Вы тут

Урач-вiрусолаг: Работа цiкавая, але надзвычай напружаная — працуем i ўначы, i ў выхадныя


Як функцыянуе лабараторыя, якая выконвае тэсты на COVID-19

З сярэдзiны красавiка лабараторыя Мiнскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя выконвае даследаваннi на выяўленне COVID-19. Пробы сюды дастаўляюць з медустаноў усёй Мiнскай вобласцi. Вiдавочна, што сёння гэта самы запатрабаваны аналiз. Як цяпер працуе лабараторыя, колькi часу патрэбна на апрацоўку аднаго тэста i чым адрознiваецца работа вiрусолагаў падчас эпiдэмii свiнога грыпу i зараз?


Трэцяя група рызыкi

— Дазвол на работу з COVID-19 мы атрымалi 13 красавiка i ўжо на наступны дзень паставiлi першыя пробы. З 22 красавiка падключылася наша другая лабараторыя, якая размешчана ў Ратамцы. З таго часу паўнацэнна працуюць дзве лабараторыi i каля двух дзясяткаў супрацоўнiкаў, — расказвае ўрач-вiрусолаг, загадчык лабараторыi вiрусных даследаванняў i дыягностыкi ВIЧ/СНIД лабараторнага аддзела Мiнскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Наталля Цехановiч (на фота).

Спецыялiсты першай лабараторыi (яна знаходзiцца ў Мiнску па вулiцы П. Броўкi) i раней праводзiлi даследаваннi метадам ПЦР, якi i прымяняецца для выяўлення COVID-19, у прыватнасцi, ён выкарыстоўваўся для дыягностыкi грыпу i вiрусных кiшэчных iнфекцый. А вось лабараторыя ў Ратамцы спецыялiзавалася на асаблiва небяспечных iнфекцыях i не мела адпаведнага абсталявання. У эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi, якая склалася, у кароткiя тэрмiны яно было перададзена туды Нацыянальнай акадэмiяй навук, падтрымку аказаў i Мiнскi аблвыканкам.

Спецыялiсты гэтай лабараторыi мелi допуск да работы з трэцяй групай рызыкi (паводле гэтай класiфiкацыi каранавiрусная iнфекцыя стаiць побач з такiмi небяспечнымi хваробамi, як ВIЧ i гепатыт, а самай высокай лiчыцца чацвёртая група), прайшлi адпаведнае навучанне i пачалi працаваць.

Колькасць проб, якiя цяпер паступаюць у лабараторыi, надзвычай вялiкая. Вiдавочна, што выканаць усе ў адзiн дзень нерэальна. Але спецыялiсты iмкнуцца рабiць максiмальна магчымую колькасць тэстаў, працуючы ў кругласутачным рэжыме.

— Мы працуем i ў выхадныя, i ўначы. Калi першапачаткова з пробамi на COVID-19 мелi справу спецыялiсты вiрусалагiчнай лабараторыi, то пасля давялося прыцягнуць супрацоўнiкаў i мiкрабiялагiчнай лабараторыi, — кажа Наталля Цехановiч.

Дапамогу аказваюць i ўрачы, часова пераведзеныя з iншых арганiзацый. У прыватнасцi, урач-бактэрыёлаг з Чэрвеньскага раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii i ўрач лабараторнай дыягностыкi з Мiнскага абласнога скурна-венералагiчнага дыспансера.

Пробы ў лабараторыi Мiнскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя вязуць з усiх раёнаў Мiнскай вобласцi. Iх прыёмка таксама вядзецца кругласутачна.

Каб выконваць максiмальную колькасць проб на COVID-19, частку iншых аналiзаў давялося перадаць калегам.

— Каб не пацярпелi пацыенты, доўга чакаючы вынiкi, пробы на вiрусныя гепатыты мы перадалi скрынiнгавым мiжраённым лабараторыям Мiнскай вобласцi, лабараторыя мiкрабiялогii перадала частку сваiх даследаванняў Мiнскаму занальнаму цэнтру. Самi максiмальна засяродзiлiся на каранавiруснай iнфекцыi, — удакладняе вiрусолаг.

