Вы тут

Унiз па рацэ. Куды ганялi плыты нашы продкi?


З ХVI да ХIХ стагоддзя па паўнаводных рэках Беларусi выпраўлялiся караваны з плытоў. Наш лес быў запатрабаваны ў Еўропе. Гандлярам даводзiлася прытрымлiвацца даволi жорсткiх стандартаў. Напрыклад, брусы англiйскiя цi галандскiя мусiлi быць пэўнай даўжынi i дыяметра. Нiзкагатунковы тавар маглi альбо наогул не прыняць цi даць за яго малыя грошы. Гандаль лесам (сплаўлялi бярвёны, брусы, спецыяльна падагнаную клёпку) быў наладжаны на высокiм узроўнi. Сплаўлялася вельмi вялiкая колькасць матэрыялаў. Напрыклад, англiчане так добра пагаспадарылi на Прыпяцi, што засталася назва дубовага бруса, а некаторых беларускiх дуброў не стала.


Плыты маглі быць з некалькіх звёнаў.

Расшыфруем верш класiка?

Натуральна, прафесiя плытагона была добра знаёма беларусам. Перагонка плыта па Нёмане магла займаць ад чатырох да дзевяці тыдняў. Заробак быў у 35 рублёў. Калi ўлiчыць тагачасныя цэны, дык на зарплату плытагона можна было купiць каля 100 кілаграмаў ялавiчыны. Здаецца, нямала, але за страчаныя ў дарозе бярвеннi можна было пазбавiцца гэтага прыбытку. На такiя экстрэмальныя заробкi людзей падбiваў голад i галеча — усё ж хлеб гэты быў надта цяжкi. Лес сплаўлялi ранняй вясной, цэлымi днямi плытнiкi знаходзіліся на адкрытым паветры. Мерзлi, моклi пад дажджамi, саслiзгвалi з бярвенняў у ледзяную ваду. Многiя з iх атрымлiвалi хваробы, у тым лiку такiя, ад якiх пасля маглi пакутаваць доўгiя гады. Да таго ж справа гэта была небяспечная. Даводзiлася праходзiць крутыя павароты, парогi, камянi, што выступалi з вады. Такi занятак патрабаваў досведу, спрыту, кемлiвасцi, вытрымкi, мужнасцi. Цi не адлюстраванне гэта найлепшых якасцяў характару беларусаў? Усё, што звязана з плытнiцтвам, стала нашым агульнакультурным набыткам. Не меншую каштоўнасць уяўляе сабой лексiка, якая адлюстравала гэты вельмi цяжкi занятак.

Прачытайце верш «Плытнiкi» Якуба Коласа, дзе ён апiсаў занятак, якiм займалiся блiзкiя яму людзi. Сёння многiя са слоў, якiя выкарыстаў класiк, нам здаюцца незразумелымi, але гэта лёгка выправiць. Дастаткова звярнуцца да тэматычнага слоўнiка «Плытнiцтва», якi пабачыў свет дзякуючы намаганням супрацоўнiкаў аддзела дыялекталогii i лiнгвагеаграфii Iнстытута мовазнаўства iмя Якуба Коласа НАН Беларусi. Гэта першы i адзiны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы слоўнiк, дзе сiстэматызаваны лексiчныя матэрыялы, прысвечаныя адыходнаму неземляробчаму промыслу беларусаў.

Адзін з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Плытніцтва: тэматычны слоўнік» і навуковы рэдактар працы, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Курцова.

Гартоль, саха, арала...

Вучоныя Iнстытута мовазнаўства вельмi многа робяць для захавання не толькi мовы, але i iнфармацыi пра жыццё, заняткi, назiраннi нашых продкаў. Так, з папярэднiх тэматычных слоўнiкаў мы можам даведацца пра сельскую гаспадарку, жывёльны i раслiнны свет. Але адна справа — збiраць словы, звязаныя з традыцыйным побытам i рэалiямi, што iснуюць у наш час, i зусiм iншая — iнфармацыю аб промысле, якi ўжо знiк, — з развiццём чыгункi ў ХIХ стагоддзi плытнiцтва перастала быць запатрабаваным, хоць плыты яшчэ працягвалi ганяць ажно да сярэдзiны мiнулага стагоддзя.

