Вы тут

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас


Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.

Сцяпан Навасельскi, вучань сталiчнага лiцэя № 2, год таму ўжо быў героем «Чырвонкi. Чырвонай змены». У поле зроку СМI ён трапiў дзякуючы сваёй перамозе на конкурсе Sосiаl Wееkеnd. Сацыяльны праект Сцяпана i яго партнёра TееnKасh выйшаў у фiнал i атрымаў матэрыяльную дапамогу ад спонсара. Стаўка была зроблена на арганiзацыю цiкавага i карыснага вольнага часу для падлеткаў: сумесных трэнiровак, пешых квэстаў i батутных вечарын. Але на гэтым юнак не спынiўся: пасля таго як каманда распалася, у яго з'явiліся новая бiзнес-iдэя i новы бiзнес-партнёр. Праект TeenStart сканцэнтраваўся ўжо на правядзеннi адукацыйна-прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Яго мэтавая аўдыторыя — зацiкаўленыя ў сваёй будучынi падлеткi.

TeenStart — гэта лекцыi i канферэнцыi аб прадпрымальнiцтве, карысных навыках, знаёмства з прафесiямi з запрашэннем цiкавых спiкераў з самых розных сфер. I тэмы, што прапануюцца, — на самы розны густ, напрыклад «Крэатыў i бiзнес: як зарабляць на творчасцi?», «Барацьба са страхамi i меркаваннем навакольных», «Як навык продажаў i перамоў адкрывае дзверы ў дарослае жыццё?», «Як прыдумаць бiзнес-iдэю, калi табе 15 гадоў?» «На нашы сустрэчы прыходзяць хлопцы i дзяўчаты, зацiкаўленыя ў сваiм развiццi i новых знаёмствах. Iдэальнае акружэнне», — кажа Сцяпан.

Дарэчы, нягледзячы на свой юны ўзрост, хлопец ужо зарэгiстраваны як iндывiдуальны прадпрымальнiк. Таму сустрэча з iм на кансультацыi ў прафарыентолага ў рэпетытарскiм цэнтры «Адукар» стала для нас у пэўным сэнсе нечаканасцю. Ганна IСАЕНКА, псiхолаг аўтарскай групы «Рэферэнт», спецыялiст па прафарыентацыi з 25-гадовым стажам, добра ведае хлопца — пазнаемiлася з iм яшчэ падчас конкурсу Sосiаl Wееkеnd, якi фактычна даў старт яго бiзнес-кар'еры.


Грошы пад нагамi

Фота Анастасіі Валуй

— Я адгаворвала Сцяпана ад кансультацыi некалькi разоў, бо для мяне яго далейшы шлях — абсалютна вiдавочны, — усмiхаецца Ганна. — У яго выдатна атрымлiваецца ствараць i запускаць стартапы. Звычайна выпускнiкоў, якiя не могуць вызначыцца са сваёй будучыняй, да мяне прыводзяць бацькi. I вялiкая рэдкасць, калi малады чалавек прыходзiць сам са сваiмi сумненнямi. Тады, як правiла, можна пачуць проста неверагодную ўражальную гiсторыю.

Сцяпан па псiхалагiчным развiццi намнога апераджае свой фiзiялагiчны ўзрост. Я лiчу, што гэта самастойны дарослы чалавек, здольны ставiць мэты i ўпэўнена да iх iсцi. Тым не менш ён вырашыў, што меркаванне спецыялiста для яго не будзе залiшнiм, i сам заплацiў за кансультацыю, не звяртаючыся да бацькоў.

— Ёсць шмат розных дарог, i ты павiнен разумець, якую з iх выбраць. Галоўная магiстраль для мяне — гэта сфера прадпрымальнiцтва. Але ёсць таксама шмат «скiлоў» (уменняў i навыкаў. — Аўт.), якiя трэба развiваць, каб стаць паспяховым, — тлумачыць свае матывы Сцяпан. — Я прыйшоў, каб пераканацца ў правiльнасцi свайго выбару, мне надалi ўпэўненасцi, i, канешне, штосьцi новае пра сябе таксама даведаўся. Я вучуся ў лiцэi, таму мае аднакласнiкi — даволi матываваныя, але ў многiх выпадках бачу, что выбар прафесii яны робяць пад уплывам бацькоў, i гэта, як правiла, нейкая перспектыўная сфера, а не тое, да чаго ляжыць душа. На мяне бацькi нiколi не цiснулi. Нават калi я iм у 10-м класе заявiў, што не збiраюся паступаць у ВНУ, яны гэта ўспрынялi спакойна. Я заўсёды адчуваў iх падтрымку. Свае першыя грошы зарабiў, будучы яшчэ шасцiкласнiкам. Мяне вельмi зачапiў бестселер Роберта Кiясакi «Багаты тата, бедны тата». Мы з бацькамi былi ў Турцыi, i ў мяне ўзнiкла генiяльная, як я на той момант лiчыў, iдэя — набыць некалькi блокаў жавальных гумак Love is, каб потым прадаваць iх аднакласнiкам з накруткай у 300 працэнтаў (смяецца. — Аўт.). Мама з татам мяне не спынiлi, а паклалi тыя блокi ў свае чамаданы...

