Вы тут

«Не нам цяжка, а ім...» Як сацыяльныя службы Смалявіцкага раёна дапамагаюць састарэлым перажыць пандэмію


Ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці і горадзе Жодзіна падчас неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі арганізаваныя мабільныя брыгады сацыяльных работнікаў, якія не пакідаюць уразлівыя катэгорыі грамадзян сам-насам з бядой і дапамагаюць звесці да мінімуму магчымыя рызыкі. Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў Смалявічах і пацікавілася, як працуюць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з самотнымі, адзінока пражываючымі грамадзянамі, інвалідамі.


У адным з пакояў тут арганізаваная гарачая тэлефонная лінія. За спецыяльна абсталяванымі сталамі некалькі жанчын прымаюць званкі ад жыхароў раёна. А яны ў асноўным датычацца дастаўкі прадуктаў харчавання, лекаў, прадметаў гігіены.

— Нашы інспектары дзяжураць на тэлефоне з 8:00 да 18:00. У будныя дні спраўляемся сваімі сіламі, а ў выхадныя маім дзяўчатам дапамагаюць работнікі іншых аддзяленняў. Можна сказаць, ад тэлефона ніхто не адыходзіць, задзейнічаны ўвесь цэнтр. Што датычыцца заявак па горадзе, то іх выконваюць сацыяльныя работнікі, якія дзяжураць па тыдні кожны, — тлумачыць загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Смалявіцкага ТЦСАН Святлана Сцяпанава. — У мяне ёсць іх кантакты, яны прыходзяць, забіраюць заяўкі. Калі адрасат знаходзіцца непадалёк, то ідуць да яго пешшу, калі ж далёка, то кіроўца адвозіць на машыне.

Акрамя таго, у раёне ёсць сацыяльныя работнікі, якія дастаўляюць усё неабходнае людзям, якія знаходзяцца на абслугоўванні цэнтра. Але сацыяльная служба не адмаўляе ў дапамозе і, так бы мовіць «староннім» грамадзянам. У гэтым упэўнілася сама.

Падчас няпростай сітуацыі ў сельскую мясцовасць перабраліся і пажылыя жыхары Мінска, якія хвалююцца за сваё здароўе. Напрыклад, патэлефанаваў хворы на анкалогію мужчына. Ён пераехаў са сваёй сястрой у вёску Жажэлка — так параілі медыкі для бяспекі. Але яму неабходныя лекі, якія нельга набыць без рэцэпта. Работнікі цэнтра звязаліся са сталічнай паліклінікай, дзе назіраецца пацыент, і папрасілі галоўнага ўрача выпісаць рэцэпт, які даставілі ў Смалявічы сваякі хворага. Сацыяльныя работнікі купілі неабходныя лекі і прывезлі іх адрасату.

Штодзень на гарачую лінію паступае па пяць-сем заявак. Найбольш званкоў у пятніцу, калі перад выхаднымі людзі імкнуцца набыць нейкі набор прадуктаў. Напружаны і панядзелак, калі запас заканчваецца.

— Мае 13 сацыяльных работнікаў абслугоўваюць Азярыцка-Слабадскі і Зялёнаборскі сельсаветы, у кожнага з іх прыкладна 10–15 падапечных. Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца далёка ад горада, — кажа інспектар па чацвёртым участку тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Балдуева. — Калі грамадзяне звяртаюцца ў цэнтр, мы звязваемся з сацыяльным работнікам, перадаём заяўку. Яны едуць да чалавека, удакладняюць спіс і купляюць усё неабходнае. Пры дастаўцы заказаў заяўнік падпісвае акт, што яму даставілі ўсё, што ён прасіў. У канцы месяца нашы супрацоўнікі прыязджаюць у цэнтр са справаздачай.

Пакуль мы размаўлялі, патэлефанавала пенсіянерка, інвалід другой групы Ніна Пятроўна. Яна жыве непадалёк, таму з дзяжурным сацыяльным работнікам Юліяй Вадалазкінай мы накіроўваемся да яе пешшу. Дарогай гутарым на розныя тэмы.

Юлія Аляксандраўна жыве ў пасёлку Чарніцкі пад Смалявічамі ў арэнднай кватэры, разам з мужам Яраславам выхоўвае трох дачок і двух сыноў. Як шматдзетная сям'я, яны пабудавалі з дапамогай дзяржаўных субсідый жыллё ў райцэнтры і ў хуткім часе збіраюцца сюды перабрацца.

— Дык вам хапае клопатаў дома, а тут яшчэ і састарэлым дапамагаеце. Відаць, цяжка даводзіцца? — спытала я.

— Не нам цяжка, а ім, — упэўнена Юлія. — Я згадваю сваю бабулю, якая жыла адна далёка ад нас, хварэла... Чаму б не дапамагчы нямоглым людзям, калі для гэтага ёсць магчымасць? Я наведваю аднаго хворага на ногі дзядулю, ён нават па хаце ходзіць з кіёчкам. А кватэра яго знаходзіцца на пятым паверсе. Як чалавеку спусціцца нават у найбліжэйшую краму? Мне нескладана прынесці для яго прадукты.

Неўзабаве падыходзім да дома Ніны Пятроўны. Перш чым зайсці ў кватэру, дэзынфіцыруем рукі, надзяваем маскі. Юлія Аляксандраўна яшчэ раз удакладняе заяўку. Жанчына пацвярджае, што ёй неабходна купіць смятану, ражанку, ды каб тлустасць была больш, памідоры, ківі, дзясятак яек.

— Ражанку я нешта даўно не бачыла ў крамах. Калі не будзе, то можа замяніць малаком? — спытала Юлія.

Ніна Пятроўна згаджаецца і працягвае дваццаць рублёў: «Гэтага хопіць?»

Юлія Вадалазкіна запаўняе акт, пазначае, якую суму прыняла ад заяўніцы, ставіць яе прозвішча. Ніна Пятроўна распісваецца ў дакуменце.

Разам з Юліяй Уладзіміраўнай мы накіроўваемся ў найбліжэйшую краму. На паліцах знайшлося ўсё неабходнае акрамя ківі.

Вяртаемся назад па знаёмым адрасе. Юлія выкладвае на стол заказ. «А ківі я вам данясу заўтра», — кажа яна і перадае гаспадыні рэшту і чэк. Тая ставіць подпіс, што атрымала ўсё заказанае.

— Вельмі прыязныя, уважлівыя працуюць у вашым цэнтры людзі. Нават самі тэлефануюць і цікавяцца, чым дапамагчы. Што б я без вас усіх рабіла? — расчулілася жанчына.

На развітанне Ніна Пятроўна пажадала здароўя. А нас прыспешвае час: неабходна наведаць яшчэ некалькі адрасатаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».