Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»
Памяць пра Уладзіміра Дубоўку не згасне
З цікавымі старонкамі віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” цяпер можна пазнаёміцца ў спецыяльна створанай рубрыцы навін “Да 100-годдзя літаб’яднання «Маладняк»” на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У ліпені да дня нараджэння Уладзіміра Мікалаевіча Дубоўкі (1900 ці 1901–1976) будзе прэзентавацца новы раздзел, прысвечаны таленавітаму беларускаму паэту-наватару, празаіку, мовазнаўцу, перакладчыку.
Плённае супрацоўніцтва з рознымі культурнымі ўстановамі ў рамках нашага праекта дае магчымасць больш поўна і шматбакова прадставіць постаць паэта. Нацыянальная бібліятэка Беларусі наладзіла сувязь з Пастаўскай дзіцячай бібліятэкай імя У. Дубоўкі, калектыў якой імкнецца вывучаць і папулярызаваць творчасць свайго земляка.
Супрацоўнікі бібліятэкі падзяліліся з намі інфармацыяй пра мерапрыемствы, якія ладзяцца ў гонар памяці пісьменніка. А гэта літаратурныя сустрэчы, музычныя імпрэзы, кніжныя выставы, акцыі і іншае.
Напрыклад, падчас літаратурнай сустрэчы “Жыццё маё – ці васілёк, ці ружа” дзяўчаты ў нацыянальных строях дарылі людзям галінкі шыпшыны і буклеты з вершамі У. Дубоўкі.
А ў ліпені 2018 г. весела і пазітыўна прайшоў велапрабег “Хацелася пабыць ля Доўжа”, маршрут якога пралягаў праз родныя вёскі паэта Манькавічы і Агароднікі і закончыўся каля возера Доўжа, якое так маляўніча апяваў Уладзімір Дубоўка ў сваіх вершах:
…А колькі дзе б ні вандраваў,
Хоць добра ўсюды і прыгожа,
Мяне цягнула да Пастаў,
Хацелася пабыць ля Доўжа.
У Айчыне многа гарадоў,
І вёсак – незлічоны шэраг.
А ўсё ж адсюль я ў свет пайшоў,
І тут ён, гэты самы бераг…
1958 г.
Каштоўным набыткам для праекта сталі дакументы, атрыманыя ад Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі, якія размешчаны у раздзеле “Фотагалерэя пісьменніка”. Гэта лісты пісьменніка да яго былой настаўніцы Ніны Сцяпанаўны Жук.
У рамках віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” вы можаце пазнаёміцца з поўнымі тэкстамі часопісаў, альманахаў і літаратурных выданняў аб’яднання “Маладняк”, а таксама з прыжыццёвымі кнігамі сяброў арганізацыі.
Сачыце за навінамі, вас чакае яшчэ шмат цікавага і пазнавальнага!
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».