Вы тут

Як стаць грамадскім эколагам?


Што рабіць, калі побач з вашым домам стварылі несанкцыянаваную звалку, ссеклі любімае дрэва ці спалілі ўсю траву? Вырашыць гэтыя праблемы можна рознымі шляхамі. Адным з найважнейшых кірункаў, звязаных з паляпшэннем стану навакольнага асяроддзя, з’яўляецца кантроль за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства. Гэтую сур’ёзную работу выконваюць супрацоўнікі Мінпрыроды. Аднак не апошняе месца займае і дзейнасць грамадскіх эколагаў, шэрагі якіх можа папоўніць кожны ахвотны.


Хачу быць эколагам!

Стаць грамадскім эколагам вельмі проста. Для гэтага неабходна звярнуцца ў камітэт або ў раённую (па месцы жыхарства) інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і падаць наступныя дакументы:

  • заяву кандыдата ў грамадскія эколагі на імя старшыні камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
  • характарыстыку з месца работы (навучання) або месца жыхарства, дзе ўказваецца, якімі ведамі і вопытам у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў валодае кандыдат у грамадскія эколагі;
  • дзве каляровыя фатаграфіі 3×4.

Ніякіх абмежаванняў па ўзросце, адукацыі або родзе дзейнасці няма, аднак кандыдат павінен ведаць заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і, вядома, выконваць яго патрабаванні.

Парадак дзейнасці грамадскіх эколагаў замацаваны ў адпаведнай пастанове Саўміна ад 20.06.2013 г. № 504. У ёй прыведзены асноўныя кірункі супрацоўніцтва з тэрытарыяльным органам Мінпрыроды, які і выдае будучаму эколагу пасведчанне. Гэта могуць быць сумесныя каардынацыйныя саветы з грамадскімі экалагічнымі аб’яднаннямі, а таксама адукацыйная работа ў выглядзе гутарак на экалагічную тэматыку.

Добрыя прыклады

Ірына Бірына-Паўлава працуе ў сярэдняй школе № 137 Мінска педагогам дадатковай адукацыі і з 2014 года з'яўляецца грамадскім эколагам. Тры гады таму яна прыйшла да свайго кіраўніцтва і прапанавала арганізаваць аб’яднанне па інтарэсах «Азбука арніталогіі», каб вывучаць птушак Беларусі. Сёння яно ўключае 6 груп, у якіх займаецца больш за 80 чалавек. Гэта, вядома, не адзінае дасягненне педагога. Ірына Веніямінаўна — аўтар мноства адукацыйных праграм і заняткаў у галіне арніталогіі, а таксама розных метадычных рэкамендацый, якія ўжываюцца ў экапедагогіцы. Напрыклад, нядаўна разам з навучэнцамі яна стварыла свой асветніцкі майстар-клас «Качак хлебам не кармі!». Як грамадскі эколаг выйшла з ініцыятывай у Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзе прапанавала праводзіць такі майстар-клас на розных экалагічных мерапрыемствах, што арганізуюцца ў сталіцы. Камітэт падтрымаў ініцыятыву і заўсёды запрашае школьнікаў на гэтыя пляцоўкі. Выхаванцы Ірыны Бірынай-Паўлавай паспяхова абараняюць экалагічныя даследчыя работы на навуковых канферэнцыях не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

— За апошнія гады прыроднае асяроддзе вакол нас пачало катастрафічна змяняцца ў горшы бок: шмат смецця, звалак. Я зразумела, што так абыходзіцца з прыродай нельга. Гэта і паслужыла штуршком для таго, каб заняцца педагагічнай дзейнасцю, сабраць вакол сябе неабыякавых хлопчыкаў і дзяўчынак. Каб разам вучыцца спазнаваць і разумець свет прыроды, любіць і берагчы яго, — так растлумачыла Ірына Веніямінаўна рашэнне не толькі стаць грамадскім эколагам, але і ў цэлым прысвяціць сваё жыццё ахове прыроды і экапедагогіцы.

Алег Созінаў, загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, кандыдат біялагічных навук, аргументуе свой выбар стаць грамадскім эколагам тым, что вучоныя як ніхто іншы могуць паспрыяць вырашэнню многіх экалагічных праблем.

— Адзін з яркіх прыкладаў, калі навукоўцы і грамадскасць збіраюцца разам для вырашэння праблемных пытанняў аховы прыроды, — грамадскія слуханні. Яны праводзіліся, напрыклад, па праблеме лёсу балота Святога, якое знаходзіцца на мяжы Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў. Вырашалася пытанне: адрэзаць ад рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Азёры» частку балота для торфаздабычы ці не? Навукоўцы, грамадскасць, народныя дэпутаты, выканаўчая ўлада, Мінпрыроды публічна абаранілі права балота на жыццё. Я лічу, гэтая перамога — найбольш яркая праява кансалідацыі грамадства ў захаванні натуральнага навакольнага асяроддзя для сябе і будучых пакаленняў, — адзначыў спецыяліст.

Не варта забываць, што галоўная роля грамадскага эколага — гэта не толькі выяўленне парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, а ў першую чаргу фарміраванне на ўласным прыкладзе беражлівага і паважлівага стаўлення да прыроды, стварэнне ў соцыуме культуры гарманічнага суіснавання чалавека і дзікай прыроды.

Кацярына ЦІТОВА

Фота з архіва герояў

Загаловак у газеце: Захавальнікі прыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».