Вы тут

Патрэбы людзей — у цэнтры ўвагі. Наталля Качанава правяла прамую тэлефонную лінію


На працягу трох гадзін яна атрымала больш за 30 зваротаў з розных рэгіёнаў краіны. Больш за ўсё званкоў было ад жыхароў сталіцы і Мінскай вобласці. Спікер Савета Рэспублікі ўважліва выслухала кожнага, хто да яе звярнуўся, і асобныя пытанні вырашыла адразу ж.


Як паведамілі «МС» у прэс-службе верхняй палаты парламента, значная частка зваротаў датычылася сацыяльнай сферы — гэта і падтрымка шматдзетных сем'яў, і выплата дапамог і пенсій, і адрасная сацыяльная дапамога, працаўладкаванне і аздараўленне.

Так, пенсіянерка з Мазыра, што на Гомельшчыне, расказала, што самотная, адзіны сын жыве асобна і заняты ўласнымі праблемамі. «Хацелася б даведацца, ці магу я разлічваць на нейкую дапамогу, падтрымку, бо адной спраўляцца з усім вельмі цяжка», — падзялілася яна. Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што ў краіне аказваюцца розныя віды падтрымкі адзінокім пажылым людзям у залежнасці ад сітуацыі, у якой яны апынуліся. Наталля Качанава адразу звязалася са старшынёй Мазырскага райвыканкама і папрасіла дапамагчы жанчыне.

З просьбай аб дапамозе патэлефанаваў і жыхар Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ён паведаміў, што падчас службы ў войску ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але пры налічэнні пенсіі гэта не было ўлічана, бо частка дакументаў, якія пацвярджаюць факт яго ўдзелу, была страчана. «Не магу дабіцца праўды, а гэта пытанне справядлівасці. Маёй віны ў тым, што так атрымалася, няма, і я вельмі разлічваю на вашу дапамогу», — сказаў мужчына. Наталля Качанава паабяцала паглыбіцца ў дэталі сітуацыі, якая склалася.

Таксама з Брэсцкай вобласці патэлефанавала жанчына, якая паскардзілася, што сельгаспрадпрыемства, на якім яна працавала, спыніла сваю дзейнасць: людзі засталіся без работы, ёсць пытанні і па выплаце заробленага. Старшыня Савета Рэспублікі паабяцала, што адзін з членаў Прэзідыума Савета Рэспублікі выедзе на месца і абавязкова разбярэцца ў гэтым пытанні.

Падчас прамой лініі гучалі і калектыўныя звароты. У прыватнасці, адзін са сталічных жыхароў ад імя дольшчыкаў незавершанага будаўніцтва дома паскардзіўся: ужо звярталіся ў Мінгарвыканкам, каб змяніць забудоўшчыка і нарэшце завяршыць будоўлю. Аднак да справы так і не дайшло. «Мы зоймемся гэтым пытаннем і пастараемся вам дапамагчы», — запэўніла спікер верхняй палаты парламента.

Трэба сказаць, што многія пытанні, якія былі адрасаваны Наталлі Качанавай падчас прамой лініі, адносяцца да кампетэнцыі мясцовых улад і маглі быць вырашаны на месцах. Большасць з іх датычылася добраўпарадкавання прысядзібных участкаў, дваровых тэрыторый, рамонту дарог і іншых падобных тэм. Напрыклад, пенсіянерка з Чэрвеня расказала, што самотная і не мае магчымасці самастойна абкасіць траву на ўчастку каля дома. Яшчэ адна пажылая жанчына з Оршы папрасіла паспрыяць у навядзенні парадку на дваровай тэрыторыі. Жыхарка сталіцы звярнулася з просьбай навесці парадак у рабоце кавярні, што адкрылася на першым паверсе дома, у якім яна жыве. Падчас рамонту, які выконваўся на гэтым аб'екце, была парушаная вентыляцыйная сістэма дома. Акрамя таго, жыхарам перашкаджаюць шум і пастаянныя праблемы з прыборкай смецця. Па кожным з гэтых зваротаў Наталля Качанава даручыла мясцовым уладам аператыўна вырашыць праблемныя пытанні і дапамагчы людзям.

На асаблівым кантролі старшыні Савета Рэспублікі — звароты, якія агучваюць шматдзетныя сем'і. Так, жыхарка Ліды, якая выхоўвае траіх дзяцей, папрасіла паспрыяць у вырашэнні жыллёвага пытання: жанчына плануе выкарыстаць сямейны капітал для рэканструкцыі дома, які дастаўся ёй у спадчыну.

Падчас прамой лініі да Наталлі Качанавай таксама звярталіся з пытаннямі, якія датычыліся маёмасных і зямельных адносін, судовых спрэчак, сферы ЖКГ. Асобныя звароты старшыня Савета Рэспублікі ўзяла на асабісты кантроль.

Прэв'ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.