Вы тут

Спытайце пра радзіннае. Навошта па вёсцы свечку носяць?


«Аднойчы чула ад мацi, якой ужо за восемдзесят, што калiсьцi ў нашай вёсцы была вялiкая свечка, якую пераносiлi з хаты ў хату. Адбывалася гэта праз некалькi тыдняў пасля Вялiкадня. Яна ахоўвала ад бяды, хваробы... Можа, вы што ведаеце пра гэты абрад? З павагай, чытачка газеты „Звязда“ Марына П. з Гомельскага раёна».


Вясной 2004 года мы сталi сведкамi таго, як праводзiлася набажэнства старавераў з нагоды святкавання Ушэсця ў вёсцы Пералёўка Веткаўскага раёна. У мясцовай традыцыi святочныя абрады першай паловы гэтага дня атрымалi назву «Вынас свечкi».

Адна з мясцовых жанчын паведамiла нам, што ў 1914 годзе кайзераўская армiя спалiла мясцовую царкву i амаль што ўсю вёску. Пакуль царква гарэла, людзi паспелi забраць абразы i рознае храмавае начынне. Пасля вайны вёску адбудавалi, царкву — не. Тады людзi пачалi служыць малебен самастойна, у хаце якога-небудзь гаспадара. Так адзначалi практычна ўсе вялiкiя святы хрысцiянскага календара. А падчас другой вайны мацi загiнулага хлопца зрабiла вялiкую аброчную свечку i пачала прасiць людзей, каб яны сабралiся ў яе хаце i правялi малебен у памяць пра сына. З таго часу гэты абрад атрымаў назву «вынас свечкi», i адзначаецца ён кожны год якраз на Ушэсце — саракавы дзень пасля Вялiкадня, у чацвер.

Малебен распачынаўся прыкладна ў дзевяць гадзiн ранiцы i доўжыўся да поўдня. На покуцi ставiлi аброчную свечку. Кожны, хто заходзiў у хату, нёс да яе свае свечкi, падарункi, пачастункi, грошы.

Аброчная свечка ўяўляла сабой невялiкi скульптурны помнiк. Яе выплаўлялi з воску, у таўшчыню яна мела не менш за пятнаццаць сантыметраў, а ў вышыню — да сарака. Свечку ставiлi ў ступку накшталт вечка дзяжы, «адзявалi» ў спецыяльна пашытую «сукенку». Зверху павязвалi невялiчкiя «фартушкi», упрыгожаныя стужкамi, вышыўкай.

Кожны год упрыгажэннi свечкi абнаўлялi, таму з цягам часу яна станавiлася ўсё таўсцейшая. Акрамя таго, на яе мацавалi маленькiя свечкi, з якiмi людзi прыходзiлi на малебен, воск плавiўся i абцякаў, ад гэтага вялiкая свечка станавiлася яшчэ большая i цяжэйшая.

У хаце той жанчыны, якая зрабiла свечку ў памяць па загiнулым сыне, яна знаходзiлася амаль што сорак гадоў. Калi ж жанчына памерла, то аброчную свечку сталi пераносiць з хаты ў хату. Той гаспадар, у якога яна захоўвалася на працягу апошняга года, абавязкова рыхтаваў святочны стол-братчыну. Пасля малебна адбывалася святочнае сталаванне, затым адпраўлялiся вадзiць карагоды i спраўляць абрад ваджэння стралы, а напрыканцы дня зноў ладзiлi вячэру, на якой прымалася калектыўнае рашэнне, каму перадаць аброчную свечку на далейшае захаванне.

Трынаццаць гадоў свечка знаходзiлася ў тым доме, у якiм здарылася вялiкая бяда: загiнулi бацька i сын. Цяпер вось ужо трэцi год яна «дапамагае» той сям'i, у якой бацька моцна запiў i аднойчы нават надумаў закончыць жыццё самагубствам, аднавяскоўцы вырашылi тэрмiнова перанесцi аброчную свечку менавiта ў гэту хату. Нягледзячы на тое, што галоўная свечка абшчыны знаходзiцца ў нейкiм адным доме, да яе прыходзяць усе аднавяскоўцы, каб памалiцца i паставiць побач свае свечкi са сваiмi ўласнымi просьбамi i пажаданнямi.

На думку многiх даследчыкаў, «свята свечкi» — гэта не што iншае, як трансфармацыя старажытных славянскiх свят, прысвечаных язычнiцкiм багам, якiм прыносiлi ахвярапрынашэннi ў выглядзе воску, мёду, пiва ў надзеi на дабрабыт, шчасце, удачу на паляваннi. Менавiта пра гэта сведчаць пiсьмовыя крынiцы XII—XVII стст. Пасля прыняцця хрысцiянства ахвяраваннi ў выглядзе воску i мёду засталiся, толькi набылi дакладную акрэсленасць у выглядзе абраду, якi ў гэтай мясцовасцi завецца «Вынас свечкi».

Выбар хаты, у якой нейкi час захоўвалася свечка, залежаў ад многiх абставiн. З аднаго боку, прысутнасць у хаце аброчнай свечкi накладвала на гаспадара i яго сям'ю дадатковыя патрабаваннi. Гэта было вялiкiм гонарам, якi трэба было заслужыць. З другога боку, перанос свечкi з хаты ў хату мог быць выклiканы нейкiм няшчасцем, якое здаралася раптоўна. Акрамя гэтага, свечку не захоўвалi ў доме, у якiм жылi кепскiя, злыя людзi, тыя, хто часта лаяўся памiж сабой i з аднавяскоўцамi. Так абшчына выказвала сваё стаўленне да гэтай сям'i.

Сяляне былi глыбока перакананы, што невыкананне абраду «Вынас свечкi» можа наклiкаць на вёску i яе жыхароў пракляцце, якое праявiцца ў выглядзе эпiдэмii, падзяжу хатняй жывёлы, неўраджаю i г. д.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытаннi пра каранi i прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных i сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыi з пазнакай «Пра радзiннае».

Фота: sib.fm

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.