Вы тут

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі


Сям’я Дзядзюкоў будуе дом, як і многія на іх вуліцы, у іх населеным пункце, у нашай краіне. «Мы яшчэ дабудоўваем — і ўжо любім наш дом, — кажа Святлана. — Разам з дзецьмі даўно спланавалі, дзе што будзе стаяць, як мы размесцімся, як упрыгожым пакоі, кухню, дзе якія кветкі пасадзім у двары. Абавязкова будуць ружы. Застаецца зусім няшмат у параўнанні з тым, што ўжо зроблена. Летам, спадзяёмся, перабяромся ў свой такі доўгачаканы, такі любімы дом».


Сібірскі пачатак

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям’і і дома. Цяпер яна дакладна ведае, што шлюбы адбываюцца на нябёсах. Расказала, што лёсы іх з Аляксандрам дзіўным чынам складваліся падобна і развіваліся паралельна, каб потым аднойчы сысціся ў пункце перасячэння.

Бацькі абодвух сужэнцаў маладымі хлопцамі падаліся некалі з Брэстчыны на будаўніцтва БАМа (Байкала-Амурскай магістралі). Абодва беларусы ў далёкім Краснаярскім краі сустрэлі сібірачак і ажаніліся. Такім чынам, і ў Святланы, і ў Аляксандра бацькі тутэйшыя, а маці з Сібіры. Абое яны там і нарадзіліся, за тысячы кіламетраў ад Беларусі, там раслі, хадзілі ў школу. І абедзве сям’і недзе ў пачатку 90-х гадоў па падобных прычынах з розных месцаў вярнуліся на малую радзіму мужоў. «Бо тут, у нас, было яшчэ не зусім цяжка выжываць, а там зусім складана стала», — успамінае Света матывы рашэння бацькоў.

Вось так яна і Саша больш за дваццаць гадоў таму апынуліся ў адной вёсцы Брэсцкага раёна. Але Чарнаўчыцы — населены пункт немалы, тут некалькі тысяч чалавек жыве. Да часу яны не ведалі адно аднаго, кожны з іх стварыў сваю сям’ю. І ў кожнага сям’я не адбылася... У выніку — пасля разводу Святлана засталася з дачкой, і Аляксандр застаўся са сваёй дачкой. А калі гэтыя двое людзей з такімі падобнымі лёсамі сустрэліся, паміж імі і прамільгнула тая самая іскра, што дала пачатак каханню ды новай шчаслівай сям’і.

Два праекты

Як вы зразумелі, Святлана Мілінкевіч і Аляксандр Дзядзюк ажаніліся ды адразу сталі сям’ёй з двума дзецьмі. Вядома, тут жа паўстала жыллёвае пытанне. Яны тады сталі на ўлік у сельвыканкаме, у парадку чаргі атрымалі ўчастак пад будаўніцтва. «Жылі на той час у інтэрнаце, разлічваць маглі толькі на свае фінансавыя сілы, думалі, што будаваць давядзецца доўгія гады, — расказвае маці сямейства. — Я хацела наш дом яшчэ меншым спраектаваць.

Гэта Саша ўгаварыў не спяшацца з праектам, пераконваў, што будуць яшчэ дзеці ў сям’і. Заўважала, што мой муж вельмі любіць дзяцей, гэта было прыкметна нават па тым, як ён гуляе з малымі пляменнікамі. Нашы дзяўчынкі падрасталі, і хоць мне было за трыццаць, навіну пра будучае дзіця мы абое сустрэлі з вялікай радасцю. А дом пачыналі будаваць, калі мелі толькі дзвюх дзяўчынак. Да нараджэння ж чацвёртага дзіцяці — сына Вані — «каробка» дома была».

Дарэчы, у іх ёсць два праекты. Той, першапачатковы, разлічаны на меншы метраж, цяпер захоўваецца ў якасці старонкі сямейнай гісторыі. А ў справу пусцілі другі праект будынка плошчай 107 квадратных метраў. Дом складаецца з чатырох пакояў, прасторнай кухні, невялікіх гаспадарчых памяшканняў.

«Каробка» плюс субсідыя

«Каробку» дома вывелі з зямлі дзякуючы таму, што ў шматдзетнага бацькі залатыя рукі, што ён робіць усё сам. «Але што такое «каробка»? — разважае Святлана. — Дом, мусіць, і сёння ўяўляў бы сабой «каробку», каб не субсідыя дзяржавы, якую мы як шматдзетная сям’я атрымалі ў 2017 годзе. Тады адразу заказалі і паставілі вокны, сталі рабіць усё ўнутры, напаўняць гэтую «каробку» патрэбным начыннем. Вядома, стараліся сэканоміць на ўсім. Напрыклад, мая справа ў банку на атрыманне субсідыі самая тоўстая ў параўнанні з іншымі. Бо я шмат чаго мяняла, перарабляла дакументы менавіта ў кірунку эканоміі. Не эканомілі толькі на ацяпленні: дом абкладзены мінватай, вокны мы падабралі энергазберагальныя. Вельмі многае ў гэтым будаўніцтве рабілі паступова, большую частку сваімі сіламі».

У гэтым сэнсе сям’і пашанцавала, бо яе галава — прафесійны будаўнік, ён працуе мантажнікам-высотнікам у адной з брэсцкіх арганізацый. Адпаведна, многае ўмее, а ўменне сваё паспяхова прымяняе на будаўнічай пляцоўцы. Фактычна ўсё ўнутранае адстройванне гаспадар робіць самастойна. Паводле слоў гаспадыні, цяпер застаецца пакласці падлогу, паклеіць шпалеры, пафарбаваць унутры — і можна заязджаць. Ламінат на падлогу і плітку яны купілі загадзя за кошт субсідыі.

