Вы тут

Маштабны праект, накiраваны на развiццё сельскiх тэрыторый, распачынаецца на тэрыторыi заказнiка «Спораўскi» ў далiне ракi Ясельды


Пра развiццё сельскiх тэрыторый у далiне Ясельды актыўна загаварылi ў самым пачатку гэтага года. Маштабны экалагiчны праект, накiраваны на актывiзацыю прадпрымальнiцкай дзейнасцi мясцовага насельнiцтва Здзiтаўскага, Мiжлескага, Стрыгiнскага i Спораўскага сельсаветаў Бярозаўскага раёна, рэалiзуецца на тэрыторыi заказнiка «Спораўскi». Прэзентацыя
праекта мiжнароднай тэхнiчнай дапамогi «Ландшафтна-арыентаванае развiццё сельскiх тэрыторый далiны ракi Ясельды пры ўдзеле мясцовага насельнiцтва» адбылася 10 студзеня ў Бярозе, што на Брэстчыне.


На беразе Ясельды.

На зямлi «Спораўскiх сенакосаў»

Такая iнiцыятыва, вядома, узнiкла не на пустым месцы. З даўнiх часоў людзi сялiлiся, як вядома, каля самых рэк, i ўзнiкалi першыя раёны земляробства. Тут, пры Ясельдзе, век жылi працавiтыя людзi. А рэспублiканскi бiялагiчны заказнiк «Спораўскi» — мясцiна, вядомая як у нашай краiне, так i ў суседнiх. На «Спораўскiя сенакосы» ўжо шмат гадоў едуць аматары прыроды з блiзкага i далёкага замежжа. Тут можна паглядзець на сапраўдныя балоты, на тэрыторыі заказніка нямала птушак, жывёлiн, раслiн, якiя занесены ў Чырвоную кнiгу.

Гэты фестываль па ручным кашэннi балот i задумваўся як акцыя, што зверне ўвагу на праблему захаванасцi балота i яго насельнiкаў. Вяртлявая чаротаўка ды iншыя вiды яе крылатых таварышаў становяцца часам ледзь не галоўнымi героямi такiх свят. Iм прысвячаюцца адмысловыя стэнды, тэматычныя прагляды, электронныя i друкаваныя альбомы. I, вядома, фэст — найперш магчымасць успомнiць дзедаву касу. Спрадвечны спосаб касьбы прыцягвае на свята многiх людзей. Памятаю, як на першых фестывалях, больш за дзесяць гадоў таму, на балота прыходзiлi сталыя мужчыны з суседнiх вёсак, каб паглядзець на звычайную сялянскую працу. Адзiн з iх сказаў тады мне тое, што помнiцца да гэтай пары: «Найлепшая касьба — гэта калi косiш i душа радуецца». Цяпер i ў вёсках засталося зусiм мала аматараў касы i такiх знаўцаў iнструмента, якiм быў герой Якуба Коласа ў «Новай зямлi». Памятаеце: «Другi хутчэй бы выбраў жонку, чым дзядзька добрую касу»? Сёння ў сельскай мясцовасцi, на жаль, характэрны гук травы, што кладзецца ў пракосы пад вострым лязом, даўно растварыўся-згубiўся пад гулам трымераў. А названы фестываль дае магчымасць успомнiць спрадвечныя клопаты беларусаў. Адным з галоўных раней была менавiта касавiца. Пра яе падрыхтоўку, саму работу, касцоў не раз расказвалi ўдзельнiкi самадзейных гуртоў, якiя абавязкова прыязджаюць на фестываль. Фэст арганiзаваў заказнiк «Спораўскi», абапiраючыся на традыцыi мясцовасцi, якiя тут даўно склалiся i перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Земляробы-першапраходцы

Традыцыйнай каштоўнасцю для тутэйшых жыхароў заўсёды быў дабрабыт, якi ствараецца ўласнай працай. Такiх людзей можна знайсцi ў кожным з пералiчаных сельсаветаў, як i ў суседнiх з iмi.

У Спораве, якое дало назву i заказнiку, i фестывалю гумару «Спораўскiя жарты», i iншым мясцовым славутасцям, адчуваюцца наступствы ўрбанiзацыi. Людзей становiцца менш, дзецi вяскоўцаў асядаюць у гарадах. Ва ўсiм Спораўскiм сельсавеце, паводле слоў старшынi выканкама Аляксандра МАРТЫСЕВIЧА, жыве зараз крыху больш за паўтары тысячы чалавек. Асноўная частка працаздольных людзей занята на мясцовым сельгаспрадпрыемстве, iншыя працуюць у ляснiцтве, на мелiярацыi, на аб'ектах сацыяльна-культурнага прызначэння, у арандатара на возеры. У самой вёсцы Спорава, напрыклад, няма нiводнага прыватнага прадпрыемства, нiхто нават не спрабаваў распачынаць сваю справу да нядаўняга часу.

