Вы тут

Чаму мацярынства застаецца за бортам у паспяховых жанчын?


Суд пазбавiў сям'ю бацькоўскiх правоў. Такiя справы разглядаюцца сiстэматычна. I ўсё ж гэта гiсторыя асаблiвая. Бо малое дзiця было адабрана ў мацi, якая больш за ўсё дбала пра кар'еру.


Яшчэ некалькi гадоў таму маладой прыгожай пары Iгара i Ванды (iмёны зменены) маглi многiя пазайздросцiць. Яны i не хавалi свайго шчасця — здымкi маладых красавалiся ў сацыяльных сетках. Але ў хуткiм часе сiтуацыя рэзка змянiлася. Цяпер толькi i засталося ад некалi шчаслiвай маладой сям'i, што гэтыя шлюбныя фота. Iгар i Ванда ўжо другi год жывуць паасобку.

I сiтуацыя наўрад цi каго закранула б, каб не трэцi член сям'i — малы Мiша (iмя зменена). Ён нарадзiўся ў пачатку 2017 года, а менш чым праз паўтара года ўжо апынуўся ў Доме дзiцяцi. Пры тым, што мае дваiх бацькоў, да таго ж яшчэ i бабуль. Згодна з афiцыйнымi матэрыяламi справы, хлопчык «меў патрэбу ў дзяржаўнай ахове i адабраны ў мацi i бацькi ў сувязi з тым, што выхоўваўся ў неспрыяльных умовах, экстрэмальнай жыццёвай сiтуацыi, ва ўмовах канфлiкту блiжэйшых родных i наяўнасці стрэсавых фактараў».

З матэрыялаў суда становiцца вiдавочным, што адносiны ў маладой сям'i былi даволi напружаныя. Муж раўнаваў жонку, якая часта выязджала ў камандзiроўкi. Да таго ж выпiваў, яго псiхiчны стан таксама выклiкаў небяспеку. Як вядома, у такiх сiтуцыях заўсёды знойдзецца кропля, якая нарэшце перапоўнiць чашу. Такой кропляй стаў зрыў Iгара.

...Пазалетась у маi Ванда паехала ў чарговую камандзiроўку на некалькi дзён. Тут трэба ўдакладнiць, што жанчына на той час з'яўлялася дырэктарам прыватнага прадпрыемства. Яна выйшла на работу, калi малому не было яшчэ i паўгода. Для догляду дзіцяці наняла няньку. Алгарытм такi: нянька даглядае малога днём, а ноччу той застаецца з бацькам. Але гэтым разам сiтуацыя, што называецца, выйшла з-пад кантролю бiзнес-лэдзi. Калi яна патэлефанавала мужу, каб даведацца, як у iх справы, той пачаў гаварыць блытана i нават пагражаў самагубствам. Як потым Ванда раскажа ў судзе, яна палiчыла, што муж п'яны, i набрала нумар нянькi, каб тая прыехала i забрала дзiця. У хуткiм часе нянька паведамiла, што дзверы ў кватэру нiхто не адчыняе. Тады Ванда папрасiла яе выклiкаць мiлiцыю. Аказалася, што муж у алкагольным стане ледзь не здзейснiў суiцыд i быў змешчаны ў дыспансер, а хлопчыка адправiлi ў бальнiцу.

Далей сiтуацыя развiвалася з удзелам савета па прафiлактыцы i камiсii па справах непаўналетнiх. З бацькамi вялася работа, iх выклiкалi, давалi рэкамендацыi. Галоўны пасыл — наладзiць асабiстыя адносiны, якiя былi даволi нестабiльныя. Неаднаразова маладыя бацькi збiралiся развесцiся. Да таго ж было заўважана, што муж ужывае курыльныя сумесi i знаходзiцца пад наркалагiчным прафiлактычным назiраннем.

Мацi таксама не знаходзiла часу, каб наведваць свайго сына ў бальнiцы. Нагадаю, што малому на той час не было i двух гадоў.

Затое ў суд прынесла вельмi станоўчую характарыстыку. У ёй гаворыцца, што яна, як дырэктар, знаходзiць магчымасць працаваць у складаных эканамiчных умовах, захоўвае штат, талерантна адносiцца да супрацоўнiкаў, здольна вырашаць праблемы работнiкаў. Удасканальвае свае веды, прымае ўдзел у канферэнцыях, семiнарах... Як бачым, вытворчыя здольнасцi i адказнасць за развiццё кампанii выйшлi на першы план для маладой мацi.

Затое сямейны мiкраклiмат не паляпшаўся. Сям'я працягвала iснаваць у стане хранiчнай бязладзiцы. Каб абаранiць дзiця, раённая адмiнiстрацыя звяртаецца ў суд аб пазбаўленнi iх бацькоўскiх правоў. У iскавай заяве гаворыцца, што мацi часта бывае ў раз'ездах i не прымае мер па захаваннi сям'i. Падчас усяго суправаджэння, сказана ў дакуменце, бацькi зарэкамендавалi сябе як эмацыянальна няўстойлiвыя асобы, не гатовыя да бацькоўскiх абавязкаў. Яны свае асабiстыя iнтарэсы i амбiцыi ставяць вышэй iнтарэсаў сына, а свой удзел у выхаваннi бачаць толькi з матэрыяльнага боку.

