Вы тут

Беражыце вашы грошы. Што рабіць, каб не патрапіць на «вуду» інтэрнэт-злачынцаў?


Высокія тэхналогіі, якія з кожным годам усё больш пранікаюць у наша жыццё, прыцягваюць і ўвагу злачынцаў. Сёлета за пяць месяцаў у гэтай сферы ўжо зафіксавана больш за тры тысячы парушэнняў закону. Прыкладна траціна з іх прыходзіцца на крадзяжы грошай з банкаўскіх плацежных картак. Падрабязней пра гэта расказалі спецыялісты ўпраўлення «К» Міністэрства ўнутраных спраў.


Зламыснікі часцей за ўсё выкарыстоўваюць два метады. Першы з іх — гэта так званая сацыяльная інжынерыя. «Нацягнуўшы» на сябе маску вашага знаёмага (для чаго нярэдка могуць узломвацца і акаўнты ў сацыяльных сетках), у нейкі момант да вас у асабістыя паведамленні «стукаецца» зламыснік. Ён можа прыкінуцца, напрыклад, супрацоўнікам банкаўскай установы або пакупніком тавару, якому трэба перавесці грошы. Размова можа пачацца здалёк, але ў выніку перапіска звядзецца да таго, што ў вас папросяць звесткі з вашай пластыкавай карткі. Мэта пры гэтым будзе заяўлена высакародная — напрыклад, аддаць грошы, якія чалавек цяпер просіць пазычыць.

— У выпадку калі вам пішуць з нагоды набыцця нейкага тавару, нядобразычлівы суразмоўца прапануе перавесці перадаплату за тавар на банкаўскую плацежную картку. Маўляў, зараз ён знаходзіцца за мяжой і так яму зручней. Прычым якраз тут ён кажа праўду: як правіла, зламыснікі, якія праварочваюць такія справы, знаходзяцца па-за тэрыторыяй Беларусі. Далей яны просяць паведаміць нумар плацежнай карткі і тэрмін яе дзеяння. І вось гэта павінна стаць «чырвонай лініяй», за якую заходзіць нельга.

У ведамстве, аднак, канстатуюць, што ў абсалютнай большасці выпадкаў уладальнікі картак самі лёгка перадаюць іх рэквізіты сваім суразмоўцам. Больш за тое, яны нават паведамляюць змест SMS, якія прыходзяць ад банка на іх мабільныя тэлефоны, і іншую канфідэнцыяльную інфармацыю, якую мусіць ведаць выключна ўладальнік карткі. Яна прызначана для таго, каб спісваць грошы з рахунку. Гэта, напрыклад, трохзначны CVV-код, што размешчаны на адваротным баку пластыкавай карткі, сеансавыя паролі, код аўтарызацыі, пароль 3D-Secure. Ці пашпартныя звесткі.

— Другі распаўсюджаны метад выманьвання даных — фішынг. У перакладзе з англійскай мовы гэты тэрмін азначае «рыбалка». Вось толькі на кручок прасунуты «рыбак» падчэплівае занадта даверлівага чалавека. А ў такім выпадку метады фішынгу і сацыяльнай інжынерыі нярэдка камбінуюцца.

...У канцы мінулага года жыхарка Маладзечна вырашыла прадаць праз адну з гандлёвых пляцовак у сеціве тэлевізар. На сувязь з ёй у месенджары выйшаў адзін з меркаваных пакупнікоў. Ён пажадаў унесці колькі грошай у якасці перадаплаты, для гэтага папрасіў перадаць рэквізіты плацежнай карткі. Здавалася б, трывіяльная рэч для тых, хто нешта купляе праз інтэрнэт.

І вось цяпер пачынаецца самае цікавае. Праз колькі часу пакупнік зноў выходзіць на сувязь з гаспадыняй тэлевізара і паведамляе ёй пра тое, што, маўляў, транзакцыя з нейкай прычыны не прайшла. Пасля ён прапанаваў удакладніць, чаму гэта адбылося, непасрэдна ў банку. І даслаў ёй спасылку на сайт фінансавай установы.

Тут бы задацца пытаннем: чаму невядомы суразмоўца дасылае нейкія спасылкі, калі сайт банка адкрываецца па першым жа выніку запыту ў любым пошукавіку? Вось і аказалася, што пакупнік адправіў жанчыну на падроблены сайт. Мэта гэтай электроннай пляцоўкі ў адным: «выцягнуць» усе рэквізіты, неабходныя для правядзення аперацый на рахунку. Так у адзін момант небарака засталася без 20 тысяч долараў і 13 з паловай тысяч еўра.

