Вы тут

Дом, які пабудавалі Даша і Каця


Жыццё оперы Паўла Вальдгардта «Кошкін дом» па матывах аднайменнай казкі Самуіла Маршака ў Вялікім тэатры Беларусі пакуль прыпынілася. Ці надоўга? Пытанне застаецца адкрытым. Але, на шчасце, прэм’еру сыграць паспелі!


Мабыць, пра гэтую казку ведае большасць з нас. І, напэўна, у кожнага свая гісторыя знаёмства з ёй. Ёсць яна і ў мяне. Цяпер, калі ўспамінаю «Кошкін дом», не магу не ўсміхацца. Бо ў дзесяцігадовым узросце я, удзельніца школьнага драмгуртка, захацела сама паставіць гэты спектакль. І кошку сыграць. Але не пыхлівай і пагардлівай, якой прадстаўлена яна ў казцы, а вясёлай і высакароднай дамай з добрым і жаласлівым сэрцам. І абавязкова ў пышнай спадніцы з валанамі, якую мама мне так і не паспела пашыць. Памятаю, як рэпеціравала сваю ролю перад люстэркам, прыкладваючы да твару маску ўсмешлівай кошкі, і там, дзе яна загадвае свайму прыслужніку, дворніку Васілю прагнаць пляменнікаў-кацянят, я прамаўляла тэкст па-іншаму. Ужо не памятаю, ці рыфмаваліся ў мяне радкі, але сутнасць будучай дзеі была такая: кошка кацянят пусціла ў дом адразу, іх абагрэла і накарміла, пра ўсё распытала ды спаць паклала. А назаўтра загадала прыём наладзіць, гасцей — Казла з Казой, Пеўня з курыцаю і Свінню — паклікаць, каб кацянят ім прадставіць… Толькі потым, падчас прыёму павінен быў загарэцца Кошкін дом…

Увогуле, я перайначыла канфлікт казкі і зацвердзіла галоўную думку: ніколі, ні пры якіх умовах не адмаўляй у дапамозе тым, хто ў ёй мае патрэбу. Мне важна было расказаць пра тое, што тварыць добрыя справы — натуральны стан чалавека. У маёй інтэрпрэтацыі была закладзена ідэя сусветнай дабрыні і ўзаемадапамогі, бо менавіта ж гэта мы пакліканыя ў жыцці прымнажаць, а не жыць паводле прынцыпу: ты — мне, я — табе. Гэта значыць, ніякай антытэзы ў маім разуменні ў спектаклі быць не павінна. Вядома ж, тады я паняцця не мела ні пра інтрыгу ў драматургіі, ні пра канфлікт… Памятаю, як даказвала маме, што мы ва ўсім павінны ісці ад лепшага да яшчэ лепшага, ад дабра да большага дабра, калі тая нешта казала мне пра Маршака, якога нельга перапісваць, і пра нейкую дыялектыку…

Я і цяпер часам думаю: чаму так адчайна хацела сыграць кошку толькі міласэрнай, любячай… І прыходжу да высновы: у дзяцінстве мы гранічна востра адчуваем прыгажосць гэтых душэўных якасцяў, таму што нашы душы чыстыя, спагадлівыя, не замутненыя асабістым жаданнем камфорту, дабротаў і выгод толькі сабе, любімаму… А натуральны стан дзяцінства — радасць, адкрытасць жыццю, уменне дзяліцца, адмаўленне пакут… У гэтым я праз час пераканалася, калі чытала чатырохгадоваму сыну Багдану казкі. Добра памятаю і тое, як лёгка ён аддаваў свае цацкі, як шкадаваў самотных старых… І як не мог змірыцца з тым, што, да прыкладу, Дзюймовачка, гераіня вядомай казкі, трапіла ў цёмную нару Крата, і ёй пагражаў нават лёс стаць яго жонкай. Сын кожны раз, калі мы даходзілі да гэтага месца, пачынаў плакаць, нягледзячы на тое, што ведаў шчаслівы канцы гісторыі: Дзюймовачка ўратуецца дзякуючы ластаўцы і трапіць у цудоўны свет, выйдзе замуж за прынца эльфаў. Калі я казала яму, давай прапусцім гэты кавалак, ён прасіў: а ты пра Крата хутка-хутка прачытай, а я вушы закрыю…

