65 — не мае амаль нiчога агульнага.

* * *

Так што, яшчэ раз, узрост — гэта не проста лiчба. Казаць адваротнае, не суадносiць гэтую самую лiчбу з сабой — па сутнасцi значыць саромецца яе i ў глыбiнi душы лiчыць сябе больш недасканалымi, чым раней, калi былi маладзейшыя. I гэта адбываецца таму, што грамадства, усе вакол менавiта так на самай справе i лiчаць, нават калi ўслых кажуць iншае. Так, цяпер пажылыя патроху выходзяць з ценю. На подыумах усё часцей з'яўляюцца ўзроставыя мадэлi. Але iх твары — звычайна вынiк намаганняў хiрургаў, апранутыя гэтыя людзi як падлеткi i з усiх сiл дэманструюць, як яны не адстаюць ад часу. Тут — усё тое ж адмаўленне старасцi, заклiк караскацца ўверх, нават калi здзiраеш пазногцi да крывi. «Старасць — задворкi жыцця, усё добрае ўжо ў мiнулым...» Той, хто жыве з такой устаноўкай, хай i неўсвядомленай, вядома, з усёй моцы будзе гнацца за штучнай маладосцю.

Зноў жа пытанне: калi яна надыходзiць, гэтая самая старасць? I цi праўда, што сённяшнiя 70 — гэта ранейшыя 50?

У розных краiнах свету людзi разыходзяцца ў сваiх поглядах на гэтае пытанне. Так, апытаннi аўтарытэтнай сацыялагiчнай службы Ipsos, праведзеныя сярод 20 тысяч жыхароў трох дзясяткаў краiн, паказалi, што iспанцы лiчаць, быццам старасць надыходзiць у 74 гады, французы — што ў 69, у ЗША, Канадзе, Швецыi называюць узростам старасцi 66 гадоў, у Расii — 61 год, а ў Саудаўскай Аравii i зусiм 55 гадоў. А па даных СААЗ, чалавек лiчыцца пажылым у 60–74 гады, старым — у 75–89 гадоў, доўгажыхаром — у 90 гадоў i старэйшы.

* * *

А цяпер пра тое, чаму ўзрост — не абавязкова падстава для песiмiзму. Таму, што ёсць рэчы, на якiя мы можам уплываць.

Калi ў нас ёсць яшчэ планы на жыццё, калi мы паставiлi перад сабой нейкую мэту, якой хочам дасягнуць, то нам не будзе часу перажываць пра хуткаплыннасць жыцця.

Менавiта таму на Захадзе зараз так распаўсюджана сярод пажылых валанцёрства, i апошнiм часам гэты рух патроху прыходзiць i да нас.

У ЗША, напрыклад, ужо шмат гадоў iснуе такая iнiцыятыва: пажылыя людзi дапамагаюць настаўнiкам школ. Проста дапамагаюць бясплатна, як сацыяльныя работнiкi, як выхавальнiкi. I медыкi, якiя назiралi за гэтымi пажылымi на працягу некалькiх гадоў, кантралюючы iх рост, вагу, узровень халестэрыну, цiск i многiя iншыя параметры, высветлiлi, што яны ў цэлым сябе лепш адчуваюць, чым тыя, хто гэтым не займаецца. Гэта сур'ёзныя навуковыя даныя i добры рэцэпт, як зрабiць сваё жыццё асэнсаваным i больш шчаслiвым.

А калi прыслухацца да пiсьменнiкаў i паэтаў, то iх меркаваннi таксама практычна нiчым не адрознiваюцца ад навукоўцаў. Так, 82-гадовая брытанская пiсьменнiца Пенелопа Лайвлi ў iнтэрв'ю сказала, што гарантыяй шчаслiвага старэння з'яўляецца пазiцыя «ўважлiвага вандроўнiка ў часе». Гэта значыць — калi вы захаваеце цiкавасць да жыцця, то старасць не стане для вас нейкiм «бляклым месцам».

I, па вялiкiм рахунку, думаецца, на гэтым жыццёвым этапе ўжо няма нiчога, што з'яўляецца «абавязковым», i ў гэтым таксама ёсць сваё хараство. Таму лепш не слухаць нiчыiх парад i адкiнуць усе абагульненнi. I, прыняўшы свой узрост, пачаць весцi той спосаб жыцця, якi здаецца найбольш прыдатным менавiта вам. Гэта i будзе паспяховая старасць, нават калi камусьцi яе вобраз можа i не спадабацца. Але што вам з гэтага? Проста важдацца з унукамi i градкамi, калi гэта напаўняе вас радасцю, — таксама выдатна, нават калi вам усяго толькi 50.

Святлана Бусько

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Прызнайце ўжо, нарэшце, старасць

Выбар рэдакцыі

Спорт

ФК «БАТЭ» перамог у фінале Кубка Беларусі па футболе

ФК «БАТЭ» перамог у фінале Кубка Беларусі па футболе

Барысаўчане перагулялі клуб з Брэста.

Грамадства

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

З канца красавiка пацыентаў, хворых на каранавiрусную iнфекцыю ў лёгкай i бессiмптомнай форме, лечаць амбулаторна. 

Культура

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

У сферы нашай культуралагiчнай лiтаратуры чакаецца прыбаўленне: праз пэўны час пад цвёрдай вокладкай мы зможам знайсцi грунтоўнае i займальнае даследаванне беларускага дзiцячага кiно — таго, што ў савецкiя i постсавецкiя часы адмыслова стваралася для вельмi асаблiвай аўдыторыi. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«...Мне ў той час было гадоў, можа, з дзесяць — многага не ведаў, не разумеў»...