У тамах судовай справы крок за крокам паўстае развiццё сямейнай драмы. Асаблiва прыкра чытаць аб такiх сiтуацыях, калi бацькi пакiдалi малое дзiця без нагляду, канфлiктавалi не толькi памiж сабой, але i з роднымi, перашкаджалi iх зносiнам з унукам. Маладая мацi вырашыла трымацца далей ад раднi, а мiж тым яе свякроў часта даглядала малога i ў рэшце рэшт стала яго апекуном.

Мацi на судзе не пагадзiлася з iскавай заявай. Знайшла i аргументы ў сваё апраўданне. Маўляў, у яе ёсць i посуд для дзiцяцi, бутэлечка. Падчас знаходжання сына ў бабулi яна наведвала яго, вадзiла ў кафэ, купляла яму сокi, пячэнне. Таксама купiла машынку i камбiнезон. Нават зрабiла здымкi, як вядзе сына гуляць.

На судзе Ванда расказала сваю гiсторыю. Па яе словах, на момант нараджэння сына ў сям'i было складанае становiшча. Мужа, якi працаваў грузчыкам, звольнiлi за прагулы. Яму дапамагаў бацька: дасылаў грошы з Казахстана, адкуль родам i сам Iгар. Каб палепшыць матэрыяльны стан, яна выйшла на работу. На судзе запэўнiла, што пры вяртаннi ёй сына будзе працягваць дэкрэтны водпуск. З мужам збiралася разысцiся. З яе слоў, ён безадказны i часта скандалiў, любiць выпiць.

Муж, у сваю чаргу, наракаў на жонку за тое, што тая не ўмее весцi гаспадарку, не гатуе ежу, не прыбiрае, а толькi раз'язжае. Дарэчы, i сам Iгар таксама пiсаў заяву, каб яго не пазбаўлялi правоў. Вось толькi суд прызнаў, што маладыя бацькi не прайшлi выпрабавальны перыяд, якi iм быў дадзены адмiнiстрацыйнай камiсiяй. Асаблiва праблемныя адносiны склалiся ў мацi з бабуляй хлопчыка. А мiж тым менавiта свякроў забрала Мiшу з дзiцячага дома i аформiла апякунства.

Iнтарэсы Мiшы ў судзе прадставiў аддзел адукацыi Кастрычнiцкага раёна. Было заяўлена, што малога ў асноўным даглядалi бабулi. Пасля таго як хлопчыка экстранна забралi з сям'i, ён перанёс стрэс, перастаў гаварыць. Каб разабрацца ў сiтуацыi, малога пасля бальнiцы перадалi пад апеку бабулi, а з бацькамi быў падпiсаны план па абароне правоў дзiцяцi. У раённым аддзеле адукацыi зрабiлi вывад, што план не выкананы. Адным з негатыўных фактараў з'яўляецца раз'язны характар работы мацi.

Суддзя Ксенiя Стасюкевiч, якая вяла гэту справу, адзначае, што апошнiм часам назiраецца тэндэнцыя, калi бацькоўскiх правоў пазбаўляюць не якiх-небудзь бацькоў-п'янiц, а звычайных, здаецца, сужэнцаў. Многiя не разумеюць: як так? I праўда, што тут асаблiвага? Мацi iдзе па кар'ернай лесвiцы — дык гэта патрабаванне часу, жанчына хоча i можа быць паспяховай.

— На жаль, сёння бацькi часам больш дбаюць пра кар'ерны рост i забываюць аб непаўналетнiх дзецях. Маўляў, што такога — на бабулю пакiнулi. Звычайная справа, так жыве нямала маладых сем'яў, — расказвае Ксенiя Сцяпанаўна. — Калi паўстае пытанне аб пазбаўленнi бацькоўскiх правоў, яны ў роспачы. Трэба, каб моладзь разумела свае абавязкi, i не толькi матэрыяльныя.

Цi варта выхоўваць такiх бацькоў прававымi метадамi? На думку суддзi, прыспела пара прымаць суду прамежкавае рашэнне.

— Лiчу, што трэба ўносiць змены i ў заканадаўства. У прыватнасцi, дазваляць суду ў выключных выпадках прымаць рашэнне аб iзаляцыi дзяцей, забiраць iх з сям'i, даваць магчымасць бацькам усвядомiць, што адбылося, i толькi пасля гэтага вырашаць пытанне аб пазбаўленнi бацькоўскiх правоў.

На сённяшнi дзень суд — гэта канчатковая iнстанцыя. Праўда, да гэтага сям'я, як правiла, знаходзiцца ў статусе сацыяльна небяспечнай. Калi праз паўгода гэты стан не выправiцца, справа накiроўваецца ў суд для канчатковага рашэння.

Калi адбiраюць дзяцей у тых мацi, якiя злоўжваюць спiртным, губляюць сваю волю i ставяць пад бяспеку жыццё дзяцей, гэта зразумела. Але чаму такое адбываецца ў вонкава прыстойнай сям'i, з дастаткам, дзе ў мацi няма шкодных звычак? Падумаеш, ездзiла ў камандзiроўкi, iмкнулася стаць паспяховай... Такiх сем'яў нямала. Але выпадак у сям'i Ванды паказаў: мацi, якая робiць стаўку толькi на бiзнес, рызыкуе самым дарагiм, што даецца жанчыне, — сваiм дзiцем.

Маргарыта Ушкевiч

Фота m.infox.ru носіць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Бiзнес-лэдзi ў гняздзе зязюлi

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.