Вы тут

Апошняе пісьмо Султана Джуры


У гонар узбекскага паэта, які загінуў на тэрыторыі беларускай Лоеўшчыны, устаноўлена мемарыяльная дошка ў вёсцы Казярогі.


Султан Джура. Фота MOYPOLK.RU

У майскія дні да 75-годдзя Вялікай Перамогі мерапрыемствы ўрачыстага, юбілейнага характару прайшлі і ў Лоеўскім раёне, на Гомельшчыне. На 33-х вуліцах Лоева ды іншых паселішчаў раёна былі размешчаны інфармацыйна-мемарыяльныя дошкі са звесткамі пра Герояў Савецкага Саюза, партызан і ўдзельнікаў вызвалення краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — у гонар тых, чыімі імёнамі вуліцы названы. Адна з такіх дошак з’явілася і ў вёсцы Казярогі: на вуліцы Султана Джуры.

Узбекскі паэт быў цяжка паранены 10 лістапада 1943 года ў баі на тэрыторыі Лоеўскага раёна. І памёр ў медсанбаце, які размяшчаўся ў вёсцы Пустая Града. Там спярша й быў пахаваны. Незадоўга перад смерцю 33-гадовы ўзбекскі воін і паэт напісаў верш “Пісьмо з фронта”, прысвечаны Беларусі.

Вёска Казярогі стала знакавым адрасам узбекскай літаратуры ў Беларусі. Зямлю з магілы паэта ў свой час беларускія пісьменнікі перадалі ва Узбекістан. На беларускую мову перакладзены некаторыя творы Султана Джуры. Іх пераўвасобілі на мову Купалы беларускія паэты Анатоль Астрэйка, Канстанцін Паўтаржыцкі, Сцяпан Ліхадзіеўскі, Кастусь Цвірка.

Сяргей Шычко


Ад рэдакцыі. З інфармацыі, размешчанай у інтэрнэце, даведваемся: узбекскі савецкі паэт Султан Джураеў (такое было яго сапраўднае прозвішча) нарадзіўся ў 1910 годзе ў кішлаку Кагалтам Бухарскай вобласці ў сям’і бедняка. У ёй было пяцёра дзяцей, а калі Султану было 10 гадоў, яны ўсе засталіся без бацькоў. Хлопчык пешшу дабраўся да сястры ў Бухару, там закончыў школу, педтэхнікум. Шмат чытаў, рана пачаў пісаць вершы. Быў адным з арганізатараў і выкладчыкаў курсаў па ліквідацыі непісьменнасці ў Бухары.

На дамах Лоеўшчыны ўмацоўваюцца мемарыяльныя дошкі

Мяркуем, што інфармацыю ў нэце, на сайце праекта “Бессмертный полк”, размясцілі менавіта нашчадкі паэта. Бо з яе даведваемся такія падрабязнасці: адораны паэт далучаў да чытання й сваіх дзяцей: а гэта былі Батыр, Нурыя, Румія, Ільхамія (памерла малою: у 5 гадоў). Султан чытаў дзецям кніжкі, навучаў музыцы, а таксама й маляваць фарбамі. У доме было шмат кніг, і сам Султан любіў перачытваць творы Наваі, Пушкіна, Лермантава. Ён ведаў 5 моў: узбекскую, рускую, татарскую, таджыкскую, казахскую. Добра спяваў, любіў класічную музыку, граў на скрыпцы, балалайцы.

Друкавацца — пад псеўданімам Султан Джура — паэт пачаў у 1927 годзе. У ранніх яго вершах галоўныя месцы займаюць тэмы патрыятызму, яднання рабочых і сялян. У яго ёсць творы “Песня пра Маскву”, “Смерць героя”, “Майская песня” (1938). Савецкай сям’і прысвечаны вершы “Сям’я, каханне, дзіця”, “Два паданні” ды іншыя.

У часе вайны Султан Джура быў кулямётчыкам 2-й гвардзейскай Чырванасцяжнай дывізіі. Ён ваяваў на Беларускім фронце. Прычым яго вершы не раз публікаваліся ў армейскіх газетах. Пісаў ён з фронту й цёплыя, поўныя аптымізму лісты родным.

Вось пра якога слаўнага чалавека, які аддаў жыццё за вызваленне Беларусі, памятаюць на беларускай Лоеўшчыне. Спадзяемся, нашчадкі героя знойдуць магчымасць, каб наведаць месца гібелі паэта й брацкую магілу, у якой ён пахаваны.

Пра тое, што на Лоеўшчыне праходзіць раённая акцыя “Навечна ў памяці народнай”, пісала раённая газета “Лоеўскі край”. У гонар Свята Перамогі ў горадзе адбыўся мітынг, у часе якога памяць герояў была ўшанавана мінутай маўчання, на брацкія пахаванні ўскладзены кветкі. Вайскоўцы памежнай камендатуры “Лоеў” паклалі памятны вянок і на ваду: у памяць пра герояў гістарычнай Бітвы за Дняпро.

У горадзе, нагадаем, створаны Музеі бітвы за Дняпро. У ягоных фондах сабраны сведчанні вайны: падручныя сродкі, на якіх воіны пераадольвалі раку, асабістыя рэчы й дакументы ўдзельнікаў бітвы, іх лісты-трыкутнікі, фатаграфіі. Апошнім часам у дадатак да навуковага напрамку дзейнасці музея развіваецца й архіўна-даследчая, пошукавая. Музей — важнае звяно пры пошуку тых, хто загінуў у Лоеўскім раёне восенню 1943-га. У 2015-2020 гадах яго супрацоўнікі ўстанавілі 1135 раней невядомых прозвішчаў савецкіх салдат, якія загінулі на тэрыторыі Лоеўшчыны.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.