Вы тут

Плынь і пераадоленне плыні


Літаратура ў жыцці чалавека выконвае дзве задачы — ад­люстроўвае і перапісвае. Дзве функцыі дазваляюць адбыцца ўсім астатнім: літаратура ста­ новіцца крыніцай ведаў, адпа­ чынку, нагодай задумацца — у залежнасці ад выбару першай базавай задачы. Гэта падобна да наладаў для функцыянавання твора: у пісьменніка ёсць рэ­чаіснасць, ад уплыву якой ён не можа нікуды падзецца. Што будзе з ёй рабіць: перапісваць або адлюстроўваць?


Кніга Алены Паповай «Песня блистающей химеры» («Мастацкая літаратура», 2019) складаецца з чатырох асобных твораў — трох раманаў, адзін з якіх «раман-казка», і адной аповесці. Гэты зборнік твораў аказваецца своеасаблівым з пункту гледжання пастаўленага вышэй пытання, бо на працягу ўсіх тэкстаў аўтар робіць з рэчаіснасцю адначасова і тое, і іншае. Толькі калі адлюстраванне адбываецца звыклым спосабам, то аўтар перапісвае, то-бок відазмяняе ў тэксце не рэчаіснасць саму па сабе, а яе ўспрыманне. Іншымі словамі, тое, што вокладкай, назвамі і  часткова стылістыкай прыкідваецца белетрыстычнымі раманамі-паўсядзённасцямі, насамрэч аказваецца філасофскімі развагамі.

Адкрывае зборнік менавіта раманказка з назвай «Егоша і маленькія-маленькія матылькі...». Спецыфічная мова твора задае стылістычную карціну для ўсяго зборніка. Ва ўсіх тэкстах захоўваюцца зусім простыя або размоўна-незвычайныя імёны персанажаў, лёгкія сінтаксічныя канструкцыі са шматлікімі інверсіямі. У гэтым счытваецца некаторая гульня і іранічнасць у стаўленні аўтара да сваіх герояў і падзей, што з імі адбываюцца. У той жа час кароткія і дакладныя сказы хутка пераключаюць увагу з аднаго на іншае і ствараюць некаторую ўрывачнасць аповеду ўжо на ўзроўні мовы і робяць развіццё сюжэта ўвесь час насычаным дзеяннямі: або імклівым, або мітуслівым. Але нават мітуслівасць не перашкаджае ўспрыманню, бо добра стасуецца з эмацыянальным складнікам сюжэтаў.

Стылістычная аднароднасць падаецца не такой заўважнай ці, прынамсі, успрымаецца як фон для галоўнага, што аб’ядноўвае тэксты зборніка. Раманы, сабраныя пад вокладкай «Песни блистающей химеры», расказваюць пра інерцыю чалавечага жыцця, побыту, лёс і перадвызначанасць, даследуюць спосабы барацьбы з імі.

Тэкст ніяк не змяняе свой тон, незалежна ад таго, што канкрэтна адбываецца. Iншы свет, заблытаныя і туманныя прыгоды або звычайнае паўсядзённае жыццё ўтвараюць адну і тую ж, агульную, плынь падзей, якая хутка і рэзка Плынь і пераадоленне плыні змяняецца, пераскоквае ад адной часткі да іншай, не дазваляючы чытачу як след прыгледзецца і прызвычаіцца. На гэта ж спрацоўвае неаднароднасць і нелінейнасць часу ў аповедзе.

Асаблівую ролю ў творах адыгрываюць стасункі паміж персанажамі і іх партрэты. Людзі больш значныя за абставіны і падзеі — такая выснова вынікае са шматлікіх адступленняў, адведзеных на тое, каб раптам распавесці пра стасункі героя з кімсьці з блізкіх. Аўтар імкнецца праз дэталі знешнасці і паводзін паказаць ролю тых ці іншых людзей у жыцці галоўнага героя. Гэта менавіта партрэты, а не апісанні характараў, бо ўсе яны выступаюць у дзеянні ў звязцы з цэнтральным персанажам, з’яўляюцца ў яго жыцці: як нечаканая і незразумелая крыніца змен, як атрыбут вечнай мяшчанскай невыноснасці жыцця (у гэтай ролі часцей за ўсё — жанчыны, жонкі або маці), як сувязь з пэўнымі ўспамінамі або іншымі людзьмі, як крыніца рэакцыі на дзеянні галоўнага героя або нагода для праяўлення яго характару.

Агульны тон аповеду ў нейкі момант заклікае задумацца, над чым іранізуе аўтар: над павольнай і інертнай плынню жыцця або над спробамі яе пераадолець? Як увогуле ставіцца да сваіх галоўных герояў, якіх змяшчае ў стэрыльныя лабараторныя ўмовы, дзе кожная акалічнасць і кожны другасны персанаж павінны ўплываць на гэтага персанажа? Што ў выніку перамагае? Загалоўны раман кнігі, дзе апісваецца жыццё дзяўчыны, якая адважваецца на рэзкія яго змены, заканчваецца вельмі рамантычнымі словамі пра сусветную невыпадковасць. Кожны рух чалавека, нават самае звычайнае і незаўважнае дзеянне, адбіваецца ў светабудове, і кожны з нас са сваім унікальным месцам, часам і задачай дадае свой голас гэтай невыпадковасці. Вырашэнне пытання пра перадвызначанасць падаецца такім: прыняць яе, але не дазволіць дыктаваць спосабы дзеяння. Кніга аказваецца цудоўным спалучэннем імклівасці апавядання і  пачуцця застою, займальнага і лёгкачытэльнага сюжэта з глыбокай філасофскай задачай.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».