Вы тут

Такі ён, момант ісціны


Пандэмія ўносіць пэўныя карэктывы ў сучасную рэчаіснасць. Тым больш выразным павінна быць бачанне эканамічных планаў. А гэтага можна дасягнуць толькі на падставе скрупулёзнага аналізу спраў і вывераных дзеянняў: сёння і ў найбліжэйшай будучыні.


Фота БЕЛТА

Нездарма на адным з нядаўніх пасяджэнняў з удзелам прадстаўнікоў Урада і ўсяго кіраўніцтва краіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў адназначную выснову: «Эканоміка, а значыць, жыццё людзей, не толькі сёння, але і ў перспектыве — пытанне нумар адзін. Усё павінна быць падпарадкавана гэтаму пытанню».

Безумоўна, Беларусь, маючы адкрытую эканоміку, шмат у чым залежыць ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў свеце. А яны адбываюцца настолькі імкліва і непрадказальна, што патрабуюць неадкладнага рэагавання. Так, каранавірус — сур’ёзны выклік. Але на фоне барацьбы з ім нельга аслабляць увагу да праблем эканомікі.

— Літаральна за чатыры месяцы свет змяніўся да непазнавальнасці. Але ці тое яшчэ будзе, — перасцерагае Кіраўнік дзяржавы. — Саюзнікі, якія дзесяцігоддзямі адкрывалі межы, усталёўвалі добрыя адносіны паміж сабой, гэтыя межы аднавілі за адзін дзень і разбурылі адносіны. Гэта тычыцца ўсяго свету. Але галоўнае — гэта людзі. Гэта тыя страты ва ўзаемаадносінах людзей, якія цяжка будзе папоўніць. На дадзены момант уся сусветная эканоміка знаходзіцца пад націскам яшчэ ні кім не вырашанай праблемы — так званай пандэміі. Відавочна, што яна закранае і нашу краіну. Мы экспартна арыентаваная краіна. Мы адкрытая, транзітная краіна. Мы не можам цалкам ізалявацца ад уплыву тых працэсаў, якія адбываюцца на планеце…

Усё гэта тычыцца і становішча спраў на нафтавым рынку. Здзелка АПЭК, якая трымалася на дамоўленасцях Расіі ды Саудаўскай Аравіі на працягу трох гадоў і якая дазваляла стабілізаваць цэны на нафту на ўзроўні 60 долараў за барэль шляхам абмежавання здабычы, завяршылася 31 сакавіка. Падоўжыць яе не ўдалося з‑за процілеглых пазіцый двух найбуйнейшых гульцоў, што прывяло да рэзкага падзення коштаў на вуглевадароды да шматгадовых мінімумаў. А весткі з біржавых таргоў апошнім часам нагадваюць зводкі з фронту: кошт то падае, то раптам рэзка расце. Валацільнасць зашкальвае. Але горш за ўсё тое, што вядучыя сусветныя гульцы ўжо нават не хаваюць, у якія гульні гуляюць і якія мэты ставяць, заўважае Прэзідэнт Беларусі:

— Яны ўжо наўпрост пачынаюць казаць і гуляць на павышэнне коштаў нафты. У наяўнасці — картэльная змова. Ідуць ігрышчы. На жаль, на ўсё гэта мы паўплываць не можам.

У такой сітуацыі важна прыстасаваць эканоміку краіны і грамадства да таго, каб не панесці страт або мінімізаваць іх. Задача такіх краін, як Беларусь, — быць гатовымі да любога развіцця падзей. А лепш у найменшай ступені залежаць ад нафтавых гульняў буйных дзяржаў. Чым больш апор будзе створана для эканомікі, тым больш устойлівым будзе грамадства і незалежная палітыка.

Пакуль у гэтым плане зроблена не ўсё. Праблемы, якія павінны вырашацца паміж суб’ектамі гаспадарання ў рамках нармальных дамоўленасцяў, даводзіцца разглядаць на самым высокім узроўні. Відавочна, што пры ўзнікненні складанасцяў у поўнай меры яшчэ не задзейнічаны эканамічна-вытворчы, дыпламатычны і юрыдычны патэнцыялы краіны. Але ж калі пытанне важнае і экстранае, то напружвацца павінна ўся вертыкаль улады.

Не здарма прынцыпова разглядаюцца падыходы наконт таго, якія дасягнуты дамоўленасці па пастаўках нафты, што праглядваецца да канца года і наколькі дакладныя гэтыя планы. Зыходзячы з рэальнай сітуацыі робіцца выснова, што ў самы бліжэйшы час трэба сысці ад пастаянных спрэчак і стану вечнай нявызначанасці. А на непрадбачаныя выпадкі неабходна стварыць сур’ёзны запас сыравіны — як нафты, так і паліва, — які дазволіць не парушаць працу галін і не перарываць тэхналагічныя працэсы.

Перад Урадам пастаўлены шэраг задач. У тым ліку адносна павелічэння магутнасцяў для захоўвання нафты і нафтапрадуктаў, магчымасцяў іх нарошчвання.

— Сёння нафта ў свеце танная, трэба набыць яе, вырабіць нафтапрадукты і стварыць пэўны запас, — акцэнтуе ўвагу на такі прынцыповы момант Аляксандр Лукашэнка.

