Да Сусветнага дня навакольнага асяроддзя, які адзначаецца 5 чэрвеня, у Заводскім раёне Мінска з’явіцца яшчэ адзін цудоўны куток прыроды — новы ўчастак экалагічнай сцежкі працягласцю 615 метраў. Ён знаходзіцца ў межах вуліцы Убарэвіча — вуліцы Галадзеда — Мінскага заапарка, тэрыторыя прылягае да Свіслачы.
Як паведамляе Мінстэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у пачатку сцежкі абсталяваны дзве дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі з гульнявым абсталяваннем і лабірынт-віктарына. У паніжаных месцах маюцца два пешаходных пераходных мастка. Уздоўж экалагічнай сцежкі створаны пяць аглядных пляцовак з інфармацыйнымі стэндамі і месцамі для адпачынку, тры аглядныя пляцоўкі з відам на водную роўнядзь, дзве «кішэні» з лавачкамі для адпачынку.
5 чэрвеня 2018 года была адкрыта першая чарга аб’екта «Экалагічная сцежка». Маршрут працягласцю 772 метры пракладваўся па ўжо існуючай сетцы. Ён праходзіць праз аб’екты, якія маюць прыродаахоўную і эстэтычную каштоўнасць. Уздоўж сцежкі абсталявана пяць аглядных пляцовак з інфармацыйнымі стэндамі і месцамі для адпачынку. Адна з іх прызначана для пікнікоў, некалькі дзіцячых — для гульняў. Таксама маюцца шэсць «кішэняў» з лаўкамі. У пачатку і ў канцы сцежкі створана дзве ўваходныя групы з месцамі для адпачынку і інфармацыйнымі стэндамі, а таксама дзве дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі з абсталяваннем і адна дзіцячая адукацыйная пляцоўка. Тут жывуць вужы, гняздуюцца рэдкія віды птушак, растуць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Уваходы на экасцежку размешчаны з боку вуліцы Убарэвіча, 10.
Адкрыццё другой чаргі аб’екта «Экалагічная сцежка» адбудзецца а 15:00.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: lookmytrips.com
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.