Вы тут

Анатоль Сівак далажыў Аляксандру Лукашэнку аб сітуацыі ў Мінску і горадабудаўнічых праектах


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Анатоля Сівака


Кіраўнік дзяржавы пачаў з пытання будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Мінск-Свет» у сталіцы. Асноўнай інвестыцыйнай пляцоўцы ў горадзе Аляксандр Лукашэнка надае самую пільную ўвагу.

«Як мне дакладваюць, здаецца, усё там схоплена, усё ідзе ў графіку і гэтак далей. Больш за ўсё мяне хвалюе будаўніцтва грамадскіх будынкаў: фінансавага цэнтра, часткова гандлёва-забаўляльнага цэнтра — такіх, якія сёння не прадасі і хуткія грошы не атрымаеш. Жыллё будуюць, малайчыны, але трэба ж займацца і астатнімі аб’ектамі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнта цікавіць інфраструктура, выкананне тэрмінаў будаўніцтва.

Анатоль Сівак далажыў кіраўніку дзяржавы, што летась будаўнікі выйшлі на графік. Не менш важна не спазніцца з будаўніцтвам вуліц у комплексе.

Інвестыцыйным праектам «Эксперыментальны шматфункцыянальны комплекс „Мінск-Свет“» (заказчык ЗТАА «Дана Астра») прадугледжана будаўніцтва жылля плошчай прыкладна 2,2 мільёна квадратных метраў і аб’ектаў грамадскага прызначэння плошчай каля 680 тысяч квадратных метраў.

У цяперашні час уведзена ў эксплуатацыю 218,2 тысячы квадратных метраў жылля, 31,5 тысячы квадратных метраў аб’ектаў грамадскага прызначэння (у складзе жылых дамоў убудаваныя аб’екты гандлю, грамадскага харчавання, офісы, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, аптэкі, медыцынскія лабараторыі і іншае, паркінг, дзіцячы сад на 230 месцаў).

Вядзецца будаўніцтва 730,2 тысячы квадратных метраў жылля, 150,4 тысячы квадратных метраў аб’ектаў грамадскага прызначэння, у тым ліку убудаваныя памяшканні грамадскага прызначэння, гандлёва-забаўляльны цэнтр, паркінг, дзіцячы сад на 230 месцаў, агульнаадукацыйная школа з басейнам на 1056 месцаў.

У стадыі праектавання 615,3 тысячы квадратных метраў жылля, 372,7 тысячы квадратных метраў аб’ектаў грамадскага прызначэння, у тым ліку ўбудаваныя памяшканні грамадскага прызначэння, комплекс адміністрацыйных будынкаў у складзе міжнароднага фінансавага цэнтра, гандлёва-забаўляльны цэнтр, паркінгі, дзіцячыя сады на 230 месцаў, агульнаадукацыйныя школы, паліклінікі, пажарнае дэпо.

У размове таксама была закранута тэма ўсёй гарадской інфраструктуры. У цяперашні час у Мінску ў адпаведнасці з гарадской інвестпраграмай вядуцца работы на 33 аб’ектах аховы здароўя і адукацыйнай сферы.

У Мінску будзе пабудавана новая бальніца

У парадак дня ўвайшло і пытанне, якое ўжо ўздымалася, — будаўніцтва шматфункцыянальнай клінічнай бальніцы.

«Што будзем рабіць: будаваць, не будаваць? Можа быць, перафармаціруем неяк увогуле сістэму аховы здароўя, каб не будаваць. Зразумела, што сёння не пабудуем, сёння не да гэтага. Тым не менш, перспектыву мусім бачыць», — разважае Прэзідэнт.

Як нагадаў журналістам Анатоль Сівак, па Даўгінаўскім тракце да 2013 года вяліся праектныя работы па будаўніцтве клінічнай бальніцы на 1250 месцаў.

«На вуліцы Крапоткіна ёсць інфекцыйная бальніца, яна дастаткова старая. Калі сутыкнуліся з гэтай бядой, з каранавірусам, мы ўбачылі, што ў чыстым выглядзе хворага з інфекцыяй, як правіла, няма. Гэта чалавек, у якога ёсць ці сардэчна-сасудзістыя праблемы, ці, мабыць, нейкія хірургічныя, ці анкалагічная праблема. І яго завезці ў інфекцыйную бальніцу, дзе профіль — толькі інфекцыя, складана. Неабходна везці ў спецыялізацыю пэўную. І ў гэтым выпадку мы прыходзім да меркавання, што нам трэба такую бальніцу сучасную пабудаваць, якая, калі спатрэбіцца, можа ў цэлым пераходзіць на профіль інфікаваных», — растлумачыў кіраўнік горада.

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў далейшую прапрацоўку гэтага праекта.

У цяперашні час падраздзяленні інфекцыйнай бальніцы магутнасцю 210 ложкаў у перыяд уздыму інфекцыйных захворванняў не забяспечваюць патрэбу горада ў аказанні стацыянарнай дапамогі пацыентам.

У рамках будучай распрацоўкі ПДП тэрыторыі ад МКАД да 3-га кальца ўздоўж Даўгінаўскага тракту (арыенціровачна 1500 га) маецца магчымасць прадугледзець размяшчэнне шматпрофільнай бальніцы.

З улікам гэтага Мінгарвыканкам лічыць мэтазгодным ажыццявіць будаўніцтва шматпрофільнай бальніцы, прадугледзеўшы ў яе складзе ўзвядзенне асобнага інфекцыйнага корпуса, з магчымасцю аператыўнага перапрафілявання ўсёй клінікі (у выпадку неабходнасці) у інфекцыйны стацыянар.