— Такiя паводзiны былi праявай прадпрымальнiцкай адоранасцi, — упэўнена заяўляе Ганна. — У мяне быў нядаўна падобны выпадак. Прыйшла на кансультацыю сям'я: хлопец i двое бацькоў. Дарослыя ў панiцы: у дзясятым класе сын не ведае, кiм быць. А той спакойна кажа: «Гэта iх праблема, а не мая, я даўно ўсё ведаю». У працэсе размовы высвятляю, што летам сям'я адпачывала ў Крыме. Бацькi пераважна загаралi, але iх сына такое баўленне часу мала цiкавiла. Ён прайшоў па марскiм беразе, сабраў плоскiя каменьчыкi, расфарбаваў iх, зрабiў кампазiцыi, напiсаў «Алушта-2019» i стаў на ўваходзе на пляж, каб iх прадаць. Да вечара ўсе сувенiры разабралi. Вось менавiта так i праяўляецца прадпрымальнiцкая адоранасць — калi ты робiш грошы з таго, што знайшоў лiтаральна пад нагамi. Але далёка не ўсе бацькi гатовы падтрымаць сваiх дзяцей у iм памкненнях i пошуках. Сцяпану ў гэтым плане вельмi пашанцавала.

Кандытар цi скульптар?

Па словах Ганны, ёсць розныя вiды адоранасцi: акадэмiчная, мастацкая, практычная, духоўная, камунiкатыўная, эмацыянальная... Таму педагогi, як i бацькi, павiнны быць уважлiвыя да любой праявы адоранасцi.

— У мяне ёсць любiмае пытанне да дзяцей, якiх бацькi прыводзяць як «зусiм безнадзейных», — кажа яна. — Што ты будзеш рабiць, калi застанешся дома адзiн i нiхто не будзе адцягваць тваю ўвагу? Што цябе натхняе? Вось тут i трэба шукаць адказы, у якiм кiрунку далей развiвацца.

Прывяду яшчэ адзiн прыклад. Дзяўчынка нарадзiлася ў простай рабочай сям'i, ёй не дазволiлi iсцi ў дзясяты клас i адправiлi ў кулiнарны каледж. Але яна была настолькi таленавiтая, яркая i камунiкабельная, што знайшла сабе аплатную практыку ў кавярнi. I вось тут яна «зламалася». Пiрожныя, якія рабiла кандытар, былi сапраўдным шэдэўрам мастацтва. Але ж iх лёс — быць з'едзенымi. Гэта проста жах! Ёй цяжка было змiрыцца з такiм становішчам спраў. Так яна зразумела, што хоча рабiць «нятленку» i што ёй трэба быць насамрэч скульптарам. Часта патрабуецца нейкая размова, штуршок, каб зразумець, як захапленнi можна пераўтварыць у прафесiю i дасягнуць поспеху. Мне, як спадарожнiку ў цягнiку, якога ты бачыш першы i апошнi раз у жыццi, можна расказаць пра сябе ўсё. Але я — толькi iнструктар па ваджэннi, а паварот руля робiць усё роўна малады чалавек самастойна...

Яго Вялiкасць Выпадак

Фота relax.by

— Калi дзiця на момант заканчэння школы яшчэ не вызначылася з прафесiяй, многiя бацькi ўспрымаюць гэта сама меней як трагедыю...

— Хутчэй, гэта праблема для хлопцаў у тым плане, што iх могуць прызваць на службу ў армiю. Але, напрыклад, для Еўропы нармальная практыка, калi пасля заканчэння школы малады чалавек не адразу вызначаецца з навучальнай установай, а спрабуе знайсцi сябе ў розных сферах дзейнасцi, — разважае Ганна. — Мая дачка, будучы валанцёрам Беларускага дзiцячага хоспiса i студэнткай медунiверсiтэта, заўважыла, што сярод валанцёраў у дзiцячым летнiку былi ўсяго тры беларусы, 12 немцаў i 23 брытанцы. I што яе англiйская сяброўка, хоць i навучаецца таксама на другiм курсе, але значна старэйшая — ёй 26 гадоў. У Вялiкабрытанii на медыцынскiя спецыяльнасцi людзi паступаюць пазней, чым у нас. Для таго каб пераканацца, што гэта нялёгкая прафесiя — твая, трэба не адзiн год папрацаваць валанцёрам. Ёсць спецыяльны англiйскi тэрмiн — gap year — гэта нейкi тайм-аўт памiж школай i ВНУ, калi чалавек удзельнiчае ў валанцёрскiх праектах.