«Слоўная спадчына — унiкальная, спецыфiчная. Не паспелi сёння знайсцi чалавека, якi растлумачыць паняцце, заўтра можа быць позна — страцiцца слова, а з iм i культурны феномен, якi гэта слова прэзентавала. I гэта страта будзе незваротнай, — заўважыла рэцэнзент выдання, доктар фiлалагiчных навук, прафесар Iрына Гапоненка. — Такую спадчыну трэба збiраць i абараняць менавiта цяпер. Праца, якую праводзiць Iнстытут мовазнаўства па зборы, упарадкаваннi, сiстэматызацыi матэрыялу, можа лiчыцца найактуальнейшай, а вынiкi яе — адным з найважнейшых дасягненняў айчыннай i ўвогуле славянскай лiнгвiстыкi. Многiя лексемы, якiя ўвайшлi ў зборнiк «Плытнiцтва», упершыню ўведзены ў навуковы зварот, iх можна прыраўноўваць да лiнгвiстычных адкрыццяў».

У слоўнiк уключаны лексiчныя матэрыялы, якiя збiралiся з тэрыторыi басейнаў асноўных буйных рэк Беларусi. I нашу краiну раней можна было нават называць плытнiцкай дзяржавай: настолькi быў распаўсюджаны гэты занятак.

У асноўным моўныя адзiнкi, звязаныя з плытнiцтвам, занатоўвалiся падчас абследавання населеных пунктаў пры рабоце над такiмi буйнымi выданнямi, як «Слоўнiк беларускiх гаворак паўночна-заходняй Беларусi i яе пагранiчча», «Лексiчны атлас беларускiх народных гаворак», «Агульнаславянскi лексiчны атлас». Гэта экспедыцыi 60—70-х i сярэдзiны 80-х гадоў ХХ стагоддзя.

Уражвае ахоп крынiц, якiя вывучалiся пры падрыхтоўцы выдання: ад геаграфii i статыстыкi ХIХ стагоддзя, архiўных звестак, матэрыялаў, сабраных дыялектолагамi i этнографамi, да сучасных палявых збораў. Нават цяжка ўявiць, колькi намаганняў прыйшлося прыкласцi невялiкаму аўтарскаму калектыву, каб упарадкаваць сабраны матэрыял i даць дэфiнiцыю кожнаму слову. Ну як вызначыць, для чаго выкарыстоўвалi арала, гартоль, саху, барбару? Чым адрознiваецца шархавiна, рамжына, паклеса ад жорасцi? Дзе вязалi плыт гужбой, гальвай, клiбай, шварай, шырхоўкай i iншай прывяззю? Дзе плылi ганкi, глейнi, лавы, грабёнкi, пасы, таркi?

Выданні Інстытута мовазнаўства.

Новае выданне «Плытнiцтва» паказвае адметны пласт беларускай вытворчай культуры. З кнiгi можна даведацца, як называлiся плыты, iх звёны i iншыя часткi, прыстасаваннi i сродкi для звязвання бярвёнаў у плыт i цэлыя караваны (яны маглi быць з дзясяткаў звёнаў). Пры дапамозе якiх прылад кiравалi, тармазiлi, адпiхвалiся, прычальвалi. Як звалi работнiкаў, што ганялi плыты, якiя былi абавязкi ў галаўнiка, штырнiка, тарнавога, заднiка, корнiка, цальнiка, дубовiка, шульмана, маладца. Дзе плытагоны маглi схавацца ў непагадзь, якiя назвы давалi небяспечным месцам на рацэ. Вы пабываеце i на румах — месцах, куды звозiўся нарыхтаваны лес i атрымаеце ўяўленне, якiя былi вiды сплаўнога матэрыялу.

Слоўнiк падкажа, з якiх моў прыйшлi запазычаннi, звязаныя з гандлем лесам. Дарэчы, такiя моўныя кантакты таксама сведчаць пра багатыя эканамiчныя адносiны з Захадам.

Выданне заслугоўвае ўвагi розных спецыялiстаў: не толькi лiнгвiстаў, але i этнографаў, гiсторыкаў, людзей, якiя займаюцца эканомiкай.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».