Вы тут

Перамовы патэнцыйных бізнес-партнёраў на відэаканферэнцыі, вэбінары і анлайн-прэзентацыі прадукцыі рамеснікаў


«Вясна ў Гомелі — 2020» дазволіць у любым пункце свету азнаёміцца з эканамічным патэнцыялам паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі. Міжнародная выстаўка, на якой летась прадстаўлялі прадукцыю 300 айчынных і замежных кампаній і якую наведалі дэлегацыі з 32 краін свету, гэтым разам працуе ў фармаце міжнароднай віртуальнай платформы.


Выстаўка дасягненняў рэальнага сектара эканомікі — візітная картка Гомельскай вобласці і адно з самых значных мерапрыемстваў рэгіёна. 20 гадоў запар яна аб’ядноўвае прадпрыемствы з розных куткоў свету, заклікае да ўдзелу ўлады, кіраўнікоў дыпмісій і гандлёва-прамысловых палат.

У новым фармаце «Вясна ў Гомелі — 2020» прадстаўлена трыма асноўнымі анлайн-блокамі. Першы — «Дзелавая Вясна» — прэзентуе прадукцыю і паслугі прадпрыемстваў, прапануе ўдзел у вэбінарах, а таксама дае магчымасць перамоў паміж патэнцыйнымі партнёрамі ў фармаце В2В.

Другая анлайн-пляцоўка — «Смачная Вясна» — аб’ядноўвае прадстаўнікоў рэстараннага бізнесу, кавярняў і рознічнага гандлю. Нарэшце трэці блок — «Гомельская Вясна» — гэта своеасаблівае анлайн-свята рамеснікаў з розных куткоў Беларусі.

Новы фармат работы міжнароднага праекта можа стаць для ўдзельнікаў выдатнай магчымасцю замацаваць сваю актыўнасць на інтэрнэт-платформах. У гэтым упэўненыя арганізатары.

— Цікавасць да выстаўкі выказалі ўжо больш за 200 удзельнікаў з 12 краін свету, сярод якіх Расія, Казахстан, Малдова, Славакія, Сербія, Грузія, Германія, Індыя, Літва, — тлумачыць прэс-сакратар гомельскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Ірына Такоева. — Прадпрыемствы, якія сталі ўдзельнікамі анлайн-форуму, змаглі прадставіць інфармацыю пра сваю работу ці размясціць камерцыйныя прапановы бясплатна.

Аднак, каб узяць удзел у выстаўцы, многім давялося перагледзець візуалізацыю і напаўненне сваіх сайтаў. На некаторых з іх інфармацыя падавалася толькі на рускай мове, чаго было недастаткова.

— Гомельскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты стварыла бізнес-візітоўкі прадпрыемстваў, — дадала Ірына Такоева. — Збіралі актуальную інфармацыю, дапоўнілі матэрыялы анкетавання БелГПП, дадалі рэкламныя ролікі і прэзентацыі. Была распрацавана форма камерцыйнай прапановы, якая адпавядае патрабаванням Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Многія ўдзельнікі безумоўным плюсам новага фармату выстаўкі лічаць эканомію сродкаў на арганізацыю візіту.

Запыты на рэгістрацыю і ўдзел у форуме ад прадпрыемстваў працягваюцца. Таму ёсць намер працягнуць работу анлайн-выстаўкі і пасля запланаванага раней 10 чэрвеня.

Як адзначыла генеральны дырэктар Гомельскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Марына Філонава, толькі ў першы дзень работы выстаўкі на перагаворнай пляцоўцы было прадстаўлена больш за 100 прадпрыемстваў вобласці. Запрашэнне таксама прынялі 13 гандлёва-прамысловых палат, свабодных эканамічных зон з 12 краін. Многія замежныя кампаніі да канца мая афіцыйна не працуюць, але з некаторымі патэнцыйнымі партнёрамі ўжо наладжаны кантакт. У чэрвені чакаецца яшчэ больш удзельнікаў.

Цяпер арганізатары адзначаюць папулярнасць вэбінараў як формы стасункаў паміж удзельнікамі. Сярод іх, напрыклад, вэбінар з удзелам прадстаўніка іспанскага рэстараннага бізнесу, а таксама вэбінар, прысвечаны магчымасцям супрацоўніцтва паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі Беларусі і Кітая.

Між тым, пры дапамозе анлайн-пляцоўкі больш за 70 майстроў-рамеснікаў прадстаўляюць вырабы з дрэва і керамікі, дзіцячыя цацкі, дэкор, посуд, упрыгажэнні і касметыку з натуральным саставам. Прэзентуецца таксама адзенне, прадметы інтэр’еру і фермерскія прадукты харчавання. Удзельнікі выстаўкі падкрэсліваюць, што могуць даставіць сваю прадукцыю ў любы пункт свету.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Вясна ў фармаце вэбінара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».