Вы тут

Спартсменка Ганна Кубарава: Бацькі выбралі для мяне тэніс


Як дачка вядомага футбаліста хацела пайсці па слядах бацькі, але стала паспяховай у іншым відзе спорту.

Ганна Кубарава пачала паказваць высокія вынікі яшчэ ў юнацкім тэнісе, у 14 гадоў яна выйграла свае першыя прызавыя, а ў 15 пачала ўдзельнічаць у дарослых турнірах. Летась дзяўчына ўпершыню ў гісторыі краіны выйграла чэмпіянат Еўропы па тэнісе — да гэтага найлепшым дасягненнем беларусаў на такім турніры было «серабро» Уладзіміра Валчкова ў 1995 годзе. Пасля перамогі на кантынентальным першынстве ў складзе зборнай Беларусі 19-гадовая Ганна стала чэмпіёнкай Еўропы яшчэ і ў камандным турніры. Пасля такіх поспехаў дзяўчыну запрасілі ў зборную краіны на паўфінальны матч Кубка Федэрацыі. Свой поспех у спорце Аня тлумачыць вялікай працай і спартыўнымі генамі. Яе тата Алег Міхайлавіч Кубараў у мінулым вядомы футбаліст, а цяпер трэнер, які працуе з латвійскай камандай «Елгава». Пра свае планы па развіцці кар'еры тэнісістка расказала ў інтэрв'ю.


— Ганна, раскажыце, як цяпер, ва ўмовах пандэміі, праходзяць вашы трэніроўкі.

— Мы працягваем працаваць, праўда, перайшлі на іншы рэжым. Цяпер у нас па адной трэніроўцы ў дзень, але не так шмат тэніса, больш увагі ўдзяляем фізічнай падрыхтоўцы і тэхнічным элементам — гэта тое, на што звычайна не хапала часу раней.

— Пандэмія моцна змяніла трэніровачны і спаборніцкі графік?

— Так. Цяпер нам няма да чаго рыхтавацца, мы не ведаем, калі ўсё гэта скончыцца, калі зможам пачаць гуляць турніры. Кажуць, яны могуць аднавіцца ў жніўні—верасні, а магчыма, толькі налета. Але я для сябе расцэньваю гэта як магчымасць папрацаваць над памылкамі і палепшыць свой тэніс.

— Цяпер вы выступаеце ўжо толькі ў дарослых турнірах?

— Так, летась яшчэ магла ўдзельнічаць у маладзёжных, але гуляла ўжо толькі на чэмпіянаце Еўропы. А наогул у дарослых спаборніцтвах я з 15 гадоў, гэты пераход адбыўся ў мяне ўжо даўно. Было няпроста, бо ты выходзіш гуляць супраць вопытных дзяўчат, гэта вельмі адчуваецца, яны мацнейшыя фізічна і значна мацнейшыя ў псіхалагічным плане.

— Сёння вашы спарынг-партнёры — гэта равеснікі або тэнісісты старэйшага ўзросту?

— Бывае па-рознаму: трэніруемся і з Верай Лапко, на мінулым тыдні гулялі з Сашай Сасновіч. Цяпер, калі няма турніраў, усе трэніруемся ў Рэспубліканскім цэнтры тэніса, таму стараемся спаборнічаць адно з адным, гуляць таварыскія сустрэчы, каб хоць неяк разнастаіць трэніровачны працэс. Нядаўна наша федэрацыя нават арганізавала невялікі турнір, ён праходзіў без гледачоў. Такі вопыт у мяне ўпершыню, таму гэта было нязвыкла.

— «Золата» чэмпіянату Еўропы на цяперашні момант — самая важная перамога ў вашай кар'еры?

— Так, я паехала туды, таму што выйграла чэмпіянат краіны. Хацелася годна прадставіць сваю дзяржаву, але ні пра якую перамогу думак не было, проста гуляла матч за матчам. Рада, што змагла выйграць тытул.

Ганна з бацькам.

— Пасля гэтай перамогі ў вашай кар'еры і жыцці штосьці змянілася?

— Спачатку было шмат увагі, але пасля ўсё стала на свае месцы. 2019 год для мяне наогул склаўся паспяхова, было шмат перамог, я даходзіла да паўфіналаў 25-тысячных турніраў, выйграла свой першы 15-тысячнік.

— Вынікам гэтых поспехаў і стаў выклік у зборную на Кубак Федэрацыі?

— Так. Трэнеры зрабілі мне такі своеасаблівы бонус. Я ніколі не была з камандай — і вось за добрыя вынікі, каб я падцягвалася, убачыла, як гэта ўсё адбываецца на такім буйным турніры, мне зрабілі падарунак. Гэта было нечакана. Я ведала, што наўрад ці атрымаецца згуляць у Гаазе, разлічвала на тое, што змагу проста паглядзець, адчуць гэтую атмасферу, пабыць разам з камандай. Атрымала добры вопыт і зарад матывацыі да далейшай работы, для маладога гульца гэта важна.

— Ацаніце шанцы на перамогу зборнай Беларусі ў фінале Кубка Федэрацыі.

— У нас моцныя дзяўчаты, яны заўсёды добра гатовыя і з вялікім жаданнем выступаюць за краіну, таму шанцы добрыя.

