Вы тут

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя


У Дзень абароны дзяцей, які ўжо 70 гадоў адзначаецца 1 чэрвеня, як правіла, дарослыя ва ўсім свеце расказваюць, што яны зрабілі для абароны дзяцінства, за год і наогул, і абмяркоўваюць вострыя пытанні ў гэтай сферы. Нездарма ж 2012 года 1 чэрвеня гэты дзень па рашэнні Асамблеі ААН адзначаецца яшчэ і як Сусветны дзень бацькоў — і хто, як не мы, мусіць клапаціцца пра жыццё і здароўе, адукацыю і развіццё, бяспеку і шчасце нашых малых.


Але, на наш погляд, у Дзень дзяцей карысна і нават неабходна паслухаць і другі зацікаўлены бок. Шмат гадоў таму мы праводзілі апытанне сярод дзяцей супрацоўнікаў «Звязды» і, па шчырасці, пачулі шмат нечаканага. Але час мінуў, падрасло новае пакаленне дзяцей «звяздоўцаў», і цяпер ужо ім мы зноў задалі аднолькавае пытанне: «Ад чаго сёння трэба абараняць дзяцей?» Адказы атрымалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.

12-гадовы Аляксей Спаткай — малодшы сын нашага віцебскага карэспандэнта Аляксандра Пукшанскага, пра дасягненні якога бацька гатовы расказваць бясконца: хлопец займаецца ў заслужаным аматарскім танцавальным калектыве і заўзята трэніруецца ў футбольным клубе; і як танцор, і як футбаліст паспеў паспяхова выступае у міжнародных спаборніцтвах.

«Я думаю, што трэба абараняць дзяцей ад наркотыкаў. Пра тое, што гэта шкодна, нам у школе ўрачы расказвалі. Яны спецыяльна прыходзілі, каб з намі пагутарыць пра наркотыкі, — расказаў Аляксей. — А яшчэ трэба і дзяцей, і дарослых зберагчы ад вірусаў. Вось ад таго, напрыклад, з-за якога мы цяпер маскі носім, і ад грыпу. І ад… як яе? Ад пнеўманіі.

Калі вырасту, яшчэ не ведаю кім буду. Можа медыкам, а можа — міліцыянерам, каб лавіць тых, хто робіць і прадае наркотыкі. Журналістам дакладна быць не хачу. Але вельмі хачу стаць футбалістам! Мне надта ж падабаецца гуляць у футбол, ездзіць у іншыя гарады і краіны на спаборніцтвы»

13-гадовая Вікторыя Вайцяховіч — дачка спецыяльнага карэспандэнта аддзела сацыяльных праблем Алены Дзядзюлі, амаль па-даросламу разважлівая:

— Дзяцей трэба абараняць ад дарослых. Бо не дзеці пачынаюць войны, знішчаюць прыроду, распрацоўваюць зброю і жахлівыя вынаходніцтвы. А яшчэ дзяцей трэба абараняць ад хвароб. Усюды столькі аб’яў, дзе збіраюць грошы на лячэнне малых! Галоўнае, што павінны зрабіць людзі — прыдумаць, як перамагчы гэтыя беды, хваробы і праблемы.

Дзям’яну Вайцяховічу 7 гадоў, і ён бачыць іншыя бакі праблемы аховы дзяцінства:

— Дзяцей трэба абараняць ад іншых дзяцей, якія могуць быць дрэннымі — таму патрэбныя настаўнікі, якія ўсіх вучаць добраму. Трэба абараняць ад пажараў, ураганаў, маланак, каранавірусу… Вырасту — буду рабіць дамы, каб у іх было бяспечна, альбо прыдумаю што-небудзь, каб людзі не хварэлі і мама заўсёды была маладой, здаровай і побач са мной.

«Дзяцей трэба абараняць ад каранавірусу! — ледзь даслухаўшы пытанне, выпальвае 9-гадовая Дар’я Хвір (дачка рэдактара аддзела культуры Вікторыі Целяшук). — Каранавірус — самая страшная на сёння хвароба. Таму лепш заставацца дома. Наогул, канешне, дзяцей шмат ад чаго трэба абараняць — маленькіх, якія яшчэ не разумеюць, што да чаго, бацькі павінны берагчы ад усіх бедаў і хвароб, а ўжо больш дарослых — ад усякіх небяспечных рэчаў, якія яны яшчэ не ведаюць ці не да канца разумеюць.

