23 верасня, серада

Вы тут

Жалеза і хлор — дзве бяды. Да 2025 года ад іх плануюць пазбавіцца


Больш за 40 % насельніцтва планеты пакутуе ад нястачы вады, і гэтая лічба будзе толькі расці. Доля прэснай вады на планеце, па розных падліках, складае ўсяго 2,5—3 %. На шчасце, Беларусь не адносіцца да краін, якія маюць дэфіцыт гэтага жыццёва неабходнага рэсурсу. Да таго ж якасць вады, якую мы атрымліваем з цэнтралізаваных сістэм, даволі высокая. На сёння больш за 92 % насельніцтва краіны забяспечана якаснай вадой. Да 2025 года гэта лічба складзе 100 %.


Справа ў тым, што да 2025 года ў сельскай мясцовасці плануецца пабудаваць 1400 станцый абезжалезвання вады. У іх маюць патрэбу невялікія населеныя пункты, дзе жыве ад 200 да 500 чалавек. Асноўнымі крытэрыямі для выбару населеных пунктаў, дзе ўвядуць у эксплуатацыю станцыі абезжалезвання, з'яўляюцца перавышэнне ўтрымання жалеза ў вадзе, а таксама колькасць жыхароў.

Ужо летась за сродкі рэспубліканскага і абласных бюджэтаў вялося будаўніцтва 250 такіх станцый. І да 2025 года штогод у кожнай вобласці іх будзе будавацца не менш за 40. У выніку да 2025 года ўсё насельніцтва Беларусі забяспечаць якаснай пітной вадой.

Асноўнымі крыніцамі водазабеспячэння ў краіне з'яўляюцца падземныя воды. Адкуль жа ў іх павышанае ўтрыманне жалеза? Менавіта з-за гідрагеалагічных асаблівасцяў фарміравання пэўных тэрыторый. Пры гэтым злучэнні жалеза не аказваюць таксічнага ўздзеяння на арганізм чалавека, аднак садзейнічаюць павелічэнню мутнасці і колернасці, што абмяжоўвае выкарыстанне вады ў санітарна-бытавых мэтах.

Як расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, пры наяўнасці ў пітной вадзе жалеза ў канцэнтрацыі большай за 0,3—0,5 мг/л арганалептычныя ўласцівасці пагаршаюцца, а пры канцэнтрацыі вышэйшай за 1,5—2 мг/л вада, акрамя мутнасці і афарбоўкі, набывае непрыемны даўкі смак. Таму колькасць жалеза ў водаправоднай вадзе не павінна перавышаць 0,3 мг/л. Па рашэнні мясцовых улад да правядзення адпаведных мерапрыемстваў (будаўніцтва станцый абезжалезвання, выбар новай крыніцы водазабеспячэння і іншае) можа быць устаноўлены часовы нарматыў колькасці жалеза — 1 мг/л.

Па выніках лабараторнага кантролю, калі браць статыстыку за апошнія 15 гадоў, колькасць нестандартных проб па санітарна-гігіенічных паказчыках (а яны ў асноўным звязаны з высокім утрыманнем жалеза) зменшылася з 22,5 % да 15 %.

У сталіцы некаторыя раёны (у прыватнасці, Маскоўскі і Фрунзенскі) ужываюць ваду з паверхневых крыніц. Перавесці ўсё раёны Мінска на падземныя крыніцы водазабеспячэння плануецца да 2025 года. Праектная дакументацыя ўжо распрацаваная, цяпер ажыццяўляецца выбар генпадрадчыка.

Для абясшкоджвання вады ў сталіцы часткова выкарыстоўваюць метад хларавання. Надзейны эфект дасягаецца ў тым выпадку, калі пасля абясшкоджвання ў вадзе застаецца 0,3—0,5 мг/л свабоднага хлору ці 0,8—1,2 мг/л звязанага хлору, што сведчыць пра дастатковую колькасць уведзенага абеззаражвальнага агента. Наяўнасць рэшткавага хлору ў вадзе рэгулярна вызначаюць у лабараторыі, а таксама не радзей чым раз на суткі адбіраюць пробу вады для бактэрыялагічнага даследавання. Летась і ў бягучым годзе па выніках лабараторных даследаванняў у пітной вадзе з размеркавальнай сеткі Мінска перавышэнняў колькасці рэшткавага хлору не выяўлена.

У малых населеных пунктах выкарыстоўваюцца нецэнтралізаваныя крыніцы водазабеспячэння — гэта шахтавыя і трубчастыя калодзежы. Яны з'яўляюцца недастаткова бяспечнымі, бо ў іх трапляе вада з найбліжэйшага да паверхні зямлі ваданоснага слоя, які не абаронены воданепранікальнымі пародамі. У асноўным нестандартныя пробы па санітарна-гігіенічных паказчыках у такіх калодзежах звязаны з павышаным утрыманнем нітратаў.

Адказнасць за эксплуатацыю, санітарны і тэхнічны стан грамадскіх шахтавых калодзежаў нясе арганізацыя, на балансе якой яны знаходзяцца. У апошнія гады назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя па зніжэнні колькасці крыніц нецэнтралізаванага водазабеспячэння, якія не адпавядаюць устаноўленым нормам, у тым ліку і па якасці вады. За апошнія 10 гадоў іх колькасць знізілася з 15,3 % да 4,1 %.

Наколькі бяспечная і прыгодная для ўжывання вада з індывідуальных калодзежаў, іх уладальнікі могуць даведацца, здаўшы ваду на даследаванне. Як гэта зрабіць, можна ўдакладніць у тэрытарыяльных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.

Алена КРАВЕЦ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.