Вы тут

Раўняецца парад на ветэранаў


Вялікая цікавасць ёсць у свеце да ваеннага парада ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі, які прайшоў у беларускай сталіцы.


Мінск, 9 мая 2020 года. Гэты парад ужо стаў гістарычным

Парад у гонар Вялікай Перамогі, які заўсёды мае шматзначны сэнс, асабліва доўгі розгалас мае ў сёняшнім часе. Выклікаў вялікую ўвагу з боку тых, хто цікавіцца жыццём у Беларусі. Дзякуючы тэлетрансляцыям, інтэрнэту парад паглядзелі мільёны людзей. І ёсць розныя меркаванні. Нехта спрабуе абараніць беларусаў… ад саміх сябе. З важкімі аргументамі, страшнымі прагнозамі: вымра народ. Ці спраўдзіліся — мяркуйце самі. Ёсць статыстыка. Пазіцыю беларускіх улад, і трохі сваю, мы агучвалі ў мінулым нумары выдання — чытайце выступленне Прэзідэнта на ваенным парадзе, тэкст “Жыццё праяўляецца ў дзеяннях” — ГР, 15.05.2020.

У гэтыя дні, тыдні жыццё ў Беларусі, дзякаваць Богу, не спынілася. З розных краін паступілі ў рэдакцыю водгукі на падзею. Вось некаторыя з іх.

“Усе беларусы нашай суполкі глядзелі парад!!!” — з трыма клічнікамі паведамляе кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова. Напярэдадні Дня Перамогі яна даслала відэа, на якім удзельніцы фальклорнага ансамбля “Белорусы Прибайкалья” спяваць песню “День Победы” ў перакладзе на беларускую мову. Відэа ёсць і ў інтэрнэце: https://youtu.be/SDSrG9q1_Ow. Малайцы!

Меркаванні ад чальцоў суполкі “Мара” з латышскай Ліепаі даслала нам Анжэла Фаміна. Удзельніца ансамбля “Паўлінка” Людміла Жунда сказала так: “Горад-герой Мінск гэты дзень, свята Вялікай Перамогі, адзначыў маштабным ваенным парадам. Краіна свята захоўвае памяць і аддае даніну павагі подзвігу нашых дзядоў і бацькоў. Заўсёды ёсць у мяне гонар за нашу Беларусь, і на гэты раз — таксама. Нашы прадзеды перамаглі фашызм. У іх гонар у мірны, але цяжкі час, калі пахаваліся ўсе ў сваіх дамах, мужная Беларусь шануе памяць загінулых, ушаноўвае жывых ветэранаў вайны. Асабліва ўразіла мяне падрыхтоўка ваенных. Як хораша маршыравалі яны, калі гучала песня “День Победы” — у нас тут усе плакалі й спявалі адначасова. Нізкі паклон да зямлі табе, родная Бацькаўшчына! Няхай квітнее Беларусь!!!”

А гэта словы ўдзячнасці ад кіраўніцы ансамбля “Паўлінка” Жанны Буйніцкай: “Дзякуй, Беларусь! Дзякуй, беларусы! За тое, што шануеце герояў той вайны, зберагаеце Памяць і гадуеце годнае маладое пакаленне! Усім пасляваенным жыццём і дзейнасцю паказваеце: вы, мае родныя людзі, вартыя тых, хто не шкадаваў сябе, абараняючы й вызваляючы Беларусь! Дзякуй за Парад! Дзень Перамогі можа быць толькі 9 Мая КОЖНАГА ГОДА! Вы не былі зламаныя тады — і вас немагчыма зламаць сёння! Парадам вы аддалі даніну памяці не толькі беларусам, але і ўсім героям Вялікай Айчыннай вайны!”