— Гэтыя 66 тысяч рублёў бюджэтнай субсідыі ўсё і вырашылі, — разважае Святлана Леанідаўна. — Мы абое са звычайных сем'яў, у нас не было вялікіх зберажэнняў, на зарплаты будаўніка і спецыяліста рэкламнай службы пры ўмове ўтрымання чатырох дзяцей дом мы не хутка ўзвялі б. Мякка кажучы, не хутка. Вядома, хацелася б, каб былі грошы на агароджу і гаспадарчую пабудову ў двары, але іх не хапіла, і мы адклалі гэтую работу на пазнейшы час. Мы ўсведамляем, што і так нам вельмі добра дапамагла дзяржава. І не разумеем тых бацькоў шматдзетных сямействаў, якія замахваюцца на двухпавярховыя асабнякі, а потым наракаюць, што сродкаў субсідыі не хапае.

Вядома, не хопіць, бо сёння ўсе будаўнічыя матэрыялы каштуюць вельмі дорага паводле мерак чалавека невысокага дастатку. Помню, як мы вялі нулявы цыкл. Здаецца, купіш бетон, яшчэ нешта, столькі грошай убухаеш у нейкую камунікацыю, а яе не відаць нават, усё ў зямлі. У мяне часам слёзы наварочваліся ў такой сітуацыі, але ж маўчала. Ведаю, што муж і так з усіх сіл імкнуўся ўсё ўзяць на сябе. Гэта цяпер я зразумела, што часам лепш наняць чалавека, запрасіць тэхніку, каб не рызыкаваць уласным здароўем, не надрывацца. Яму і на рабоце даводзіцца цяжка працаваць.

Рэцэпт шчаслівай сям’і

— А вось цяпер, калі справа блізіцца да завяршэння, то і аптымізму прыбавілася, — працягвае Святлана. — Мы ўсе чакаем лета, каб разам з дзецьмі адсвяткаваць наша галоўнае сямейнае свята — наваселле. Бо пакуль часова жывём з бацькамі мужа. І хоць усяляк стараемся не ствараць нязручнасці сталым людзям, але гэта не надта магчыма на практыцы. У кватэры жыве восем чалавек, з іх чацвёра дзяцей, дзяўчаты цяпер вучацца дыстанцыйна. Яны сёлета цяжка перахварэлі на рэспіраторную інфекцыю, таму я не рашылася адпраўляць іх у школу. Тым больш што гэта вельмі адказныя вучаніцы. Ну а малыя, вядома, ствараюць сваю порцыю шуму і вэрхалу.

Святлана лічыць галоўным складнікам іх паспяховай сям’і тое, што яны з мужам аднадумцы. Яны ўмеюць эканоміць, у іх не ўзнікае спрэчак з нагоды расходавання грошай, бо ўсе свае сродкі ўкладваюць у дом і ў дзяцей. Дзеці ведаюць, што пакуль сям’я не можа сабе дазволіць паездку на мора ці нават аўтападарожжа ў межах краіны. Усе разам выязджаюць пагуляць у абласны цэнтр, наведваюць парк альбо Брэсцкую крэпасць, любяць ездзіць да сваякоў у вёску. Дзеці разумеюць бацькоў і не просяць нічога лішняга, наадварот, радуюць сваімі поспехамі. Старэйшая Соня заканчвае дзясяты клас, выдатніца ў школе. Дзяўчынка іграе на скрыпцы, не раз удзельнічала ў канцэртах — нават за межамі краіны.

10-гадовая Ульяна таксама паспяхова вучыцца ў школе, наведвае студыю выяўленчага мастацтва. Вядома, яе работы з часам упрыгожаць новы дом. Яна першая памочніца мамы ў гаспадарчых справах, умее дапамагчы з малымі, з задавальненнем корпаецца ў агародзе — па ўсім відаць, добрая гаспадынька вырасце. Шасцігадовы Захар не перастае здзіўляць бацькоў сваёй цікаўнасцю, у тым ліку да падзей у свеце. Яшчэ не ўмеючы чытаць, ён навучыўся знаходзіць патрэбную інфармацыю ў смартфоне. Хлопчык не гуляе, як большасць дзяцей, а праслухоўвае самыя розныя сюжэты — а пасля прагляду і праслухоўвання, бывае, ставіць у тупік сваімі пытаннямі.

Напрыклад, нядаўна ён спытаў маму, чаму, на яе погляд, закатавалі Хрыста. І не пагадзіўся з яе трактоўкай біблейскай гісторыі — агучыў сваю. Маленькі Ванечка цікавіцца машынамі, ведае іх маркі і разнавіднасці. «Малы, вядома, усеагульны любімчык, яго ўсе песцяць, бо ён самы меншы і апошні ў сям’і, — расказвае Святлана. — Хоць муж нядаўна сказаў: «Каб мы з табой сустрэліся адразу, у маладосці, у нас было б не менш за шэсць дзяцей». А я думаю, два сыны і дзве дачкі, мама, тата ў сваім доме — гэта і ёсць камплект для поўнай і шчаслівай сям’і».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Брэсцкі раён

Загаловак у газеце: Такі доўгачаканы і любімы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.