Вы тут

З Вялікіх Круговічаў — у вялікі свет


Роднай сваёй школе прысвяціў манаграфію мінскі навуковец Анатоль Трафімчык, які родам з Ганцавіцкага раёна. “Першы сшытак” гісторыі Круговіцкай школы пабачыў свет у знакавым маскоўскім выдавецтве “Наука”, і задумана кніга шматтомнаю. Такое даследаванне — унікальнае для Беларусі.


Віктар Гардзей у Ганцавічах. 2016. Фота GANTEVICILIB.BY

Зямляк да земляка звычайна цягнецца, хіліцца. Чаму так? Бо, пэўна ж, нешта невымоўнае такіх людзей родніць і збліжае. Вось і з пісьменнікам, а раней журналістам Віктарам Гардзеем, які родам з Малых Круговічаў, склаліся ў нас даверлівыя стасункі — праз тое зямляцтва, хай сабе й “апасродкаванае”. Ад каляжанкі, доўгі час галоўнай рэдактаркі “Ляхавіцкага весніка” Вольгі Барадзіной я ведаў, што ў 60‑я, калі раёнка яшчэ называлася “Будаўнік камунізму”, творца ў ёй папрацаваў. Яно й зразумела: наш Ляхавіцкі раён з Ганцавіцкім яго — суседзяць ва ўсходняй частцы Брэстчыны, на мяжы з Міншчынай. А хацелася ж, пэўна, маладому журналісту працаваць калі не ў Ганцавічах, то бліжэй да роднага кута.

Гадоў сем таму Віктар Канстанцінавіч працаваў яшчэ ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, у аддзеле паэзіі. Тады й пазнаёміліся. Ён рыхтаваў да друку мае вершы, даваў мудрыя парады. Час ад часу гутарылі з ім пра родныя мне мясціны, у якіх і сам ён бываў: Жарабковічы, Зарытава, Гулічы, Яцкаўшчына… З удзячнасцю атрымаў я ў дар ад земляка з аўтографамі ягоную кнігу паэзіі “Мудры воран”, а таксама й раман “Бедна басота” (2004). Які, дарэчы, можна лічыць паэмай у прозе: настолькі жывая мова твора, і так аб’ёмна, з глыбокім паэтычным густам выпісаны вобразы. А тэматычна твор перагукваецца з трылогіяй “Людзі на балоце” Івана Мележа. Вось бы іх вывучаць у школе — у звязку! Скажам, на факультатыве “Літаратурнае радзімазнаўства”. Звяртаючы ўвагу вучняў на непаўторныя дэталі сялянскага жыцця, побыту, звычаяў хоць і ў палескіх, але ж розных рэгіёнах Бацькаўшчыны. Дзеянне рамана Віктара Гардзея адбываецца ў Кругавічах (так у творы) ды іх ваколіцах, у творы паказана жыццё ў заходнепалескай глыбінцы ў першыя гады пасля правядзення там сталінскай калектывізацыі.

Так што нават і грунтоўны раман пра Круговічы ўжо ёсць! А ў Малых Круговічах да 50‑годдзя пісьменніка (1996) імем Віктара Гардзея назвалі вуліцу, на якой ён нарадзіўся й жыў.

Да таго ж на месцы хаты, дзе жыла сям’я Гардзеяў, у 2017‑м усталявалі памятны знак: як знак удзячнасці творцу за ягоную працу ад землякоў, ад роднага кута.

І творчыя кантакты з яшчэ адным працавітым кругаўцом, Анатолем Трафімчыкам, склаліся ў нас, калі ён працаваў яшчэ ў Коласаўскім музеі. Цяпер Анатоль Віктаравіч, кандыдат філалагічных навук,— вучоны сакратар “Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі”. Некаторыя артыкулы яго выходзілі ў “Голасе Радзімы”. Пісалі мы й пра перавыданне па-беларуску паэмы Артура Бартэльса “Дзяніскавічы” (“Артур Бартэльс і яго “Дзяніскавічы”: Імя таленавітага беларуса вернута з нябыту дзякуючы ягоным землякам”.— ГР, 29.12.2018). Польскамоўны твор ураджэнца Ганцавіччыны знайшоўся у польскіх архівах дзякуючы Анатолю Трафімчыку, а перастварыў яго на беларускую мову Віктар Гардзей. А тыя Дзяніскавічы, нагадаю, — таксама знакавае паселішча з ліку круговіцкіх ваколіц. Родам адтуль і вядомы беларускі генетык, доктар біялагічных навук Іван Андрэевіч Гардзей (1938), які таксама выпускнік Круговіцкай школы.

Анатоль Трафімчык ля мемарыяльнага каменя пры роднай школе

Летась Анатоль Трафімчык неяк абмовіўся: працуючы ў архівах, знайшоў цікавыя весткі з гісторыі маёй роднай Жарабковіцкай школы (Ляхавіцкі раён). Даслаў спасылкі. Шукаў жа, патлумачыў, тое, што мае дачыненне да школы Круговіцкай. Бо задумаў выпісаць гісторыю сваёй школы з навуковым падыходам. Дарэчы, навуковыя зацікаўленні ў яго розныя, а найбольшае — гісторыя адукацыі на заходнебеларускіх землях.