Апрацоўка аднаго тэста займае да сямi гадзiн

Калi для медыкаў перапрафiляваных бальнiц падзел стацыянара на «брудную» i «чыстую» зоны стаў адным з новаўвядзенняў, то для супрацоўнiкаў лабараторыi гэта звычайная з'ява. У «чыстай» зоне яны пакiдаюць верхняе адзенне i асабiстыя рэчы, тут знаходзяцца пакоi для работы з дакументамi i прыёму ежы. А вось усе памяшканнi, дзе вядуцца даследаваннi, размешчаны ў «бруднай» зоне. Для работы ў ёй спецыялiсты пераапранаюцца ў ахоўнае адзенне — супрацьчумныя касцюмы, рэспiратары, бахiлы, пальчаткi, акуляры, шчыткi.

Матэрыял у лабараторыю таксама дастаўляюць з боку «бруднай» зоны — да асобнага ўвахода. Супрацоўнiк лабараторыi ў ахоўным адзеннi забiрае бiкс з пробамi, разбiрае яго змесцiва ў асобным памяшканнi i вяртае бiкс.

Пасля таго як проба прынята i зарэгiстравана, непасрэдна яе даследаванне займае 6–7 гадзiн. Гэта даволi карпатлiвая работа. Мае значэнне i вопыт супрацоўнiка. У пераважнай большасцi этапы работы ўжо адпрацаваны да аўтаматызму.

— Мы працуем з тэст-сiстэмамi трох айчынных прадпрыемстваў. У залежнасцi ад вытворцы крыху розняцца этапы даследавання, — тлумачыць Наталля Цехановiч.

Адначасова даследуецца не адзiн тэст, а цэлая серыя. Iх колькасць залежыць ад прапускной здольнасцi абсталявання — на колькi разлiчаны цэнтрыфугi, тэрмастаты.

У супрацьчумных касцюмах — палову сутак

Столькi часу цяпер доўжыцца змена супрацоўнiкаў.

— Пастаянна працаваць у ахоўных касцюмах асабiста мне раней не даводзiлася, — прызнаецца вiрусолаг. — Спачатку прыйшлося прывыкаць — касцюмы вельмi шчыльныя, у iх горача. На твары надоўга застаюцца ўмяцiны ад рэспiратараў. Але ўжо нiхто з нас не звяртае на гэта ўвагi, ды i падчас работы няма калi засяроджвацца на дыскамфорце. Для выхаду ў «чыстую зону» даводзiцца пераапранацца, таму лiшнi раз стараемся не выходзiць.

Наталля Цехановiч кажа, што даследаваць новы, дагэтуль невядомы i нявывучаны вiрус нават цiкава, хоць гэта вельмi напружаная праца. I гэта стане новым досведам для супрацоўнiкаў лабараторыi.

— Падчас пандэмii свiнога грыпу наша вiрусалагiчная група таксама праводзiла даследаваннi. Тады iх рабiлi даволi шмат: пару месяцаў мы працавалi без выхадных. Праўда, не было начных змен, бо людзей тут працавала менш — арганiзаваць гэта было немагчыма. Зараз iдзе нашмат большы аб'ём проб, бо абследуюцца не толькi хворыя, але i кантактныя асобы. Мы атрымлiваем унiкальны вопыт, праўда, хацелася б, каб у будучынi ён не спатрэбiўся.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Андрэй Ліхавіцкі: Адказнасць, засяроджанасць і любоў

Андрэй Ліхавіцкі: Адказнасць, засяроджанасць і любоў

Андрей Ліхавіцкі — прыклад таго, што геаграфічныя межы спорту не перашкода. Чаму?

Грамадства

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску ў Індустрыяльным парку «Вялiкi камень» з грандыёзным размахам.