Вы тут

У рэжыме большай эканомii. Як змянiлiся выдаткi ў перыяд эпiдэмii


Яшчэ ў канцы мiнулага года мы нават не ўяўлялi сабе, наколькi моцна зменiцца наша жыццё ў 2020-м. Медыкi ў ахоўнай экiпiроўцы, людзi ў масках i пальчатках на вулiцы, спусцелыя бары i рэстараны, закрытыя межы... Разам з укладам жыцця змянiлiся i нашы выдаткi. Як менавiта? Ва ўсiх па-рознаму, у кагосьцi моцна, у iншага — усё амаль па-ранейшаму. Мы запыталiся ў пяцi беларусаў, як iм жывецца сёння i на што яны выдаткоўваюць (або не) свае грошы.


stock.adobe.com

Тамара Iосiфаўна, 64 гады, пенсiянерка:

— У маiх выдатках амаль нiякiх змен няма. Я пенсiянерка i кiруюся памерам сваёй пенсii. Да таго ж мой лад жыцця амаль не змянiўся. Менш стала кантактаў — гэта так. Калi раней я хадзiла на лекцыi па сусветнай мастацкай культуры ва Унiверсiтэт трэцяга
ўзросту, на заняткi ў бiблiятэку, то цяпер такога няма. Затое я з надыходам вясны стала ездзiць на лецiшча — два-тры разы на тыдзень у электрычцы i стараюся выязджаць ранiцай, калi менш народу. Заўсёды надзяваю маску i ў грамадскiм транспарце, i ў краме. Дзве шматразовыя маскi я пашыла сама, адну купiла — так што шмат грошай на iх не пайшло. Купляю вiльготныя антысептычныя сурвэткi, гаспадарчае мыла — i iм мыю, апроч iншага, яшчэ i агароднiну i садавiну з крамы. Стараюся купляць прадметы гiгiены на знiжках, але заўважыла апошнiм часам, што на расiйскiя тавары знiжкi чамусьцi не распаўсюджваюцца.

У цэлым, амаль уся мая пенсiя iдзе на прадукты. Вось заплацiла за камуналку 120 рублёў, астатняе iдзе ў асноўным на ежу, i больш за ўсё — на малочныя прадукты, якiя часта ўжываю, бо параiў эндакрынолаг.

Вось цяпер за лецiшча трэба будзе заплацiць падатак. I яшчэ праз пару месяцаў будуць траты на медыцыну. Я хаджу да платнага эндакрынолага, таму да жнiўня трэба будзе адкласцi дзесьцi 200 рублёў на вiзiт да доктара i на аналiзы. I яшчэ трэба будзе прыблiзна 100 рублёў на стаматолага. А вось на аптэку я выдаткоўваю няшмат, бо лекаў амаль не купляю — толькi таблеткi ад цiску i вiтамiн Д.

Дзмiтрый Клiмковiч, адзiн з кiраўнiкоў праекта «Цэнтр актыўнага даўгалецця»:

— Я сказаў бы, што расходы апошнiм часам зменшылiся — i ў «Цэнтра актыўнага даўгалецця», i ў мяне асабiста. У першую чаргу таму, што мы цяпер працуем анлайн. Выкладаем мовы i нават ёгу i зумбу праз iнтэрнэт. Таму iстотна скарацiлiся транспартныя выдаткi ў нашых работнiкаў, а ў мяне, напрыклад, выдаткi на бензiн. Я жыву за горадам, i раней яны былi значна вышэйшыя. У офiсе скарацiлася спажыванне электраэнергii i вады.

Да таго ж, мы ўсе зараз стараемся эканомiць, бо не ведаем, што нас чакае заўтра. Не ўкладаем рэсурсы ў доўгатэрмiновыя праекты... Ды i кожны з нас на асабiстым узроўнi iмкнецца меней выдаткоўваць цяпер, таму што людзi не ўпэўненыя ў заўтрашнiм днi.