Нацыянальны гістарычны музей будзе размешчаны ў будынках наяўнай забудовы

Зайшла размова і аб размяшчэнні Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі у межах вуліц Карла Маркса — Камсамольская — Кірава.

На пытанне Прэзідэнта, ці патрэбен новы будынак музею, Анатоль Сівак адзначыў, што гарвыканкам прапанаваў праект, які прадугледжвае рамонт і пашырэнне старога будынка. 

«Калі гэты квартал (К. Маркса, Леніна, Кірава, Камсамольская — «Зв.») паступова, спакойна развіваць пад тэматыку Нацыянальнага гістарычнага музея, мы атрымаем добрую гарадскую турыстычную зону, да якой зручна дабірацца, можна прагульвацца, мець набор кавярняў, рэстаранаў», — праінфармаваў Анатоль Сівак.

Прэзідэнт пазіцыю падтрымаў.

Перадпраектная дакументацыя па аб’екце «Будынак Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусь у г. Мінску» распрацавана Інстытутам Белдзяржпраект па замове УКБ Мінгарвыканкама і ўзгоднена летась у чэрвені з улікам павелічэння агульнай плошчы будынка з 12 да 19 тысяч м² у сувязі з неабходнасцю стварэння месцаў захоўвання экспазіцый музея.

У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы Мінгарвыканкаму неабходна распрацаваць у 2018–2019 гадах перадпраектную і праектную дакументацыю па будаўніцтве Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі па праспекце Пераможцаў, прадугледзеўшы выкарыстанне фасада ў якасці тэле- і кінаэкрана.

Вядучыя архітэктары Мінска канстатавалі, што новы будынак музея будзе дамінаваць над архітэктурна-скультурным комплексам «Мінск — горад-герой» і будынкам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пры памяншэнні вышыні праектуемага будынка на 7–12 метраў, як рэкамендуе архітэктурная грамадскасць, яго функцыянальны складнік для размяшчэння музея становіцца неактуальным.

Прымаючы пад увагу сціснутыя ўмовы для размяшчэння музея па праспекце Пераможцаў і адсутнасць узгодненага варыянту размяшчэння мультымедыйнага экрана на фасадзе будынка музея, у снежні 2019 г. распрацоўка будаўнічага праекта па аб’екце была прыпыненая (гатоўнасць праектнай дакументацыі складала 78 працэнтаў).
Разгледзеўшы альтэрнатыўныя варыянты размяшчэння гістарычнага музея, Мінгарвыканкам для забеспячэння максімальнай турыстычнай прывабнасці прапануе размясціць Нацыянальны гістарычны музей у будынках забудовы, якая склалася ў межах вуліц К. Маркса — Камсамольскай — Кірава са стварэннем комплексу «Квартал музеяў» шляхам рэканструкцыі і рэстаўрацыі адміністрацыйна-гаспадарчых будынкаў агульнай плошчай 31,7 тысячы квадратных метраў.

Анатоль Сівак: Парушаць агульны парадак у горадзе — гэта няправільна 

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся бачаннем старшыні гарвыканкама сітуацыі ў горадзе ў цэлым.

«Я чакаю ад цябе і праваахоўнікаў поўнага парадку ў горадзе-героі Мінску. Ні ў якім выпадку нельга перашкаджаць людзям жыць. Я так вось гляджу: чысценькі, прыбраны, утульны, зручны, прыгожы горад, дзе можна і з дзеткамі прагуляцца, і спортам заняцца... Але вось жа няймецца камусьці», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Патрабаванні, каб у горадзе быў парадак — гэта першарадная задача кіраўніцтва Мінска, упэўнены Анатоль Сівак. Ён звярнуў увагу журналістаў на правакаванне беспарадкаў падчас электаральнай кампаніі.

«Фіксуюцца факты, калі насамрэч мэта не пакінуць свой подпіс, а зусім іншая: лозунгі, правакацыі на беспарадкі. Гэта сітуацыя знаходзіцца пад нашым жорсткім кантролем і далей будзе кантралявацца, і будуць прымацца меры, рашэнні, каб не дапусціць парушэнняў заканадаўства. Парушаць агульны парадак у горадзе — гэта няправільна», — падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама.

Старшыня Мінгарвыканкама не ўпэўнены ва ўвядзенні ў эксплуатацыю трэцяй лініі метро да Дня Незалежнасці

Увядзенне ў эксплуатацыю чатырох станцый трэцяй лініі метро можа зацягнуцца, распавёў журналістам старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.

Па словах мэра, будаўніча-мантажныя работы да гэтай даты будуць завершаныя. Аднак пакуль у яго няма ўпэўненасці, што да ліпеня атрымаецца абкатаць новыя рашэнні, якія выкарыстоўваюцца на трэцяй лініі падземкі.

«На пероне ўстанаўліваюцца дзверы, якія павінны быць сінхранізаваныя з дзвярыма рухомага саставу. Другое новаўвядзенне — новы рухомы састаў, хоць ён сертыфікаваны і абкатваецца. Далей — спецыяльная сістэма кіравання, корпус якой будуецца з боку вуліцы Ленінградскай. Гэта ўсё патрабуе узмоцненай абкаткі і наладкі», — растлумачыў Анатоль Сівак. Ён дадаў, што тэарэтычна гэтыя работы магчыма паспець правесці да Дня Незалежнасці, але гарантаваць гэта складана.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.