Чым, напрыклад, займаюцца добраахвотнiкi, працуючы з цяжкахворымi дзецьмi? Трэба iх i пакармiць, i памыць, i дапамагчы пераапрануцца, i першую дапамогу аказаць... Калi чалавек, маючы такi досвед, уваходзiць у медыцынскую прафесiю, ён ведае i яе адваротны бок: што хворыя людзi могуць быць капрызлiвыя, яны дрэнна пахнуць, патрабуюць да сябе ўвагi. I трэба быць да гэтага падрыхтаваным. Проста калi ты выбiраеш медыцыну, паглядзеўшы серыял «Доктар Хаус», то цябе чакае моцнае расчараванне. Як мы набываем сабе сукенку? Спачатку па вонкавым выглядзе. Так, яна прыгожая. Затым мы яе прымяраем. Калi нам камфортна, то купляем. Вось так прыблiзна трэба i прафесiю выбiраць — спачатку прымераць яе на сябе, а не арыентавацца толькi на вонкавыя крытэрыi накшталт прэстыжная/непрэстыжная, высокааплатная цi не вельмi. У Еўропе вельмi добра развiты стажыроўкi для падлеткаў: можна папрацаваць чорнарабочым на археалагiчных раскопках, кур'ерам, афiцыянтам, на кухнi ў пунктах хуткага харчавання...

Са сваiмi дзецьмi я двойчы прайшла шлях, калi з выбарам прафесii яны мяне паставiлi перад фактам. Дачка, апынуўшыся ў 2011 годзе на месцы трагедыi ў метро, вырашыла для сябе, што яе цiкавiць медыцына катастроф, хоць я была ўпэўнена, што яе будучыня — гэта пiсьменнiцтва, блогiнг, напiсанне сцэнарыяў, капiрайтынг. Яе сачыненнi зачытвалi ўсёй гiмназii. А яна паставiла сабе мэту, дабрала за год патрэбныя веды i паступiла на лячэбны факультэт. I вось
уявiце такую сiтуацыю. Iдуць практычныя заняткi па хiрургii — плануецца аперацыя па ампутацыi канечнасцi. Хлопцы разважаюць пра хуткасць кручэння пiлы, дзяўчаты глядзяць, як медсястра спрытна робiць анестэзiю. А мая дачка, як Мацi Тэрэза, разважае: «Бедная бабуля, як яна будзе цяпер жыць без нагi?» Яе цiкавiць найперш чалавек, як ён будзе змагацца з фiзiчнымi абмежаваннямi. Гэта пiсьменнiцкая рыса. I не магу сказаць, што яна можа перашкодзiць, як i чалавекалюбства. Нi Булгакаву, нi Чэхаву медыцына не перашкодзiла стаць добрымi пiсьменнiкамi. Гэта бяздонная крынiца
сюжэтаў.

Для сына штуршком да выбару ВНУ стаў таксама Яго Вялiкасць Выпадак. Ён проста сустрэў «смачную» тэму для эсэ, якую прапаноўвала напiсаць аўстрыйская бiзнес-школа «Мiграцыя з Афрыкi i Азii ў Еўропу — гэта пагроза цi магчымасцi?». Напiсаў, прайшоў у другi тур, а потым мама пачула: «Я тут паступiў у аўстрыйскую ВНУ. Хочаш — перашкадай, але гэта маё рашэнне». I сказана было так, што я зразумела — лепш яго падтрымаць. Калi ты паважаеш сваё дзiця, трэба прымаць яго рашэннi. Калi твае сын цi дачка вырашылi
не выбiраць адразу пасля заканчэння школы навучальную ўстанову, а прыслухацца да сябе, узяць паўзу, гэта iх рашэнне. Яны ўжо дарослыя! Шукаць сябе — гэта нармальна. Маладосць даецца для таго, каб зразумець, што табе падабаецца.

План «В» i план «С»

Фота depositphotos.com

— Але ў нашых школах выхоўваюць страх перад памылкай... А тут яшчэ i бацькi кажуць «Iдзi, атрымай спачатку хоць нейкую прафесiю, а потым самавыяўляйся». Як да гэтага ставiцца?