Вокладка кнігі

Кніга “Гісторыя Круговіцкае школы. Сшытак І. У часы Расійскай імперыі” пабачыла свет летась у вядомым маскоўскім выдавецтве “Наука”. Выйшла якраз да 150‑годдзя школы. Анатоль Трафімчык даслаў у рэдакцыю яе ПДФку, і я з цікавасцю даведаўся: рэкамендаваў манаграфію (!) да выдання Вучоны савет “Цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы й літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Ёсць у яе салідныя рэцэнзенты, рэдкалегія, у складзе якой — як галоўны рэдактар — значыцца Віктар Гардзей (выпускнік школы 1964 года). Калі ж чытаеш тэкст, адразу адчуваеш і разумееш: гэта ўнікальнае выданне на памежжы гістарычнае навукі й густоўнае краязнаўчае літаратуры.

І рэцэнзія да манаграфіі яскрава пра тое сведчыць: “Мікрагістарычным даследаваннем, якое прапануецца вашай увазе, пачынаецца даволі ўнікальны праект — рэканструкцыя існавання звычайнай вясковай школы ў Беларусі, школы не толькі й не столькі як сацыяльнага інстытута наогул, а канкрэтнай установы — у Вялікіх Круговічах (цяпер — Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Гэта — пакуль першая манаграфія колькітомнага выдання. Тут ахопліваецца паўвекавая гісторыя Круговіцкага народнага вучылішча, пачынаючы ад яго заснавання ў 1869 годзе. Прадстаўлены розныя бакі жыцця школы, у тым ліку антрапалагічны. Кніга на шырокім дакументальным матэрыяле расказвае пра мясцовыя асаблівасці функцыянавання навучальнай установы. Разам з тым Круговіцкае вучылішча варта прызнаць даволі тыповым для Беларусі. Таму даследаванне можа стаць і арыенцірам для стварэння падобных работ па іншых такіх установах. Выданне ўяўляе з сябе цікавасць і для прафесійных спецыялістаў-гісторыкаў, і для шырокага кола краязнаўцаў ці тых людзей, якія любяць разглядаць пад павелічальным шклом наша мінулае”.

На пачатку кастрычніка 2019‑га ў школах Беларусі праходзілі традыцыйныя сустрэчы выпускнікоў. Ладзілася імпрэза і ў Круговіцкай школе: адзначалася яе 150‑годдзе. Цяпер гэта Круговіцкая яслі-сад-сярэдняя школа. З публікацый у райгазеце “Ганцавіцкі час” вынікае: госці падаравалі юбілярцы шмат карысных рэчаў, а на памяць пра юбілей атрымлівалі кнігу Анатоля Трафімчыка.

Дырэктарам у школе больш за 25 гадоў — Аляксандр Арсенавіч Занька, настаўнік геаграфіі, родам з Вялікіх Круговіч. Выступаючы на юбілеі (у інтэрнэце ёсць відэа), казаў, што закончылі там школу тысячы мясцовых хлопцаў і дзяўчат. Яе гісторыя пачалася ў 1869‑м, і ў першы год навучання, сведчаць дакументы, было 55 вучняў. А ў 1901‑м — 92. У 1954‑м, прадоўжыў дырэктар, быў першы выпуск ужо як сярэдняй школы, тады было ў ёй 400 вучняў — і з суседніх вёсак у тым ліку. Была гэта першая сярэдняя школа ў раёне. Але найбольш люднай стала яна ў 60–70-я гады: амаль 500 вучняў.

Вось такі ў Круговічах дуб! Фота GANC-CHAS.BY

Цяпер жа ў школе толькі 69 вучняў (і ў 2019‑м прыйшоў толькі адзін…) ды сямёра дашкалят у групе з садка. “З 29 педагогаў большасць — нашы выпускнікі,— звярнуў увагу Аляксандр Занька.— І ў нас добрая матэрыяльная база. Паднавілі, упрыгожылі школу дзякуючы таму, што ў вёсцы праходзілі раённыя “Дажынкі-2019”: плот гожы паставілі, пафарбавалі. Падвозім дзяцей з 6 населеных пунктаў, дзе школы закрыліся. Летась закончылі школу апошнія вучні з вёскі Лактышы: трое. Штодзень школьны аўтобус праязджае па 140 кіламетраў”.