— Маладыя гульцы часта выбіраюць для свайго развіцця розныя замежныя тэнісныя акадэміі, вы ж засталіся трэніравацца ў Мінску...

— Я працавала з адным польскім трэнерам, ён спрабаваў уладкавацца на работу ў Беларусі, але не атрымалася, таму нейкі час я ездзіла трэніравацца да яго ў Польшчу. Цяпер мяне ўсё задавальняе ў Беларусі, у мяне добры трэнер і па тэнісе, і па агульнай фізічнай падрыхтоўцы. Да нашых трэніровак стала далучацца таксама і Таццяна Мікалаеўна Пучак, таму мне падабаецца гэты працэс і ўсё цалкам задавальняе.

— Спорт у вашым жыцці быў з самага дзяцінства дзякуючы кар'еры вядомага таты...

— Так, з самага ранняга дзяцінства памятаю, што брат займаўся футболам у ФК «Мінск», а мы з мамай пастаянна прыходзілі глядзець яго трэніроўкі. Тата скончыў сваю гульнявую кар'еру, якраз калі я нарадзілася, таму я не была на яго матчах, а калі ўжо ён пачаў працаваць трэнерам — тады мы прыходзілі на гульні яго каманды. Я таксама хацела гуляць у футбол, але тата быў супраць, бацькі выбралі для мяне тэніс. Паспрабавала — мне спадабалася, зараз удзячна ім за гэта.

— Цяпер сочыце за гульнямі бацькавых камандаў?

— Так, калі ён працаваў у Беларусі, старалася прыходзіць на стадыён, цяпер гляджу трансляцыі. Брат таксама ўжо скончыў сваю кар'еру футбаліста, адвучыўся на трэнера ў Беларусі і Германіі і цяпер дапамагае тату ў «Елгаве».

— Бацька ўдзельнічае ў вашым спартыўным жыцці?

— Так, ён мне вельмі дапамагае, пастаянна камунікуе з трэнерамі. У маім выпадку тата ў спорце — гэта плюс, таму што ён сам разумее, наколькі гэта цяжка. Я не адчуваю з яго боку ніякага ціску, ён не крытыкуе маю гульню, можа штосьці растлумачыць, і мне гэта падабаецца, таму што я адчуваю яго падтрымку. Люблю, калі бацькі прысутнічаюць на трыбунах, хоць раней усё было наадварот.

— Якую галоўную параду даў вам бацька?

— Раней у мяне былі праблемы з хваляваннем. Тата заўсёды кажа: «Не думай пра тое, што ты хвалюешся, і што будзе, калі прайграеш. Думай пра тое, якую гульню павінна паказаць, як хочаш згуляць». Цяпер у нас нават атрымалася патрэніравацца разам: на час каранціну мы пераехалі ў загарадны дом у Жодзіне, разам з братам і татам займаліся ў трэнажорнай зале, бегалі.

— Дзякуючы спорту вам давялося хутка пасталець?

— Так, я вельмі рана стала ездзіць на турніры адна, без трэнераў і бацькоў. Памятаю, паехалі з іншымі тэнісістамі ў Каір, жылі ў нейкім гатэлі, які знайшлі самі. Корты размяшчаліся даволі далёка, ездзілі туды на таксі, таму што нават суддзі, якія працавалі на гэтым турніры, папярэдзілі нас пра тое, што перамяшчацца пешшу там даволі небяспечна. У 16 гадоў адна паляцела ў Ізраіль, прыляцела якраз у суботу, калі яшчэ не скончыўся шабат, грамадскі транспарт не хадзіў, а мне трэба было дабрацца ў суседні горад. Пашанцавала з'ехаць на апошнім аўтобусе з трыма перасадкамі. Гэта загартоўвае характар, ды і на матчах, калі ездзіш на турніры адна, разумееш, што ўсё залежыць толькі ад цябе, ніхто не зможа дапамагчы, і разлічваеш толькі на свае сілы.

— У якім узросце вы атрымалі свой першы грашовы прыз?

— Недзе па 200 долараў стала зарабляць з 14-15 гадоў. Траціла іх на свае патрэбы — тэнісная форма, красоўкі, ракеткі.

— Калі плануеце перайсці на ўзровень турніраў Вялікага шлема?

— Усё будзе залежаць ад мяне, з прычыны сваіх пакуль не ідэальных фізічных кандыцый разумею, што трэба яшчэ папрацаваць, каб гуляць на турнірах высокага ўзроўню. Спадзяюся, траплю туды ў наступныя паўтара—два гады.

— Якія плюсы і мінусы адзначыце ў сваёй гульні?

— Мой галоўны плюс — удар злева па лініі, добрая дыяганаль і хуткасць, я досыць хутка перасоўваюся па корце. Але ведаю, што яшчэ трэба прыбавіць у сіле, у падачы і ўдары справа. Работы шмат.

— Кім з тэнісістак вы захапляецеся?

— З дзяцінства — Вікай Азаранка, яе характарам. Па стылі мне падабаюцца Сімона Халеп і Каралін Вазняцкі.

— Пра што марыце ў тэнісе?

— Хацелася б выйграць турнір Вялікага шлема.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.