Вы тут

Падручнік птушынай мовы


Кожны раз, калі бярэшся пісаць пра кнігі з «традыцыйнай для паэзіі тэматыкай», кшталту Радзімы, кахання і, канешне ж, прыроды, ёсць адчуванне нейкай стомленасці, бо чакаеш бясконцага, як гарызонт, паўтарэння адных і тых жа канструкцый: калі не слоўных, то эмацыянальных. Часам, вядома, гэтыя чаканні не апраўдваюцца, і тэма зварочвае з прамога шляху ў які-небудзь вобразна-метафарычны рад. Гэта ўжо асаблівае свята.


Але ў дадзеным выпадку давялося сутыкнуцца з кнігай, у  якой і вобразнае адлюстраванне праз прыроду, і эмацыянальная рэакцыя на яе, і філасофскае напаўненне самога паняцця «прырода» так па-майстэрску даведзена да абсалюту, што пазбаўляецца ўсяго звыклага чытацкаму воку.

Зборнік Валянціны Аксак «Кава ў арліным гняздзе» («Кнігазбор», 2019) пачынае расплюшчваць нечаканасцямі вочы чытачам ужо з назвы. Спачатку яна проста падаецца незвычайнай, але чытаеш анатацыю, і на цябе абрушваецца адзін слой расшыфроўкі, а пасля — яшчэ і  яшчэ больш. Гэта восьмая кніга Валянціны Аксак, і ў анатацыі для падкрэслівання сімвалізму згадваецца, што арлы падчас шлюбных гульняў «выкрасаюць у небе абрысы васьмёрак». Праз гэтую інфармацыю і паўсядзённую ўстаноўку таго, што кава — атрыбут раніцы, счытваеш з назвы кнігі неверагодную метафару з рамантычна-інтымным кантэкстам. Далей, сустракаючы гэты вобраз у кнізе не аднойчы, счытваеш яшчэ і супастаўленне дому і  чагосьці дзікага, чалавечай паўсядзённасці з сілай, што не ведае руціны, хаця і паўтарае адладжаныя сістэмныя цыклы кожную хвіліну, дзень, год.

Цікава, як абсалютная прыродная накіраванасць вершаў пазбягае і фальклорнага адухаўлення, і прамой пейзажнасці.

Аўтарка бачыць замест пейзажа сапраўдную мову — знакі, сімвалы, пасланні, быццам чытае магічную кнігу. Гэта ўвасабляецца і ў яскравай колеравай насычанасці тэкстаў. Валянціна Аксак быццам вучыцца не толькі чытаць гэтую мову, але і размаўляць на ёй у  вершах. Апісанае ў анатацыі зліццё голасу паэта з навакольнымі гукамі раз-пораз адбываецца літаральна. Аўтарка ідзе далей за птушыную мову — у мову ўсяго навакольнага — і ў ёй дасягае майстэрства не проста гаварыць, а  маляваць поўны відэавобраз, які ўспрымаецца візуальна, гукава, сэнсава, трыма словамі.

углыб

Гонта.

Ганак.

Грунт.

У кнізе сапраўды шмат птушыных вобразаў, і больш за ўсё — арлоў. Гэты вобраз ужо ў першых вершах выяўляе сваю шматслойнасць: і чалавек, і агульнапрыродная моц, найвышэйшы назіральнік. Вечныя вагі паміж чалавечым і прыродным працягваюцца і адбіваюцца ў нешматлікіх цялесных вобразах. Цела — носьбіт і абмежавальнік прыроднай сутнасці.

Уцёкі ад дзікае слівы

ў завінены рай

сталіся бегам

па трэнажорнай дарожцы.

Дрот ад датчыка пульсу

спутаў ногі,

стоп-кадрам завіс

заваконны пейзаж,

прытупілася яркасць малюнка,

і паветра згусла,

як застылая манная каша.

Прыкладна ў сярэдзіне зборніка з’яўляецца своеасаблівае тлумачэнне такога балансу — хрысціянскія вобразы: вершы займае прастора і час Вялікадня. Аўтарка доўга і ўдумліва ўзважвае тэму смерці: у адзінае цэлае звязваюцца нябесна-паветраныя вобразы і карані чалавечага жыцця — памяць пра сваякоў.

Бліжэй да другой паловы зборніка менавіта з тэмы Вялікадня пачынаецца больш «чалавечная», менш метафарычная частка. Тут знаходзяць адбітак разважанні аўтаркі, стасункі з  іншымі. Часам гэта падаецца зусім проста, быццам дзённік: сны, падзеі, фантазіі, думкі, успаміны.

У гэтым дзённіку шмат асцярожна-жаночага, схаванага, сцішанага і вельмі традыцыйна-жаночага. Таксама як і тэма кахання, якая не лезе на вочы, а застаецца адчуваннямі, намёкамі ў вершах. Але пытанне жаноцкасці, прысутнасці і заўважнасці жанчын у светабудове займае Валянціну Аксак асабліва, што яскрава заўважна ў вершы пра «блудную дачку»:

Галоўнае ж у іншым.

што ў нас бывае,

калі Бог пасылае

толькі дачок?

Як тут тады

выглядае

са спадчынай,

блудам,

вяртаннем да бацькі

старэйшай — малодшай?

На шчасце, зборнік пазбаўлены відавочнага і трывіяльнага кампазіцыйнага рашэння з сезонамі года, але вобразы і развагі ў ім перажываюць своеасаблівы жыццёвы цыкл. Можна лічыць, што кампазіцыя закальцоўваецца, але гэта адбываецца за кошт расшыфроўкі вобразаў, сэнсу, які счытваецца.

Вось проста зараз

ён нясецца нада мною,

якісьці велізарны

нетутэйшы птах,

і так вяшчуе свету

сваю неверагодную,

нікім дагэтуль

не сказаную захопленасць

пазнаным краем,

што ўздрыгваю

і спрабую адлучыцца

ад звычаёвых нораваў

і іншае

мільён гадоў таму

збуцьвелай трасцы.

Адчуванне вечнага назіральніка пацвярджаецца ў апошнім вершы. І, добра ўчытаўшыся, разумееш, наколькі цесна і гарманічна ён звязвае ўсе астатнія тэмы і эмоцыі, якімі прасякнуты тэксты кнігі. «Кава ў арліным гняздзе» Валянціны Аксак аказваецца сапраўдным падручнікам птушынай мовы — не зусім у фразеалагічным значэнні. Той мовы, якой напісана кніга прыроды, чалавечай сувязі з ёй і адрознасці ад яе.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.