Ларыса, 32 гады, вэб-дызайнер:

— Я апошнi месяц езджу ў офiс толькi 1-2 разы на тыдзень, астатнi час працую дома. Але не сказала б, што мае выдаткi неяк моцна пры гэтым змянiлiся. Так, на нешта грошай стала сыходзiць менш, але пры гэтым павялiчылiся iншыя траты. Напрыклад, на грамадскi транспарт я зараз амаль не трачуся, але з-за таго, што баюся захварэць, стала часцей заказваць таксi, каб даехаць да работы.

На ежу грошай стала выходзiць менш, бо дома гатаваць больш выгадна, чым абедаць у сталовай цi кавярнi, як я рабiла гэта раней. Затое, падазраю, вырастуць камунальныя плацяжы... Павялiчылiся траты на прадметы гiгiены, антысептыкi. Вiтамiны вось дарагiя купiла, але гэта адзiнкавая пакупка. Затое я перастала хадзiць па крамах, таму больш няма нiякiх спантанных пакупак. Наогул, я гэтай вясной не купiла сабе нiчога новага з адзення i абутку. Лiчу правiльнай такую стратэгiю.

Аксана Максiмчук (пра сям'ю з трох чалавек):

— Траты ў нашай сям'i гэтай вясной знiзiлiся, i нашмат. Перш за ўсё таму, што мы сталi больш эканомiць. Сталi радзей хадзiць у краму, а перад паходам складаем спiс таго, што сапраўды цяпер неабходна, каб менш праводзiць там часу. Да таго ж я добра праверыла ўсе свае запасы ў халадзiльнiку i на палiцах, i аказалася, што iх не так ужо i мала. Гатую цяпер з iх. Увогуле, на ежу стала выдаткоўвацца нашмат менш грошай з сямейнага бюджэту. Менш стала трат i на цацкi для дзiцяцi. У кiно мы цяпер не ходзiм, а глядзiм фiльмы ў iнтэрнэце. I наогул, усе неабавязковыя выдаткi паставiлi на паўзу. Вось ацяпляльны сезон скончыўся, так што i за кватэру выйдзе менш плацiць...

Аляксандр, 40 гадоў, тэхнiчны дырэктар:

— Я цяпер працую на ўдалёнцы i заўважыў, што стаў выдаткоўваць значна больш грошай на ежу. Гэта таму, што я купляю гатовую ежу ў гiпермаркеце, у аддзеле, якi раней называўся кулiнарыяй. I гэта аказалася даражэй, чым абеды ў кафэ, бо я заўсёды абедаў там па абедзенным меню — так атрымлiвалася значна танней. Вядома, хто сам гатуе, той цяпер можа сэканомiць, але гэта не мой выпадак. Дрэнна i тое, што гатовая ежа доўга не захоўваецца, таму я вымушаны даволi часта хадзiць у краму. А вось выдаткi на бензiн зараз рэзка ўпалi. Ну а больш, мабыць, у маiх тратах нiчога не памянялася.


Дарэчы

Банк прааналiзаваў траты сваiх клiентаў

Адзiн з буйных банкаў пры дапамозе праекта Big Data адсачыў выдаткi сваiх клiентаў i апублiкаваў адпаведную справаздачу. На яе падставе можна выразна прасачыць змены ў нашым з вамi жыццi, якiя адбылiся сёлета.

Як аказалася, у лютым i сакавiку клiенты банка на трацiну, у параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года, зменшылi свае аперацыi па заказе тавараў на Aliexpress. Акрамя таго, рэзка скарацiлiся аперацыi фiзiчных асоб па куплi бiлетаў у кiнатэатры (на 30 %), квiткоў на чыгуначныя цягнiкi (на 40 %), на самалёты (на 51 %). Таксама на 46 % знiзiлiся траты на адзенне i абутак, на 19 % — на спарттавары i на 52 % — на ўстановы грамадскага харчавання.

А вось колькасць плацяжоў па аплаце дастаўкi прадуктаў, пачынаючы з першага тыдня сакавiка, перавысiла аналагiчныя леташнiя паказчыкi на 30 %. Колькасць аперацый у аптэках таксама павялiчылася — на 37 %.

У красавiку таксама на 30 % павялiчылася колькасць аперацый на чалавека ў сферы паслуг таксi, у параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года. I асаблiвы рост попыту на таксi ў сакавiку—красавiку быў ва ўзроставых групах 60—70 i 70—80 гадоў.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.