Буйныя сумы грошай, якія вокамгненна «перацякаюць» у кішэню злачынцы, неаднаразова фігуруюць у падобных справах. У лютым гэтага года невядомы зламыснік займеў рэквізіты да пластыкавай карткі жыхара Мінска і скраў з карт-рахунку больш за 16 тысяч рублёў. Прыблізна такой жа сумы ў эквіваленце пазбавіўся і жыхар Рэчыцы — інтэрнэт-зламыснік «звёў» з яго карткі каля 7 тысяч беларускіх рублёў і 4 тысяч долараў ЗША.

Аднак інтэрнэт-злачынцаў цікавіць любая сума, якая ляжыць на вашым рахунку. Прыклад «наадварот» — калі махляром аказаўся не пакупнік, а прадавец. На адной з інтэрнэт-пляцовак ён размясціў аб'яву пра тое, што прадае дзіцячую каляску. На абвестку ў студзені гэтага года адгукнулася жыхарка сталіцы. Пачалася перапіска, падчас якой візаві пажадаў даведацца пра рэквізіты банкаўскай карткі пакупніцы. Хоць, здавалася б, навошта яму тыя звесткі? Гэта ж ён мусіць атрымаць грошы, а не яна. Але гэтая акалічнасць не насцярожыла жанчыну. Яна і выдала рэквізіты сваёй карткі, пасля чаго зламыснік перавёў з яе рахунку на свой суму прыкладна ў 800 рублёў.

— Схемы інтэрнэт-махлярства могуць быць вельмі разнастайныя. Гэта просьбы аб дабрачыннай фінансавай дапамозе, паведамленне пра выйгрыш у латарэю (у якой вы маглі і не ўдзельнічаць), прапановы дадатковага заробку. Часам яны выходзяць за межы выключна віртуальнай прасторы — вам можа пазваніць чалавек, які прадстаўляецца супрацоўнікам банка.

Спецыялісты ўпраўлення «К» МУС раяць падчас падрыхтоўкі да правядзення плацежных аперацый у інтэрнэце звяртаць увагу на некаторыя моманты. Гэта, па-першае, вельмі нізкая цана на прапанаваны тавар, закліканая прыцягнуць да сябе ўвагу. Але зноў жа, нельга сказаць, што кожны, хто хоча штосьці прадаць танней, абавязкова з'яўляецца махляром. А вось спробы любым шляхам атрымаць рэквізіты вашай банкаўскай карткі — ужо трывожны званочак. На многіх інтэрнэт-пляцоўках рэалізавана сістэма абароны ад віртуальнага махлярства: напрыклад, пакуль вы не пацвердзіце, што атрымалі тавар, грошы будуць заблакіраваны на транзітным рахунку. Злодзеі гэта ведаюць і таму імкнуцца працягнуць гутарку ў інтэрнэт-месенджары або праз электронную пошту. А пераход на любыя дасланыя вашым суразмоўцам спасылкі з высокай доляй імавернасці цягне за сабой пераадрасацыю на падроблены сайт.

— Лепш за ўсё аформіць асобную картку для пакупак анлайн і на выпадак выезду за мяжу. Пераводзіць туды грошы найлепш незадоўга да здзяйснення меркаванай транзакцыі. Што да картак, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі, то не будзе лішнім абмежаваць да іх доступ з іншых краін — такую магчымасць банкі даюць. Логін і пароль да інтэрнэт-банкінгу трэба ўводзіць толькі на ўласных смартфоне і камп'ютары, да якіх не маюць доступ пабочныя асобы. Лепш таксама ўсталяваць ліміт на максімальную суму грашовай аперацыі. Вельмі пажадана ўключыць двухфактарную аўтэнтыфікацыю і SMS-апавяшчэнне.

А што рабіць, калі невядомы тэлефануе і прадстаўляецца супрацоўнікам банка? Трэба ведаць, што банкаўскія супрацоўнікі не будуць запытваць у вас па тэлефоне асабісты нумар, пашпартныя звесткі і рэквізіты саміх картак. Але калі вы сутыкнуліся з такой сітуацыяй, то ператэлефануйце ў банк на нумар, указаны на афіцыйным сайце фінансавай установы.

І памятайце: нягледзячы на тое што ў Беларусі дзейнічае прынцып «нулявой адказнасці», банк мае права адмовіць вам у вяртанні грашовых сродкаў, калі вы самі перадалі зламысніку ўсе доступы да вашага рахунку. Таму гэта якраз той выпадак, калі ваша бяспека перш за ўсё ў вашых руках.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.