Нагадаю, што ж на самой справе адбылося ў «Кошкіным доме» ў інтэрпрэтацыі маладых і крэатыўных пастаноўшчыкаў — рэжысёра Дар’і Пататуркі і мастачкі Кацярыны Шымановіч, 46‑гадовага дырыжора-пастаноўшчыка Алега Лесуна і хормайстра з досведам Сяргея Аграновіча. Узяўшы за аснову музычны матэрыял савецкай класікі, партытуру оперы савецкага кампазітара Паўла Вальдгардта, аўтара музыкі да трыццаці драматычных спектакляў, а таксама сімфанічных твораў і некалькіх сотняў рамансаў і песняў, яны здолелі па-майстэрску «спакаваць» немудрагелістую гісторыю пра Кошку, якая не пусціла ў дом сваіх пляменнікаў, у павучальную оперу пра дабро, якое перамагло зло.

«Мы вырашылі аб’яднаць музыку, лялечны тэатр і вершаваны тэкст, — падзяліліся задумамі пастаноўшчыкі на прэс-канферэнцыі перад прэм’ерай. — Гэта будзе пазнавальна-забаўляльная гісторыя. Мы паспрабуем паказаць свет дзяцей праз оперу, а оперу праз свет дзяцей…»

Так яно і здарылася. Мы ўбачылі на сцэне ўсё тое, чым і як, гуляючы, карыстаюцца дзеці. Канструктар, цацкі, нават маляваны чорны агонь пажару ў відэапраекцыі, выкананы ў мульцяшнай стылістыцы «калякі-малякі» — адлюстраванне дзіцячага свету, дзе персанажы жывуць па сваіх законах. Мастак па святле Сяргей Навіцкі прапанаваў відэакантэнт з анімацыяй. І сцэна, і касцюмы персанажаў — усе ў светлых танах. І фарбы на сцэне чыстыя, характэрныя для свету дзяцінства. Але чаму агонь пажару чорны? А які, спытаем, колер можа быць у страху? У зла? Вядома ж, чорны або цёмна-шэры. Такое дзіцячае ўспрыманне! Ніяк не аранжавы. Як па мне, дык спектакль атрымаўся такім, як калі б яго ставілі дзеці. А гэта значыць, што часткі сюжэтнай канвы, якія ідуць адна за адной, зроблены наўмысна фрагментарнымі, складваюцца як пазлы не адразу, а з невялікай доляй не імгненнага траплення. Для таго, каб гэта зразумець, дастаткова ўспомніць, як дзеці іграюць спектаклі. Як міла трымаюць паўзы, успамінаючы тэкст, ці наадварот: выгаворваюць словы так выразна, быццам хочуць атрымаць вышэйшую адзнаку. І ў тым вялікая заслуга і Дар’і Пататуркі, дарэчы, гэта яе дэбют на вялікай опернай сцэне, і Кацярыны Шымановіч, якім удалося данесці салістам ды іншым выканаўцам стыль паводзінаў на сцэне. А пры гэтым выканаўцы і спяваюць, катаючы планшэтных лялек па сцэне, якія ўмацаваныя на рухомых платформах!

Як прызнаваліся самі пастаноўшчыкі, працаваць ім было і весела, і цікава. Скажу яшчэ і так: «Кошкін дом» у Вялікім — крэатыўны тэст на праверку дзяціннасці душы і дарослага чалавека, выдатная магчымасць праверыць яго здольнасць паглыбляцца ў свет дзяцінства, уменне гуляць, адкідваючы стэрэатыпы «як трэба». І Даша, і Каця, і выканаўцы, і ўдзельнікі, а іх больш за 40 у спектаклі, гэты тэст прайшлі! Сведчу: вынік — станоўчы! Ва ўсялякім разе, я і мае калегі, з якімі давялося мець зносіны пасля спектакля, у тым пераканаліся.