І яшчэ меркаванні ад удзельніц ансамбля “Паўлінка”. Валянціна Абатурава: “Я асабіста вельмі радая й ганаруся тым, што парад адбыўся. Беларусь, нягледзячы на пандэмію, застаецца вернай традыцыі: ушаноўваць памяць пра Вялікую Перамогу менавіта 9 мая!”. Таццяна Данілюк: “Мне вельмі спадабаўся і сам парад, і віншавальная прамова Аляксандра Лукашэнкі. Цяжка і ўявіць, якая велізарная падрыхтоўка была ў ваенных усіх відаў войскаў, курсантаў, лётнага складу. Вельмі спадабаўся выступ зводнай роты ганаровай варты, дакладнасць і зладжанасць рухаў вайскоўцаў. А якая моц ваеннай наземнай тэхнікі, самалётаў! Прыгожа й зладжана гучала музыка маршаў, мелодыі ваенных песень у выкананні аркестра. Аддаю даніну павагі ветэранам, схіляю галаву перад імі, хто не сагнуўся перад ворагам у часе вайны — і не згінаецца перад каранавірусам. Гонар і слава ўсім жывым ветэранам! Вечная памяць усім загінулым у бітвах, у засценках лагераў закатаваным ваеннапалонным, сотням тысяч знішчаных фашыстамі мірных жыхароў. Мірнага неба табе, родная Беларусь, а ўсім беларусам — моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Ніхто і нішто не зможа ў добрых людзях зламаць дух памяці, вернасці, падзякі, патрыятызму!”.

Вось які калектыўны пасыл аптымізму, падтрымкі прыйшоў нам з Ліепаі, якая таксама мае слаўную ваенную гісторыю.

У часе перапіскі з мастаком Вячаславам Ігнаценкам з Кішынёва ён паведаміў: “У нас пры Дняпры ўсе вёскі гераічныя, і мая родная Пярэдзелка ў тым ліку. На Лоеўшчыне дзейнічаў партызанскі атрад “За радзіму!”, а мой дзед Іван, тата і ўся сям’я былі ў партызанах. Я пісаў пра тое ў эсэ “Мама”, якое ёсць у інтэрнэце. А тут у нас, у Кішынёве, ветэран-беларус Уладзімір Віктаравіч Вайцэховіч 10 мая адзначыў 96‑годдзе! Яшчэ чарку падымае, бадзёры, актыўны. Ведаю, павіншаваў яго Амбасадар Беларусі ў Малдове Анатоль Калінін, ад Беларускай грамады ў Малдове — яе кіраўнік Юры Статкевіч. Раней бы ўсе сабраліся, цяпер больш за трох нельга, віншавалі ветэрана па тэлефоне. І наконт парада ў Мінску. Глядзеў. І мне шмат хто з малдаван тэлефанаваў, дзяліўся навіной. Усе сказалі: беларусы — малайцы! Я ж хоць і супраць ваенных парадаў у такой невялікай дзяржаве, як Беларусь, але разумею: увесь свет дзякуючы смеламу рашэнню даведаўся, што МЫ ЁСЦЬ. А тым больш у такі час”.

На заканчэнне нататкаў прывяду тэкст пісьма сябру Мікалаю ў Маскву. З ім вучыліся мы ў Ленінградскім дзяржуніверсітэце. Пасля параду ён даслаў спасылку на выступленне Прэзідэнта на парадзе. Запытаў, што я на гэты конт думаю. Я адказаў.

У парадзе паўдзельнічаў жаночы парадны разлік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі

“Учора па вайберы бачыў пытанне на парадную тэму. Пішу на кампе: зручней. Якраз у газету збіраюся рабіць тэкст пра парад.

У нас, як і ў вас, стаўленне да падзеі рознае. Ёсць меркаванні палярныя. Несумненна, з пункту гледжання простага чалавека і абывацеля — гэта неразумна, рызыкоўна. З пункту гледжання грамадзяніна й чалавека, які намагаецца аб’ёмней глядзець на свет, а не толькі праз “прыцэл каранаваруса” — гэта ўчынак, годны павагі. Мне, як той казаў, за сваю краіну не крыўдна. І не сорамна. Парад я расцэньваю як мужны ўчынак, які натхняе не толькі беларусаў (але, вядома ж, не бяздушных скептыкаў і цынікаў усіх масцяў і нацыянальнасцяў — іх нічым ужо не натхніш, яны памерлі й без віруса) на жыццё ў барацьбе. І на барацьбу за жыццё. На пераадоленне сябе, на разумнае намаганне над сабой. На ўсведамленне сваіх страхаў — а не на патаканне ім у пару “брюзгливого, планктонного” існавання ў сваёй самаізаляванай, сацыяльна зручнай да пары да часу, шчылінцы. Па страхах, па “методыках” іх пераадолення — пачытай меркаванні мудрых людзей. Можа што глянецца. https://anchіktіgra.lіvejournal.com/1203272.html.

