Вы тут

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»


Сучаснаму чалавеку трэба так шмат, што для вытворчасцi неабходных рэчаў выкарыстоўваецца не толькi мноста карысных выкапняў, але i ствараюцца матэрыялы, якiя не сустракаюцца ў прыродзе. Пры гэтым мы вырабляем не толькi рэчы, а i ўпакоўку для iх. Трацiна ўсiх бытавых адходаў на зямлi — гэта тара, для вытворчасцi якой неабходны прыродныя рэсурсы.


Тара з дрэў, пяску i нафты

Мяркуйце самi. Папяровая тара робiцца з дрэў, якiя становяцца пачкамi для сокаў, торбамi для крам i пакетамi для чабурэкаў.

Каб стварыць металiчную ўпакоўку i фольгу для кансерваванай ежы, дэзадарантаў цi газiроўкi патрэбны сталь i алюмiнiй. Iх здабываюць з руды на металургiчных заводах, якiя ствараюць яшчэ больш адходаў i забруджваюць паветра.

Нават для вытворчасцi шклянак i бутэлек, якiя могуць служыць паўторна, трэба мноства пяску i энергii для яго плаўлення. А каб стварыць неабходную тэмпературу ў 1500 °С, выкарыстоўваюць прыродны газ.

Выраб таннага, але вельмi небяспечнага для прыроды штучнага матэрыялу — пластыкавай упакоўкi — таксама не абыходзiцца без карысных выкапняў: газу i нафты.

— Цягам мiнулага стагоддзя карысных выкапняў здабылi больш, чым за ўсю папярэднюю гiсторыю чалавецтва. Iх вычарпальныя запасы ўрэшце скончацца, i чалавецтва вернецца назад у каменны век, калi не зменiць спосаб выкарыстання рэсурсаў, — упэўнена Нiна КУЛЬБЕДА-КАМШЫЛАВА, галоўны спецыялiст па iнфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Для гэтага трэба перапрацоўваць адходы, выкарыстоўваючы iх паўторна для вытворчасцi замест прыродных выкапняў. Макулатура замест дрэў, шклянкi i бутэлькi замест пяску, металалом замест руды, пластык замест нафты i газу. Так мы зможам не толькi паменшыць аб'ёмы выкарыстання карысных выкапняў, але i знiзiць негатыўнае ўздзеянне на наваколле ад работы прадпрыемстваў па вырабе разнастайных рэчаў для чалавецтва, у тым лiку ўпакоўкi.

Чаго прырода не прымае

Разам з тым упакоўка робiць наша жыццё больш зручным. Прынамсi, яна абараняе прадукты ад дэфармацыi падчас транспарцiроўкi i дазваляе iм захоўвацца даўжэй i не псавацца. Аднак сучаснае жыццё адсоўвае гэтыя карысныя ўласцiвасцi на другi план. Усё большы акцэнт робiцца на ўздзеянне на спажыўца, каб матываваць яго захапiцца прыгожымi яркiмi этыкеткамi i прымусiць набыць тавар, якi часта яму непатрэбны, але здаецца прывабным i таму неабходным.

— Часта ў гонцы за пакупнiком памеры тары значна перавышаюць патрабуемыя для тавару. З-за ўпакоўкi такiм чынам колькасць смецця павялiчваецца ў сотнi разоў, — удакладнiла Нiна Кульбеда-Камшылава.

Рост якасцi i зручнасцi жыцця ўвёў ва ўжытак сiнтэтычныя рэчы, аднаразовыя рэчы, упакоўку. З'явiлася новая мадэль паводзiнаў: «выкарыстаў — выкiнуў».

— Склад смецця ў параўнаннi з папярэднiмi пакаленнямi рэзка змянiўся. Упакоўка, адзенне, рэчы з сiнтэтыкi, прадметы невысокай якасцi, якiя выкарыстоўваюцца аднамомантна, «электроннае» смецце з бытавых прыбораў. Усё гэта немагчыма перапрацаваць у новую сыравiну, — расказала прадстаўнiца Аператара ДМР. — У Беларусi ўжо 160 палiгонаў. Смецця ствараецца столькi, што за два гады звалкi вырастаюць на 15 метраў у вышыню, i зямлi пад iх займаецца ўсё больш. Толькi за апошнiя 15 гадоў вываз смецця на звалкi ўзрос удвая.

Гамак з джынсаў i сажалка з ванны

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека. Смецце выдзяляе таксiчныя арганiчныя злучэннi i цяжкiя металы, якiя могуць трапiць у глебу i грунтавыя воды. А звалачны газ, якiя ствараецца з-за гнiення адходаў, — сумесь метану i дыаксiду вугляроду — уздымаецца ў паветра i паскарае стварэнне парнiковага эфекту. Эфект ад метану ў 25 разоў мацнейшы, чым ад вуглякiслага газу, падзялiлася спецыялiст:

— Калi ж на палiгоне здараецца пажар, у паветра ўздымаюцца ўсе таксiны, якiя ёсць у сучасным бытавым смеццi, накшталт асаблiва ўстойлiвых злучэнняў фуранаў i дыяксiнаў.

Каб планета не патанула ў смеццi, трэба вытрымлiваць тры правiлы. Прадухiляць стварэнне вялiзнай колькасцi адходаў, паўторна iх выкарыстоўваць i перапрацоўваць смецце. Раздзельна сабраныя i правiльна ўтылiзаваныя адходы паперы, шкла, пластыку могуць стаць новымi карыснымi рэчамi. Да таго ж, перапрацоўка дазваляе эканомiць прыродныя выкапнi пры вырабе новых рэчаў i памяншаць рост звалак.