— Дзяцей насамрэч адвучваюць дапускаць памылкi, — пагаджаецца Ганна. — Цi часта можна ўбачыць на навуковай канферэнцыi для школьнiкаў работу, у якой дзiця прапанавала б гiпотэзу i ў вынiку абвергла яе, упэўнiўшыся ў яе памылковасцi? Але ж даследаванне не становiцца ад гэтага менш каштоўным. Памылкi — гэта адзiн са складнiкаў поспеху. I людзi, якiя чагосьцi дабiлiся ў жыццi, не хаваюць, што адзiн поспех прыпадае на дзесяць памылак.

Гэта вельмi распаўсюджаны пасыл: мы прыйшлi да вас на кансультацыю, таму што баiмся памылiцца. Проста класiка! Пачынаю тлумачыць, што з Мiнска ў Турын можна праехаць як мiнiмум трыма дарогамi: праз Аўстрыю, Швейцарыю i Славенiю. Галоўнае — ведаць свае моцныя бакi i iмкнуцца iх рэалiзаваць: хоць праз медыцыну, хоць праз прадпрымальнiцтва. Трэба цягнуць сябе за валасы, як барон Мюнхгаўзен, з пункта А ў пункт В. Важна разумець, што ты туды дабярэшся, i няважна, якiм шляхам. Летась я сустракалася са сваiмi аднакласнiкамi: пасля заканчэння школы прайшло 35 гадоў. I, як я яшчэ раз пераканалася, найбольшага поспеху ў жыццi дабiлiся не выдатнiкi, якiя iшлi па дывановай дарожцы, а тыя, каму давялося пераадольваць, прыстастоўвацца i перавучвацца. У мяне палова аднакласнiкаў пайшлi паступаць на гiстарычны факультэт, таму што ў нас быў вельмi яркi i таленавiты настаўнiк. Гэта адна з памылак — выбiраць прафесiю пад уплывам абаяння i харызмы чалавека. Нельга пераносiць стаўленне да прадстаўнiка нейкай прафесii на саму прафесiю. Потым былi няпростыя лёсы...

— Сцяпан, а тваё стаўленне да атрымання адукацыi не змянiлася? Ты будзеш браць паўзу пасля заканчэння лiцэя, улiчваць форс-мажор з пандэмiяй?

— У мяне на сёння ёсць тры варыянты: БДУ, Вышэйшая школа эканомiкi ў Маскве i ВНУ ў Лiтве. У кожнага ёсць як свае плюсы, так i мiнусы. Напрыклад, варыянт з атрыманнем адукацыi ў Лiтве прываблiвае мяне магчымасцю дасканала авалодаць англiйскай мовай. Пакуль што яе веданне не з'яўляецца маiм моцным бокам, — канстатуе хлопец. — Да цэнтралiзаванага тэсцiравання я паўгода рыхтаваўся, таму дакладна буду яго здаваць. Калi штосьцi пойдзе не так, гэта не страшна, таму што я не стаўлю сваю будучыню толькi на паступленне. I нават, калi паступлю, буду i далей развiваць свае праекты. Адно другому не перашкаджае. Вельмi далёка не зазiраю, таму што свет вакол нас iмклiва змяняецца. Так, пэўныя планы ў рамках TeenStart ёсць. Таксама мы з партнёрам дапамагаем зараз iншым адукацыйным праектам рабiць свае запускi i выбудоўваць маркетынг.

— Як бачыце, стаўка робiцца толькi на сябе. Ёсць i план «В», i план «С». I нават калi будуць змяняцца правiлы гульнi i ўмовы для паступлення, гэта няважна, — каментуе Ганна. — Важным з'яўляецца псiхiчнае здароўе, вера ў сябе, права на памылку, з якой ты вынесеш правiльныя ўрокi. Калi Аляксей Ляонаў выходзiў першы раз у космас, дзе людзей яшчэ не было, нягледзячы на ўсе тэарэтычныя разлiкi, ён моцна рызыкаваў. Вось i ўступленне ў дарослае жыццё можна параўнаць з выхадам у космас. Тут няма адназначна правiльных рашэнняў. Ёсць задачы, якiя трэба вырашыць. Ёсць розныя спосабы i няма адзiнага правiльнага адказу, якi ў канцы падручнiка можна падгледзець. I падагнаць рашэнне пад правiльны адказ нельга. I адказнасць за выбар ляжыць ні на мацi, нi на бацьку, нi на мiнiстры адукацыi, а на тым чалавеку, якi гэтае рашэнне прымае.

Умовы задачы будуць змяняцца непасрэдна ў працэсе яе рашэння. Гэта называецца турбулентнасцю, крызiсам, рэцэсiяй... Таму запрашаю ў дарослае жыццё без iлюзiй!

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.