Нік, мы ж дарослыя людзі? Так? Ці толькі гуляем у гэта?.. Давай тады глядзець праўдзе ў вочы. У нас усе беларусы мясцовыя, старэйшага ўзросту, перажылі акупацыю. Уся краіна пагалоўна! Мільёны загінулых. Досвед — бясцэнны. І ён сядзіць у крыві, у “культурным кодзе” нашчадкаў. Мае мама й бацька (тата ў нас кажуць) у вайну былі падлеткамі. Ведалі, што такое голад, страх, смерць. Хочаш распавяду, як мяне вучылі выжываць? Не паддавацца страхам, паніцы ў любой сітуацыі. Трымацца за сваіх. Калі ёсць патрэба, клапаціцца пра блізкіх. А для гэтага ж трэба нешта мець за душой, працаваць, кавалак хлеба здабываць. Жыць па сродках, эканомна. У сённяшніх умовах, вядома ж, выконваць меры засцярогі. (Што, дарэчы, у Беларусі паўсюдна й робіцца. Але людзі ж розныя…)

Памятаць нам трэба: гэта вайна. І быць мацнейшымі духам. Не губляць рэшткі аптымізму. Умацоўваць імунітэт — бо дзяржава пра яго “аднамомантна” ніяк не парупіцца. Калі ж ты сам імунную абарону сваім папярэднім ладам жыцця прыслабіў, загубіў — на каго ж тады наракаць?.. На вайне, ты ж ведаеш, трэба быць моцным, каб выжыць. А многія, на жаль, і не ўсвядомілі, што гэта важна. І што ідзе вайна. Учора, дарэчы, я даведаўся: ЗША страцілі больш людзей, чым у В’етнаме. Якія патрэбныя дадатковыя аргументы? Так, вайна такая — для нас незвычайная. Але калі ёсць такія страты — як інакш назваць тое, што адбываецца, каб “ідэнтыфікаваць” пагрозу, з’яву, рэальнасць нашых дзён? Вайна.

І ёсць — на вайне — законы ваеннага часу. Як думаеш: для чаго ў 41‑м восенню Кастрычніцкі парад праводзілі ў Маскве? Ну ніяк не для таго, каб сваю крутасць камусьці прадэманстраваць. Або неразважлівасць. Альбо тупасць… Быў парад — каб Дух народа падтрымаць. Вось такая ў мяне гістарычная аналогія напрошваецца.

Адна з удзельніц парада

Калі б у нашай Беларусі пайшлі на каранцін — мы б адтуль і не вярнулася. Ці вярнуліся жабракамі. Хто нас падтрымае? Ва ўсіх — рынкавы разлік: “ребята, ничего личного, у нас бизнес…” Падкажы: хто працягне руку дапамогі Беларусі ў цяжкай эканамічнай сітуацыі? А спачуванцы знойдуцца. Прыкінь як чалавек, якія сёе-тое ў жыцці пабачыў. Запас трываласці ў дзяржавы невялікі, калі параўноўваць з Расіяй, скажам. Таму ваяваць нам — гэта не высокае слова — прыпадае на розных франтах. У розных нават вымярэннях. Калі ваяваць толькі з адной навалай — можна ўпасці ад удару з флага. Ці з тылу, і зверху, і знізу. Сучасныя пагрозы, ты ж ведаеш, усюдыісныя — нібы істоты з мікрасвету. Гэта я ўсё пра дух народа і здольнасць супрацьстаяць неспрыяльным абставінам, назавем гэта так. Калі табе цікава, пра што я пішу — пачытай у Экзюперы яго апошнюю й самую глыбокую кнігу “Цытадэль”. Пісалася ў ваенны час.

Так, і ў тэму радкі з верша Мусы Джаліля. Таксама бясцэнны досвед з нашага — калектыўнага — ваеннага мінулага: “Пераможаным смерцю няма сораму. Сорамна тым, хто здаўся ёй без бою”.

Такое шчырае ў мяне атрымалася пісьмо. Маскоўскі сябар Мікалай мяне пачуў. Напісаў, што перачытваў пісьмо некалькі разоў. Што спачатку ўзнікае, кажа, па ходзе чытання жаданне дыскутаваць, а дачытаеш да канца — праходзіць.

А вы што скажаце, паважаныя чытачы?

Іван Ждановіч

Фота БелТА

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».