Вы тут

Кiраўнiк Еўрапейскага рэгiянальнага бюро СААЗ: Гэты вiрус застанецца з намi надоўга


Калi з'явiцца вакцына ад каранавiруснай iнфекцыi, невядома. Але распрацоўкi яе вядуцца вельмi актыўна, у тым лiку найлепшымi вучонымi i вядучымi фармкампанiямi. Другая хваля ўспышкi захворвання не з'яўляецца непазбежнай, але, улiчваючы той факт, што ўсё больш краiн пачынаюць здымаць каранцiнныя абмежаваннi, выключаць новы ўсплёск захворвання нельга. Пра гэта паведамiў Дырэктар Еўрапейскага рэгiянальнага бюро Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя (СААЗ) Ханс Клюге.


Ён нагадаў, што ў Еўропе зафiксавана 2,2 мiльёна выпадкаў COVID-19, больш за 180 тысяч чалавек памерла.

— Нягледзячы на тое што колькасць новых выпадкаў знiзiлася амаль удвая ў параўнаннi з красавiком, рызыкi застаюцца высокiмi, — падкрэслiў эксперт.

Ён заўважыў, што ў некаторых краiнах сiтуацыя стабiлiзавалася, i ў якасцi прыкладу прывёў Расiю i Украiну.

— Другая хваля захваральнасцi не з'яўляецца непазбежнай. Але ўсё больш краiн здымаюць абмежаваннi. Таму ёсць рызыкi паўтарэння ўсплёску, калi не купiраваць гэтыя ачагi, — папярэдзiў кiраўнiк Еўрапейскага рэгiянальнага бюро СААЗ.

Ён адзначыў, што справы ў барацьбе з iнфекцыяй зараз абстаяць не лепш, чым у пачатку гэтага года: па-ранейшаму няма нi вакцыны, нi спецыфiчнага лячэння ад COVID-19.

— Але калi здарыцца новы ўсплёск, мы будзем лепш падрыхтаваны, бо лепш разумеем вiрус, — сказаў Ханс Клюге.

Ён нагадаў, што эфектыўнымi мерамi застаюцца выяўленне i абследаванне ўсiх падазроных выпадкаў i своечасовае аказанне дапамогi тым, хто мае ў ёй патрэбу.

— Гэты вiрус застанецца з намi надоўга, пакуль не з'явiцца вакцына. Робяцца вялiзныя намаганнi для яе распрацоўкi. Калi вакцына з'явiцца, СААЗ зробiць усё, каб яна распаўсюджвалася па справядлiвым прынцыпе. Пакуль усiм нам важна быць пiльнымi i паводзiць сябе адказна, — канстатаваў эксперт.

Старшы спецыялiст па пытаннях надзвычайных сiтуацый Еўрапейскага рэгiянальнага бюро СААЗ Катрын Смолвуд паведамiла, што ў працэсе распрацоўкi знаходзiцца каля 30 вакцын ад COVID-19, каля дзевяці праходзяць клiнiчныя выпрабаваннi.

— Гэта новы вiрус, якi нядаўна з'явiўся ў чалавечай папуляцыi. Вядомы iншыя каранавiрусы — SARS, MERS, аднак вакцыны супраць iх не будуць дзейнiчаць на COVID-19. Важна, каб новая вакцына была даступная ўсiм. I яна павiнна прайсцi ўсе клiнiчныя выпрабаваннi, каб быць бяспечнай для чалавека, — адзначыла Катрын Смолвуд.

Прадстаўнiк СААЗ Iгар Перагiнец паведамiў, што ў некаторых краiнах рэгiёна заразiлiся каля 10-20 % медыкаў. Пры гэтым спецыялiст параiў не лiчыць, колькi медыкаў iнфiцыравана, а глядзець, цi маюцца цяпер для iх сродкi iндывiдуальнай аховы.

Па стане на 3 чэрвеня ў Беларусi зафiксавана 45 116 выпадкаў COVID-19. З iх 20 171 пацыент паправiўся i выпiсаны, 248 хворых з часу распаўсюджання iнфекцыi выратаваць не ўдалося. Усяго праведзена 573 699 тэстаў. За апошнiя суткi прырост склаў 861 новы выпадак, 976 пацыентаў паправiлiся, пяць — памерлi, праведзены 10 754 тэсты.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?