Двухактовая опера атрымалася лёгкай, дынамічнай, насычанай музыкай светлай, жыццесцвярджальнай. Кожнае дзеянне доўжыцца па 20 мінут. «Кошкін дом», як і разлічвалі пастаноўшчыкі, дазволіць бацькам пагутарыць з дзецьмі ў антракце і пасля спектакля на тэмы маралі, пагаварыць пра музыку і пра тое, што ж такое жанр оперы. Дарэчы, раз-пораз у антракце гучалі дзіцячыя пытанні: чаму Кошка кацянят да сябе ў хату не пускае… Тое пацвярджае маё перакананне: дзяцінству ўласціва натуральнае жаданне дапамагчы тым, хто мае ў тым патрэбу.

У «Кошкіным доме» — стыльная сцэнаграфія. Яе асноўная дэкарацыйная ідэя — канструктар, плюс анімацыя. На сцэне — кубікі, прастакутнікі, паралелепіпеды, сферычныя сегменты, якія служаць і курасаднем для юных пеўнікаў, і кармушкамі для свінак.

Канфлікт оперы выяўляецца хутка: да багатай цёткі Кошкі прыходзяць пляменнікі-сіроткі, яны жаласліва і пранікнёна спяваюць — просяць ежы і прытулку. А яна, вядома, іх не ўпускае, загадвае прагнаць. А потым сюжэт разгортваецца ўсё хутчэй: у доме Кошкі ў час прыёму гасцей здараецца пажар. Застаўшыся без прытулку, Кошка разам з верным слугой Васілём шукае, дзе б пажіць, у Пеўня і Курыцы, потым у Казла і Казы і, нарэшце, у Свінні — ва ўсіх тых, каго яна прымала ў сваім доме.

Але былыя Кошкіны госці адмаўляюць пагарэльцам: ім не ўласціва быць міласэрнымі, маўляў, навошта абцяжарваць сябе чужымі праблемамі. І толькі бедныя кацяняты праяўляюць спагадлівасць і спачуванне ды ўпускаюць у свой бедны домік пацярпелых.

Фінал оперы шчаслівы. На ўсе праблемныя пытанні, пастаўленыя перад гледачом, мы атрымаем адказы граматна выбудаваным сюжэтам у яго музычным дынамічным абрамленні. І, заўважу, прагучаць яны без дакучлівай дыдактыкі. Спагадлівасць і дабрыня ў казцы Вялікага тэатра — гэта абсалютныя каштоўнасці, якія не карэлююць з падыходам да жыцця: «ты мне — я табе». Бо кацяняты адказваюць дабром на бессардэчнасць і абыякавасць Кошкі, яе не асуджаюць і не крыўдзяцца. І гэта самы магутны па сваім уздзеянні духоўны ўрок.

Дарэчы, гэтая опера ў беларускім Вялікім пастаўлена ўпершыню. З’явіўся спектакль вельмі хутка, за пару месяцаў, з улікам пажаданняў новага дырэктара тэатра: Аляксандр Пятровіч схільны да пашырэння рэпертуару для дзяцей… І паглядзець спектакль мы паспелі. Наколькі мне вядома, опера была ў тэатры мастацкім саветам адобрана, захоплена прынятая дзеткамі рознага ўзросту. Па словах работнікаў тэатра, і дзеці, і іх бацькі пакідалі залу з задаволенымі ўсмешкамі на тварах, рэзюмуючы: спектакль цікавы. Сама і я чула, як дзеці казалі: Кошка стала добрай-добрай… Што пацвярджае і маё адчайнае дзіцячае імкненне надзяліць Кошку пазітыўнымі рысамі характару. Дарэчы, у тыя юныя гады мне так і не ўдалося паставіць «Кошкін дом»: усе магчымыя ўдзельнікі спектакля захварэлі на грып. І я была ў іх ліку. А потым прыйшло лета з яго вакацыямі, і новыя захапленні…