Напрыклад, — дзяўчо пераходзіць на ментарскі тон, як мультыплікацыйная Маша, — тэлефон. Гэта, канешне, здорава. Але гуляць на вуліцы таксама трэба! Залежнасць ад гаджэтаў — адна з галоўных праблем сучаснасці і ў дзяцей, і ў дарослых. Гэта таксама хвароба, не такая небяспечная, як COVID-19, але ж… Таму ведаеце, што я вам скажу? Старайцеся гуляць на вуліцы з сябрамі як мага часцей — і не забывайцеся часта мыць рукі і чхаць і кашляць у сурвэтку ці локаць, як гавораць урачы. А ў тэлефоне не сядзіце доўга, ёсць мноства іншых, больш цікавых заняткаў».

9-гадовы Ягор Сідарок, сын карэспандэнта аддзела сацыяльных праблем Ірыны Сідарок, згадаў, што небяспечныя рэчы могуць быць нястрашнымі на першы погляд — як, скажам, павук, альбо наогул нябачнымі — як кіберзлачынствы, але гэта не значыць, што на іх можна забывацца:

«Ад чаго трэба абараняць і ратаваць дзяцей? Ад пажараў і навадненняў, ад шаравой маланкі і навальніцы з моцным дажджом і ветрам (абавязкова трэба выключаць у навальніцу электрапрыборы, каб не здарыўся пажар!), ад трэшчын у зямлі — ну, ведаеце, калі адбываецца землятрус, атрымліваюцца такія расселіны, у якія можна ўпасці і загінуць… Ад усякіх штук, якія могуць упасці на вас з вышыні падчас моцнага ветру. А, таксама ад злачынцаў, якія могуць прыкідвацца добрымі людзьмі, якія насамрэч хочуць зрабіць зло.

Таму дарослым трэба сачыць за станам дома, у якім яны жывуць з дзецьмі — асабліва калі гэта верхнія паверхі, і не пакідаць маленькіх без нагляду. І, канешне, трэба расказваць пра такія рэчы і людзей, тлумачыць, чаму нельга браць у незнаёмцаў цукеркі альбо кудысьці за імі ісці. Нам пра гэта гаварылі ў школе. Ці расказвалі бацькі? Не помню. Вось яшчэ прыгадаў адну небяспеку: калі штосьці ўстанаўліваеш, у сэнсе, мабільную прыладу ці праграму з інтэрнету, нельга пакідаць свае асабістыя звесткі — тэлефонны нумар, імя і іншыя, па якіх цябе могуць знайсці і нашкодзіць.

Чаго я сам баюся? Павукоў. Бо яны могуць быць ядавітымі. Нават калі ў нашай краіне такіх не водзіцца, могуць жа збегчы з заапарку небяспечныя павукі і каго-небудзь укусіць. І яшчэ крыху баюся цемры, бо ў ёй усё не такое, як насамрэч, і ў цемры можа хто-небудзь хавацца. Напрыклад, страшна блішчаць у цемры чыесьці вочы, альбо цябе знянацку хтосьці за ногі хапае. …А потым ты ўключаеш святло і аказваецца, што гэта Чэры, наша котка».

«Для абароны дзяцей трэба, каб бацькі лепш назіралі за сваімі дзецьмі і не адцягвалі ні на што іншае ўвагу падчас прагулкі, — напісала цэлае сачыненне 8-гадовая Ульяна Спясівых, дачка вядучага спецыяліста рэкламнага аддзела «Звязды» Веранікі Хількевіч. — Калі дзеці адны дома, то яны ні ў якім выпадку не павінны адчыняць дзверы нікому чужому, а калі патэлефануе чужы чалавек і папросіць паклікаць бацькоў, нельга расказваць, што ты адзін дома — трэба сказаць, што яны занятыя і ператэлефануюць пазней. І калі раптам на вуліцы дзеці сустрэлі чалавека, які запрашае сесці ў сваю машыну — нельга пагаджацца! Словам, бацькі, навучыце сваіх дзяцей гэтым правілам бяспекі і беражыце іх! Ад незнаёмцаў, ад сабак, а маленькіх — ад таго, каб яны не згубіліся…»

Сабрала адказы Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота аўтара, Яўгена ПЯСЕЦКАГА і Аляксандра ПУКШАНСКАГА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.