Каб менш смецiць, трэба змянiць свае звычкi, ставячыся да набыцця рэчаў рацыянальна, а не бяздумна, скупляючы ўсё, што прыгожа ляжыць i выглядае.

— Адмоўцеся ад аднаразовых рэчаў. Непатрэбнае вам аддавайце тым, каму гэта абавязкова спатрэбiцца — у краiне шмат дабрачынных арганiзацый. Адрамантуйце зламаную тэхнiку, перш чым выкiдваць яе i набываць новую. Знайдзiце новае прымяненне старым рэчам. Са старых джынсаў можна змайстраваць цудоўны гамак, а непатрэбная ванна ператворыцца ў штучную сажалку на ўчастку. А вазоны для кветак можна ствараць увогуле з чаго заўгодна, — раiць Нiна Кульбеда-Камшылава. — У iнтэрнэце цяпер можна знайсцi процьму падказак i прапаноў, як самастойна зрабiць прыгажосць з таго, што вы збiраецеся выкiнуць.

Найлепшыя адходы — тыя, якiх няма!

Такога прынцыпу прытрымлiваецца Аператар ДМР. Каб дапамагчы людзям навучыцца адказнаму спажыванню i папулярызаваць раздзельны збор адходаў на Youtube пад тэгам #лучшиеотходы99 размясцiлi цэлую серыю ролiкаў пра рацыянальнае прыродакарыстанне i абыходжанне з адходамi: https://www.youtube.com/playlist?list=PLTiv3qYLSutDpsIuWV04t1ngSNNLtWBTw.

— Па ацэнках навукоўцаў, прыкладна 40 % пластыкавых вырабаў маюць тэрмiн службы менш за месяц. Пластыкавы пакет мы ўвогуле выкарыстоўваем каля гадзiны, пасля чаго часта выкiдваем. Такiм чынам атрымлiваецца, што мы проста набываем смецце, — мяркуе Наталля БУРАЯ, вядучы спецыялiст па iнфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». З-за бясплатнай i неабмежаванай прапановы беларусы ўжываюць за год да чатырох мiльярдаў фасовачных пакетаў i 200 мiльёнаў адзiнак пластыкавага посуду. Прырода стварала карысныя выкапнi мiльёны гадоў, а чалавек ужывае ўпакоўку, вырабленую з iх, максiмум месяц.

Навучыцца захоўваць камфортны лад жыцця i пры гэтым выпраўляць смеццевае становiшча на планеце i заклiканы асветнiцкiя ролiкi руху «Мэта-99». Эксперты спадзяюцца, што атрыманыя з вiдэа веды беларусы ператвораць у штодзённыя звычкi i прынясуць карысць прыродзе i грамадству.

Дарэчы

«Пластыкавая рыбалка» на Лiманаднай планеце

Другая серыя мультсерыяла «Каманда 99», якi расказвае дзецям i iх бацькам аб правiльнай сарцiроўцы адходаў, выйшла ўчора на Youtube-канале Target99 Belarus. У першай серыi яноты-сарцiроўшчыкi перамаглi Папяровага монстра на Зялёнай планеце. Гэтым разам Кiвi, Лiмон i Ажына адпраўляюцца на «Дзiўную рыбалку», каб дапамагчы ачысцiць возера, якое забрудзiлася з-за таго, што жыхары Лiманаднай планеты закопвалi пластык у зямлю.

Мультсерыял створаны айчыннымi анiматарамi на заказ дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» у межах праекта «Рух «Мэта 99». У iм расказваецца, як важна берагчы прыродныя рэсурсы i клапацiцца пра наваколле, i тлумачыцца, што ў гэтым дапамагае раздзельны збор смецця i перапрацоўка адходаў.

Кожны рабочы дзень маленькiх супергерояў — заданне мiжпланетнага маштабу, а па мужнасцi i вынаходлiвасцi Лiмон, Кiвi i Ажына не саступаюць ратавальнiкам i дэтэктывам. Падчас сваiх прыгод яны робяць свет больш чыстым i вучаць гэтаму ўсiх.

— Разуменне правiльнага абыходжання з адходамi i непатрэбнымi рэчамi павiнна ўкаранiцца ў мысленнi дзяцей на ўзроўнi звычак асабiстай гiгiены. Яны павiнны ведаць, што сарцiроўка адходаў эканомiць прыродныя багаццi i прадухiляе стварэнне новых палiгонаў, а правiльная ўтылiзацыя не шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека, — упэўнена Нiна КУЛЬБЕДА-КАМШЫЛАВА, галоўны спецыялiст па iнфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Праз вясёлыя прыгоды янотаў дзецi зразумеюць, што збiраць адходы асобна — па сiлах кожнаму, i любы можа стаць супергероем.

Дзецi даведаюцца, што правiльна збiраць пластык — не толькi карысна, але i весела, калi яго плюшчыць, каб больш увайшло ў сметнiцу. А дарослыя зразумеюць, як самы паспяховы стартап па вытворчасцi лiманаду можа стацца экалагiчнай катастрофай.

Iрына СIДАРОК

Загаловак у газеце: Час ратаваць... прыродныя выкапнi

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.