Працуючы над нататкамі, узяла з інтэрнэту водгукі школьнікаў на гэты выдатны твор Самуіла Маршака. Вось некаторыя з іх:

…П’еса-казка Маршака «Кошкін дом» мне вельмі спадабалася. Шкада было кацянят — пляменнікаў Цёткі Кошкі. У пачатку казкі Кошка была занадта эгаістычнай і жорсткай у дачыненні да кацянят, але перажытыя ёю і катом Васілём беды — пажар і адмаўленне сяброў даць ім, пагарэльцам, прытулак — прымусілі яе змяніцца. У канцы творы Кошка з катом Васілём папрасіліся жыць у старую хатку да кацянят, і тыя, ведаючы, як страшна быць без дома, пусцілі іх да сябе. Гэтая п’еса-казка вучыць дабрыні, спагадлівасці, дапамозе бліжняму. Кожны, нават багаты, павінен памятаць, што заўтра ён можа апынуцца на месцы бяздомных…

…Казка вучыць нас праяўляць міласэрнасць і спачуванне да тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Вучыць не адварочвацца ад маючых патрэбу, вучыць умець паступіцца сваімі інтарэсамі, сваім спакоем для таго, каб зрабіць камусьці добрую справу.

…Кошка спачатку не выявіла спагады да бедных галодных пляменнікаў, і потым ёй ніхто не дапамог у бядзе, акрамя тых жа самых пляменнікаў. Гэтая казка вучыць таму, што не тыя нашы сябры, хто з намі ў добрую гадзіну, а тыя, хто будзе з намі ў цяжкую хвіліну.

…У гэтай казцы можна знайсці шмат павучальнага, напрыклад, абыякавасць, якую праяўляюць да нас суседзі. Гэта няправільна і так не павінна быць…

Вось такія, крыху наіўныя, але шчырыя думкі дзяцей і падлеткаў пацвярджаюць: казка «Кошкін дом» запатрабаваная.

І яшчэ карысная інфармацыя з абшараў інтэрнэту. Самуіл Маршак перапісваў «Кошкін дом» тройчы, пашыраючы і дапаўняючы тэкст на працягу 25 гадоў. Прэм’ера першай версіі адбылася ў пачатку 20‑х гадоў, у Краснадары. Маршак кіраваў там секцыяй дзіцячых дамоў і калоній, іх у маладой савецкай краіне было мноства, і арганізаваў разам з групай былых беспрытульнікаў адзін з першых дзіцячых тэатраў у краіне, па прыкладзе якога потым пачалі арганізоўвацца ТЮГі… Але тое было пазней, а тады ў Краснадары савецкі дзіцячы тэатр толькі зараджаўся — і рабіў гэта на правах самадзейнасці. Для пастановак спачатку перапрацоўвалі казкі вядомых пісьменнікаў, але потым пачаў з’яўляцца і арыгінальны рэпертуар. Менавіта тады будучы класік і заснавальнік савецкай дзіцячай літаратуры і прыдумаў «Кошкін дом». Легендарная п’еса была апублікавана ў 1922 годзе ў зборніку «Тэатр для дзяцей», у 1945 з’явіўся пашыраны варыянт, у 1947 выйшла першае асобнае выданне, у 1948 годзе для Тэатра лялек Абразцова быў напісаны трэці варыянт, які стаў канчатковым. «Кошкін дом» тройчы экранізаваўся «Союзмультфильмом», фірма «Мелодия» выпусціла пра гісторыю Кошкіных апартаментаў аўдыёспектакль, а тэатральных пастановак як у прафесійным, так і ў аматарскім тэатры было столькі, што й палічыць немагчыма.

Валянціна Ждановіч

Фота Міхаіла Несцерава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.