Гэта важна і з пункту гледжання правядзення веснавых аграрных работ. Харчовай бяспекай сёння заклапочаныя многія палітыкі ды кіраўнікі буйных міжнародных арганізацый. Беларусь у свой час паспяхова вырашыла гэтую задачу. Але запавольваць тэмпы ні ў якім выпадку нельга.

Такім чынам, на нарадзе ў Прэзідэнта абмеркаваны першачарговыя меры па забеспячэнні ўстойлівай працы эканомікі ды сацыяльнай сферы ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі. Можна сказаць і па-іншаму: у цэнтры ўвагі было здароўе людзей і эканомікі. Тыя акцэнты, якія ў Беларусі ставіліся першапачаткова, хоць іншыя краіны значна пазней прыйшлі да разумення важнасці менавіта эканамічных пытанняў.

Так, калі ў часы пандэміі медыкі павінны лячыць, то Ураду належыць трымаць у поле зроку эканоміку. Прынцыповае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы: не ўпадаць у крайнасці і не спыняць працу ключавых галін. Усю неардынарнасць сітуацыі наглядна ілюструе нябачная дагэтуль турбулентнасць на сусветным рынку нафты. Калі такое было, каб ф’ючэрсы на чорнае золата дасягалі адмоўных коштаў? Таму Прэзідэнт настойвае:

— Эканоміка перш за ўсё. У нас няма іншых крыніц для жыцця, акрамя працы нашых людзей.

Першы квартал апынуўся для ўсіх вельмі строгім выпрабаваннем. Не маючы сыравіннай падушкі бяспекі, айчынная эканоміка была вымушана парыраваць удары адразу з некалькіх кірункаў. Гэта і нафтавыя абмежаванні з боку бліжэйшага партнёра, і разрывы вытворчых ланцужкоў. За тры месяцы валавы ўнутраны прадукт знізіўся на 0,3 %. На фоне рэзкіх падзенняў у іншых краінах выглядаем быццам бы нядрэнна. Але Аляксандр Лукашэнка прынцыпова супраць нават такіх мінімальных зніжэнняў:

— Усімі сіламі неабходна захаваць давер людзей да эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца. Трэба захаваць цэнавую ўстойлівасць — па меншай меры на самыя важныя для людзей тавары і паслугі.

Яшчэ адна задача для Урада — забяспечыць занятасць насельніцтва. Прэзідэнт падкрэсліў:

— Трэба стымуляваць людзей, каб яны працавалі, стымуляваць малы бізнес…

Дзяржава, вядома, не адмаўляецца ад сваіх абавязацельстваў. Але гаворка пра тое, што падтрымка павінна быць не агульнай, а кропкавай:

— 25 тысяч вакансій толькі ў Мінску. Якое беспрацоўе?.. Не трэба сёння абяцаць, што мы ўсім дапаможам. Дапаможам толькі тым, хто гэтага заслугоўвае, хто сёння імкнецца працаваць.

Урад са свайго боку прапанаваў вызначыць галіны, якія ў найбольшай ступені пацерпяць ад запавольвання эканамічнай актыўнасці і падзення попыту. Унесены пакет мер іх падтрымкі. Гэта тычыцца пытанняў падаткаабкладання, арэндных, працоўных адносін, а таксама шэрагу адчувальных сацыяльных аспектаў. Тут ужо «мяч» на баку кіраўнікоў рэгіёнаў. Прэзідэнт растлумачыў:

— Гэта будуць рэкамендацыі губернатарам. І некаторым прадпрыемствам, за якія Урад непасрэдна адказвае. Калі мы будзем выдаткоўваць нейкія грашовыя сродкі для эканомікі — іх будуць дзяліць губернатары. Яны кажуць: мы самі разбярэмся каго падтрымліваць. Яны маюць рацыю, ім там лепш відаць. Дзякуй Богу, што рэгіёны бяруць на сябе гэтыя пытанні.

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас прывёў красамоўныя лічбы, якія сведчаць пра тое, што эканоміцы ўдаецца спраўляцца са знешнімі выклікамі:

— Тэмпы росту валавага ўнутранага прадукта ў першым квартале склалі 99,7%. Гэта на адзін працэнтны пункт ніжэй квартальнага прагнозу, але вышэй усіх ацэнак — і знешніх, і ўнутраных.

У прыватнасці, прыкметна дадалі будаўніцтва і вытворчасць будматэрыялаў, сельская гаспадарка, дрэваапрацоўка, харчовая прамысловасць, фармацэўтыка, металургія.

— Па ўсіх астатніх сектарах таксама ёсць станоўчая дынаміка — канстатаваў Сяргей Румас. — Цягам лютага і сакавіка дадавалі ўсё. Акрамя нафтаперапрацоўчай галіны, якая пачала прырастаць з красавіка.

У выніку збалансаваны знешні гандаль. Станоўчае сальда гандлю таварамі ды паслугамі за два месяцы гэтага года склала 425 мільёнаў долараў.

Відавочна, у складаных сітуацыях разлічваць трэба перш-наперш на ўласныя сілы. Толькі мабілізацыя ўсіх структур і рэсурсаў дазваляе забяспечыць устойлівую працу эканомікі. Цяпер наступіў той самы момант, калі неабходна праявіць максімальную адказнасць, дысцыпліну, выканаўчасць і самааддачу. Менавіта гэтыя якасці, зрабіў асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка, дапамогуць пераадолець складаны перыяд.

Уладзімір Веліхаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.