Вы тут

Формула з усімі вядомымі


Адна з прыкмет нашага часу — бацькоўскія абмеркаванні метадаў выхавання дзяцей. Спрэчкі на гэты конт ідуць у рознай танальнасці і на розных узроўнях, ад інтэрнэт-форумаў і дзіцячых пляцовак да круглых сталоў з сур'ёзнымі экспертамі. І не падлічыць, колькі коп'яў зламана вакол дазволу і забароны, устанаўлення меж і пакарання, выхавання без гвалту і, крый божа, нанясення псіхалагічных траўмаў.


...Мае бацькі, якім за 60, а тым больш тыя, хто памятае першыя пасляваенныя гады, калі згадваюць пра ўласнае дзяцінства, шчыра прызнаюцца: ім і іх родным было не да цяперашняй псіхалогіі ды філасофіі. Помніцца, адзін з даўніх маіх герояў разважаў: «Нас гадавалі паводле «Рэспублікі ШКІД» і Макаранкі — у найлепшым выпадку. Дзе дапамагаў калектыў — школа, піянерыя, камсамол, дзе дзейнічаў асабісты прыклад, а дзе, як у маёй суседкі, якая бралася за любую работу, каб толькі падняць дзяцей, паспявалі толькі прасачыць, каб малыя былі абутыя-адзетыя, не галодныя і двоек у школе не нахапалі. А цяпер іншыя каштоўнасці, разумееце?»

Праз больш чым 15 гадоў пасля той размовы, маючы ўжо не самы вялікі, але свой уласны бацькоўскі і жыццёвы вопыт, мяркую, што разумею. Не бяруся параўноўваць жыццё ў прынцыпова розных краінах, грамадствах, эканоміках і сістэмах каштоўнасцяў. Не рызыкну сказаць, што нам, бацькам «пакалення Z», лягчэй гадаваць дзяцей, чым савецкай інтэлігенцыі 1960-х альбо тым, хто да дрыжыкаў ясна помніць татальны дэфіцыт і размыванне маральных устояў у 90-я.

Але выразна адчуваю, што ў цяперашніх стасунках соцыуму, бацькоў і дзяцей мне падабаецца. «А» — адказнасць. Разуменне таго, што быць мамай і татам — гэта не проста нарадзіць агульнае дзіця, але выхаваць, навучыць, закласці ў яго тыя асноўныя характарыстыкі і ўменні, якія спатрэбяцца ў жыцці. І, зноў жа, несці адказнасць. Перад сабой і блізкімі, каб дзяцей не заводзілі, як коцікаў ды сабачак, а нараджалі свядома, рыхтуючыся да кардынальных перамен у сваім жыцці, звычках, свядомасці. Перад настаўнікамі, якія будуць вучыць дзяцей усякім неабходным дысцыплінам, развіваць спартыўныя і творчыя здольнасці, вучыць думаць, спасцігаць новае — але не абавязаныя іх, нашых дзяцей, выхоўваць. Перад самімі дзецьмі, якія ўбіраюць і найлепшыя, і далёка не самыя добрыя нашы рысы і манеры паводзін, пераймаюць тую мадэль стасункаў з іншымі людзьмі, якую транслюем мы, і, дарэчы, таксама вучацца — альбо не вучацца — адказнасці за свае словы і ўчынкі.

Часам здаецца, што ад сучасных бацькоў грамадства патрабуе занадта многа: і сачыць за дзіцем у тры вокі 24 гадзіны ў суткі, і не задушыць гіперапекай, і забяспечваць мноства патрэб дзіцяці, і не скаціцца ва ўсёдазволенасць, і не дапускаць маральнага і фізічнага гвалту, і не вырасціць інфантыла, які атрымлівае глыбокую душэўную траўму пры кожным сутыкненні з рэальным светам... І ўсім ты вінен, вінен, вінен, але ж немагчыма кантраляваць абсалютна ўсе аспекты жыцця. У такіх выпадках асабіста мне дапамагае тэрмін «дастаткова добрая маці» — дзякуй, шаноўны брытанскі псіхатэрапеўт і педыятр Дональдс Вудс Вінікот, за тое, што сфармуляваў гэту простую і жыццёвую штуку. Дастаткова добрыя маці/бацька — гэта тыя людзі, якія робяць для развіцця і выхавання дзяцей усё, што ў іх сілах, але пакідаюць за сабой права на памылку. Словам, гэта не робаты і не загнаныя ў пастку перфекцыянізму няшчасныя істоты, а нармальныя жывыя людзі, якія ведаюць, што няма раз і назаўжды прапісанага зводу правіл, які падыходзіць для ўсіх, і ці «правільна» ты выгадаваў дзяцей, стане зразумела толькі праз час.

Таму ў думках я заўжды дапісваю да свайго «А» — адказнасць — яшчэ адну літару. «Л» — любоў. На сёння гэта галоўныя мае бацькоўскія і сямейныя каштоўнасці.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: ya-roditel.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.