Адукацыя ў Круговічах заўсёды развівалася, прычым якраз школа дае каштоўны штуршок для развіцця мясцовасці, раёна — усёй малой радзімы. Архіўныя ж росшукі засведчылі, што й за польскім часам, і ў вайну яна працавала. “Некалькі гадоў “за Польшчай” школа папрацавала ў новым будынку, дзе ў часе акупацыі 1941–1944 гадоў немцы зрабілі гарнізон, які быў знішчаны пры наступленні Савецкай арміі”,— піша ў прадмове Анатоль Трафімчык. Ён жа на юбілейнай імпрэзе выказаў спадзяванне, што кніга “дадасць любові да роднага кута не толькі кругаўцам ды выхадцам з нашых суседніх вёсак”. Аўтар звярнуў увагу: сёння ў беларускім грамадстве ёсць вялікая ўвага да гісторыі Бацькаўшчыны, да родных каранёў — таму й дзяржава падтрымала такую зацікаўленасць, аб’явіўшы Трохгоддзе малой радзімы. “І можна лічыць, што я выканаў па закліку душы важны дзяржзаказ,— адзначыў Анатоль Віктаравіч.— Кніга стваралася ў цеснай узаемасувязі з педкалектывам школы, з яе дырэктарам. Былі важныя падказкі. Сваёй рэдактарскай увагай не абмінуў кнігу й Віктар Канстанцінавіч Гардзей. Падтрымаў фінансава працу ў архівах выпускнік школы Віталь Белы. Так што гэта, можна сказаць, наша калектыўная манаграфія: пісаў адзін, а іншыя дапамагалі. Калі так пойдзе й далей, то будуць іншыя выданні. На кнізе ж напісана: “Сшытак першы”. Плануем другі й трэці. Кіруем — на шматтомную гісторыю Круговіцкай школы”.

Круговіцкая школа

Варта нагадаць, што мінулай восенню да 150‑х угодкаў школы ў Вялікіх Круговічах адкрылі пры ёй памятны знак (вялізны валун з мемарыяльнай дошкай), заклалі новую алею. Цяперашні двухпавярховы будынак школы прыняў вучняў у 1985 годзе. На юбілеі старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Бялоў, маці якога родам з Дзяніскавіч, прызнаўся: дзякуючы важнай даце менавіта ў Круговічах зладзілі раённыя “Дажынкі-2019”. Цяпер там ушанаваны й магутны дуб- велікан: самы старэйшы ў акрузе. І не выпадкова, казаў, паставілі пры школе валун, бо камяні — гэта брэнд Круговічаў. Землі там камяністыя, працаваць на іх складана. Яшчэ адным брэндам кіраўнік раёна лічыць мясцовых лыжнікаў, якіх ён на раённых спаборніцтвах школьнікаў ніяк не мог калісьці абагнаць. Згадаў, што й Анатоль Міхайлавіч Ладыга, старшыня Клецкага райвыканкама — выпускнік Круговіцкай школы.

З цёплынёй гаварыла пра педкалектыў школы Надзея Здрок — кіраўніца аддзела па адукацыі Ганцавіцкага раёна. Парадавалася, што сабраліся на юбілей разам з педагогамі й вучні, бацькі, былыя выпускнікі,— як адна дружная сям’я. Школа, удакладніла, пачынаецца з любові настаўніка да свайго прадмета і да дзяцей. Асаблівую ўдзячнасць Надзея Уладзіміраўна выказала дырэктару школы. Прызналася: калі Аляксандр Арсенавіч некалькі гадоў працаваў настаўнікам у Люсінскай школе таго ж раёна, то ўсе вучні былі ў яго ўлюбёныя, і сама яна ў тым ліку. Таму й паступала пасля школы на геаграфічны факультэт. Аднак беларускамоўнай вясковай дзяўчынке складана было здаваць экзамены ў Мінску, і яна ўрэшце паехала ў Гомель. Там паступіла, і стала настаўніцай беларускай мовы й літаратуры. “У нашай працы вельмі шмат залежыць ад кіраўніка, ад таго, як ён можа згуртаваць калектыў,— дзялілася думкамі Надзея Здрок.— Калі б не настаўнікі — не было б нікога. Бо праз адукацыю ўсе выходзяць у людзі. А ў Круговіцкай школе ёсць пераемнасць педагагічных пакаленняў, і выгадавалі мясцовыя настаўнікі сабе дастойную замену”. Вобразна заўважыла яшчэ напрыканцы Надзея Уладзіміраўна, што ёсць нешта большае на круговіцкай зямлі, чым камяні. Ёсць магутная энергетыка, якая дае магчымасць нараджацца ў гэтых мясцінах талентам. Гэта зямля прыстойных, прыгожых людзей.

Рыхтуючы нататкі, я тэлефанаваў Аляксандру Арсенавічу — і ён тое назіранне пацвердзіў. Згадаў яшчэ, што мясцовы дуб-велікан, які нядаўна мемарыялізаваны, мае ўзрост (і тое пацвярджаюць мясцовыя паданні) гадоў 550–600. І методыка вызначэння ўросту дуба па акружнасці ствала тое пацвярджае. А людзі, казаў, у Круговіцкім краі такія ж моцныя — нібы дубы.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».