Але ж, на шчасце, ёсць людзi, якiя хочуць працаваць на зямлi, ствараць дабрабыт сям'i. Свайго кшталту першапраходцамi можна назваць Наталлю i Васiля Шчурко. Два гады таму яны ўзялi тры гектары зямлi i занялiся вырошчваннем ягад — эксперыментуюць з малiнамi i клубнiцамi. Цiкава, што раней Васiль ездзiў на заробкi ў Расiю, працаваў на будоўлях. З часам такая работа надакучыла: у вечных раз'ездах, харчаванне ўсухамятку... Вырашыў паспрабаваць свае сiлы дома, на ўласным кавалку зямлi. I няхай для пачатку яны з жонкай арганiзавалi рабочыя месцы толькi для сябе (праўда, у сезон наймаюць зборшчыкаў з лiку беспрацоўных), але з нечага трэба было пачынаць. Яны рызыкнулi, i ў iх многае атрымалася. Вось гэтым людзям сапраўды была б вельмi дарэчы дапамога, якую анансавала новая iнiцыятыва, тым больш што цяжкасцi, якiя ўзнiклi ў новых земляробаў, цалкам датычылiся рэалiзацыi прадукцыi. А калi такiх гаспадароў будзе некалькi, iм дапамогуць аб'яднацца, каб разам знайсцi вырашэнне праблем. Дасягнуць апошняга стане лягчэй пры падтрымцы пэўнай структуры.

На «Спораўскiх сенакосах».

Жывёлавод i прадпрымальнiк

Як паведамiў старшыня Стрыгiнскага сельскага Савета Iван КРАГЕЛЬ, на iх тэрыторыi прадпрымальных, iнiцыятыўных людзей хапае. Напрыклад, нядаўна Дзмiтрый Манюк, малады чалавек, якi атрымаў профiльную адукацыю, вырашыў заняцца сельскай гаспадаркай самастойна. На падворку Дзмiтрыя ўжо ўтрымлiваецца дзясятак кароў, ёсць авечкi, дамашняя птушка, участак зямлi для асабiстай падсобнай гаспадаркi.

У тэлефоннай размове Дзмiтрый расказаў, што невялiкi стабiльны прыбытак атрымлiвае ад здачы малака, але хацеў бы пашыраць i развiваць гаспадарку. Пра магчымы ўдзел у праекце ведае, пакiнуў сваю заяўку ў сельскiм выканкаме, гатовы паўдзельнiчаць ў конкурсе на грант.

Дзмiтрый Жуковiч, выхадзец з вёскi Перасудавiчы Стрыгiнскага сельсавета, — больш вопытны прадпрымальнiк. Дзмiтрый Уладзiмiравiч мае бiзнес у горадзе, але i малую радзiму не забывае. У яго роднай вёсцы некалькi гадоў таму закрылi магазiн. Людзей стала абслугоўваць аўтакрама, а памяшканне стаяла без справы. Прадпрымальнiк узяўся за аднаўленне будынка, зрабiў належны рамонт, добраўпарадкаваў тэрыторыю. Словам, зрабiў цацачку з таго магазiна i адкрыў гандлёвы аб'ект для людзей.

— Вёска Перасудавiчы невялiкая, але гандлёвы пункт рэнтабельны, — сказаў Дзмiтрый Жуковiч. — Мы сочым за попытам, абнаўляем асартымент, не накручваем цэны, у вынiку маем пакупнiкоў не толькi са сваёй вёскi, але i з суседнiх населеных пунктаў, да нас i гараджане па пакупкi заязджаюць.

Прадпрымальнiк нядаўна ўзяў яшчэ некалькi пустуючых участкаў зямлi, мае намер адкрыць у роднай вёсцы невялiкую вытворчасць ды iншыя аб'екты сацыяльнага прызначэння. Планы, сапраўды, вялiкiя, i Дзмiтрый Уладзiмiравiч, як той казаў, дзвюма рукамi за рэалiзацыю аб'яўленых праектаў, накiраваных на разняволенне iнiцыятывы мясцовага насельнiцтва, актыўны ўдзел людзей у развiццi рэгiёна.

Цэнтры развiцця i конкурс прапаноў

Ужо адбылося некалькi канферэнцый па названай тэме. На апошняй за круглым сталом сустракалiся каардынатары праграмы i кiраўнiкi раённай ды мясцовай улады. Як паведамiла каардынатар праекта «Ландшафна-арыентаванае развiццё сельскiх тэрыторый далiны ракi Ясельда пры ўдзеле мясцовага насельнiцтва» Алена АПОЛЬКА, яго рэалiзацыя на Бярозаўшчыне пачынаецца з ацэнкi патэнцыялу развiцця прадпрымальнiцтва на тэрыторыi названых сельсаветаў i стварэння сiстэмы кiравання экарэгiёнам. У цэнтрах развiцця, якiя будуць створаны ў кожным сельсавеце, жыхарам дапамогуць распрацаваць свае мясцовыя iнiцыятывы. Там чакаюць людзей, зацiкаўленых развiццём турызму, рамеснiцтва, удасканаленнем сферы паслуг, вытворчасцi i арганiчнага земляробства, а таксама тых, хто прапануе праекты па захаваннi прыроднай i гiстарычна-культурнай спадчыны рэгiёна. Далей на конкурснай аснове будуць выбраны лепшыя прапановы, на рэалiзацыю якiх выдзелена 280 000 еўра. Усе вышэйпералiчаныя гаспадары, работнiкi, прадпрымальнiкi могуць прэтэндаваць на ўдзел.

На канферэнцыi ў студзенi iшла гаворка пра тое, што праз тры гады ў далiне ракi Ясельды жыццё павiнна змянiцца. Там з'явяцца новыя вiды бiзнесу, арыгiнальныя брэнды i прадукцыя з мясцовай сыравiны, вырасце попыт на турыстычныя паслугi, з часам будуць аказваць новыя вiды паслуг. Усё гэта стане рэальнасцю, калi людзi возьмуцца i зробяць. Падтрымка цалкам рэальная.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Турызм, рамеснiцтва, вытворчасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».