Вы тут

ФК «БАТЭ» перамог у фінале Кубка Беларусі па футболе


Футбольны клуб «БАТЭ» з Барысава ў чацвёрты раз у гісторыі выйграў Кубак Беларусі па футболе. У фінальным матчы барысаўчане аказаліся мацнейшымі за брэсцкае «Дынама» — 1:0. 90 хвілін для гола камандам не хапіла, таму быў прызначаны дадатковы час. Пад самую-самую заслону гульні, калі і футбалісты, і трэнеры, і балельшчыкі ўжо рыхтаваліся да серыі пенальці, грандыёзная мітусня ў штрафной пляцоўцы брастаўчан прывяла да гола Захара Волкава.


Думаецца, што ў нейкі іншы час вяртанне фіналу Кубка ў сталіцу, на галоўны цалкам мадэрнізаваны стадыён краіны, стала бы маштабным футбольным святам. Сем гадоў запар вырашальная гульня здзяйсняла турнэ па гарадах Беларусі: ад Жодзіна да Брэста, ад Гродна да Барысава. Усюды быў ажыятаж, антураж, жарсць і бескампрамісная барацьба на полі. На жаль, сёлетні фінал скепсціла злашчасная эпідэмія.

Па-першае, у продаж паступіла ўсяго чвэрць месцаў на стадыёне, амаль усе яны былі рэалізаваны. У ідэале гэтая мера павінна была паспрыяць захаванню бяспечнай дыстанцыі паміж людзьмі. Па-другое, амаль ад самага пачатку сезона шматлікія фан-суполкі, у тым ліку гуляючых каманд, прыпынілі наведванне стадыёнаў. Не, без актыўнай падтрымкі каманды сёння не засталіся: пакрычаць было каму. Але гэта дзве вялікія розніцы — матч з фанатамі і без іх. Па-трэцяе, усё з той жа прычыны зон актыўнасці для балельшчыкаў, кафэ практычна не было. Затое на ўваходзе мерылі тэмпературу цела і кожнаму на рукі лілі антысептык.

Не хочацца нават уяўляць, на колькі больш гледачоў сабрала б гульня, калі б не гэты абрыдлы каранавірус. Нягледзячы на мінімальную колькасць галоў і нулі на табло па заканчэнні асноўнага часу матча, сумна не было. Каманды не адседжваліся каля сваёй брамы, спрабавалі нагнятаць і пагражаць. На працягу ўсёй гульні барысаўчане ўсё ж былі на крок бліжэй да ўзяцця варот, чым супраціўнік. Вельмі небяспечна білі Драгун, Міліч, Скавыш, Вілюмсан. Апошні не трапіў у другім экстра-тайме у пусты вугал варот абсалютна неверагодным чынам.

Брастаўчане, у якіх пакуль не вельмі ладзяцца чэмпіянатныя справы ў гэтым сезоне, адвялі ад сваіх варот яшчэ дзясятак небяспечных атак. Забіваць самі, пэўна, маглі, але стапрацэнтныя моманты не прыгадваюцца. Толькі аднойчы пасля ўдару Савіцкага са штрафнога мяч уляцеў у перакладзіну, а мог бы быць гол-цуд у дзявятачку...

На самай апошняй хвіліне гульцы ў жоўтым зарабілі вуглавы ўдар, пасля падачы з якога ў валоданнях брамніка «Дынама» распачалася вялікая мітусня. «Бела-блакітныя» не маглі выбіць мяч куды вочы глядзяць, а барысаўчане — нанесці хоць які-небудзь удар. Вось і скакаў мяч туды-сюды, пакуль не аказаўся ў нагах Захара Волкава. Той ударыў у дотык і прывёў сваіх сукаманднікаў у стан эйфарыі.

Гэтая перамога зрабіла клуб з Барысава рэкардсменам па колькасці заваяваных Кубкаў краіны — іх у трафейным пакоі ўжо чатыры.

P.S. Сведкамі яшчэ адной радаснай падзеі гледачы сталі ў перапынку гульні. Хлопец перамог у віктарыне для балельшчыкаў, заявіў вядучаму, што прыйшоў на гульню са сваёй дзяўчынай, якая адзначае сёння дзень нараджэння, і на вачах усяго стадыёна дадаў, працягваючы ёй пярсцёнак: «Хрысціна, акрамя ўсіх падарункаў, якія я ўжо табе ўручыў, у мяне ёсць для мяне яшчэ адзін — будзь маёй жонкай». Яна адказала: «Канешне, так!»

 

Дзмітрый Суганяеў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.